Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Расея пачала інфармацыйную падрыхтоўку да актывізацыі баявых дзеяньняў на поўначы Ўкраіны


Чарнігаў пасьля расейскіх абстрэлаў. 2022. Архіўнае фота
Чарнігаў пасьля расейскіх абстрэлаў. 2022. Архіўнае фота

Уладзімір Пуцін паставіў задачу перад Міністэрствам абароны Расеі спыніць абстрэлы Ўкраінай расейскіх памежных гарадоў.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) канстатавалі, што Расея пачала інфармацыйную кампанію для падрыхтоўкі новых вайсковых рэйдаў у паўночна-ўсходнія раёны Ўкраіны, але па-ранейшаму лічаць малаімаверным новы наступ расейскага войска зь беларускай тэрыторыі.

Да такой высновы экспэрты прыйшлі, аналізуючы зьмест нарады, якую прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін правёў 1 лютага, каб абмеркаваць аднаўленьне жылой інфраструктуры ў Крыме, Белгарадзкай, Бранскай і Курскай абласьцях пасьля абстрэлаў. На нарадзе Пуцін паставіў задачу перад Міністэрствам абароны спыніць абстрэлы Ўкраінай расейскіх памежных гарадоў.

«Засяроджанасьць Пуціна на меркаванай небясьпецы абстрэлаў Украінай памежных рэгіёнаў, хутчэй за ўсё, служыць дзьвюм мэтам — для стварэньня ўнутранай падтрымкі працяглай вайны, а таксама ўмоў для эскаляцыі транспамежных рэйдаў, каб адцягнуць і расьсеяць украінскія сілы ад крытычных кірункаў наступу, прыціснуўшы іх да паўночна-ўсходніх памежных раёнаў», — адзначаецца ў справаздачы Інстытута вывучэньня вайны.

ISW працягвае ацэньваць, што расейскае ўварваньне зь Беларусі «вельмі малаімавернае».

Брытанская выведка: Расея падарвала свой аўтарытэт «надзейнага экспартэра зброі»

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявілі, што ўплыў Расеі на міжнародным рынку зброі зьменшыўся да пачатку ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, а пасьля яго аўтарытэт надзейнага экспартэра зброі ўвогуле падарваны.

«Цяпер Расея хутчэй будзе аддаваць перавагу разьмяшчэньню сваёй новай зброі ва Ўкраіне, чым пастаўкам экспартным партнэрам. Дэфіцыт камплектуючых можа паўплываць на вытворчасьць тэхнікі на экспарт, напрыклад бранятэхнікі, ударных верталётаў і сыстэм супрацьпаветранай абароны. Акрамя таго, здольнасьць Расеі падтрымліваць паслугі ў дзейных экспартных кантрактак, такія як пастаўкі запасных частак і тэхнічнае абслугоўваньне, пэўна, будзе сур’ёзна парушаная як мінімум цягам наступных трох-пяці гадоў», — адзначылі ў брытанскай выведцы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG