Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расплата за вайну і палітычны тэрор. Чаму Эўразьвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць Беларусі


Сустрэча расейскіх пілётаў у Беларусі падчас вайны ва Ўкраіне
Сустрэча расейскіх пілётаў у Беларусі падчас вайны ва Ўкраіне

Карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі са спасылкай на атрыманыя ім дакумэнты паведамляе, што Эўрапейскі Зьвяз падрыхтаваў новы пакет санкцый супраць Беларусі за яе ролю ў падтрымцы поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Сьцісла:

  • З чэрвеня мінулага году ЭЗ ня ўводзіў новых санкцый адносна Беларусі. Такім падыходам ЭЗ паказваў, што бачыць розьніцу ў падыходах Масквы і Менску да вайны супраць Украіны.
  • Цяпер у Брусэлі ўбачылі, што Лукашэнка хоць і не пасылае сваё войска на вайну, аднак і дыстанцыявацца ад Расеі не жадае.
  • Вайна ва Ўкраіне стала вайной на зьнясільваньне. І ў такой сытуацыі непазьбежна робіцца стаўка на зьнясільваньне праціўніка і ягоных саюзьнікаў.
  • Таксама трыгерам новых санкцый ЭЗ стала ўнутраная палітыка лукашэнкаўскага рэжыму. Гэта цэлая сыстэма мер, накіраваных на ўзмацненьне палітычнага тэрору супраць апазыцыі. А таксама комплекс захадаў супраць замежнага капіталу.

Прапанаваныя санкцыі шмат у чым дублююць абмежаваньні, якія Эўразьвяз ужо ўвёў супраць Расеі, у прыватнасьці, што да энэргетычнага сэктару і экспарту ключавых тэхналёгій. Новыя абмежавальныя крокі адносна Беларусі плянуецца ўвязаць з 10-м пакетам санкцый супраць Расеі.

Абодва дакумэнты плянуецца прыняць на наступным тыдні. Хоць, паводле ранейшай інфармацыі, 10-ы пакет санкцый супраць Расеі меркавалася прыняць напрыканцы лютага.

Што важна адзначыць, дакумэнт прадугледжвае магчымасьць выкарыстоўваць так званыя «другасныя санкцыі». То бок ён дазволіць ЭЗ перасьледаваць тых, хто дапамагае абыходзіць санкцыі, накладзеныя на беларускіх фізычных і юрыдычных асоб.

Варта зрабіць заўвагу, што пакуль інфармацыя неафіцыйная і гаворка ідзе пра намер, праект. Для прыняцьця рашэньня патрэбен кансэнсус усіх 27 краін-чальцоў ЭЗ. Нельга выключаць, што якая-небудзь дзяржава (напрыклад, Вугоршчына) заблякуе новы пакет.

Прыняцьцё новых санкцый адносна Беларусі было анансавана старшынёй Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен 10 студзеня. Падрабязнасьці зьявіліся толькі цяпер.

Адметна, што з чэрвеня мінулага году ЭЗ ня ўводзіў новых санкцый адносна Беларусі, хоць супраць Расеі такія абмежаваньні прымаліся за гэты час некалькі разоў. Такім падыходам ЭЗ паказваў, што не атаясамлівае віну Беларусі і Расеі ў вайне супраць Украіны, бачыць розьніцу ў падыходах Масквы і Менску, улічвае, што беларускае войска непасрэдна ў агрэсіі ня ўдзельнічае. Таму РФ атрымала значна мацнейшыя санкцыі, чым Беларусь. І такой дыфэрэнцыяцыяй ЭЗ даваў Лукашэнку шанец для адступленьня.

Трэба адзначыць, што апошнім часам удзел Беларусі ў вайне супраць Украіны хутчэй зьменшыўся. З кастрычніка беларуская тэрыторыя не выкарыстоўваецца Расеяй дзеля запуску ракет ці дронаў. Паводле апошняй інфармацыі ўкраінскай выведкі, колькасьць расейскіх войскаў у Беларусі зьменшылася прыкладна да 5 тысяч.

Тады чаму менавіта цяпер ЭЗ вырашыў прыняць новыя санкцыі адносна Беларусі? Дакладна адказаць на гэтае пытаньне складана. Можна выказаць толькі вэрсіі.

Магчыма, на працягу апошніх паўгода паміж рознымі эўрапейскімі сталіцамі ішлі дыскусіі пра тое, ці варта караць беларускі рэжым новымі санкцыямі. І цяпер у выніку спрэчак эўрапейскія лідэры сасьпелі для прыняцьця кансалідаванага рашэньня. У Брусэлі ўбачылі, што Лукашэнка хоць і не пасылае сваё войска на вайну, аднак і дыстанцыявацца ад Расеі не жадае. А гэта, мусіць, чакалася.

Акрамя таго, дзейнічае лёгіка канфлікту. Падчас доўгай канфрантацыі ня можа працяглы час захоўвацца статус-кво. Альбо ваенны канфлікт ідзе да прымірэньня, альбо да эскаляцыі. У нас якраз апошні выпадак. А ў такой сытуацыі не да цырымоній, тонкасьцяў і нюансаў у пазыцыях бакоў канфлікту.

Вайна ва Ўкраіне стала вайной на зьнясільваньне. Пры такім стане рэчаў непазьбежна робіцца стаўка на зьнясільваньне праціўніка і ягоных саюзьнікаў. Не выпадкова 10-ты пакет санкцый распаўсюджваецца ня толькі на Беларусь, але і на іншага расейскага саюзьніка — Іран.

Мяркую, трыгерам новых санкцый ЭЗ стаў і яшчэ адзін чыньнік. Гэта ўнутраная палітыка лукашэнкаўскага рэжыму, які прыняў цэлую сыстэму мер, накіраваных на ўзмацненьне палітычнага тэрору супраць апазыцыі. А таксама комплекс захадаў супраць замежнага капіталу, адмова плаціць даўгі крэдыторам у валюце і інш. Вось гэтая эвалюцыя рэжыму ў бок таталітарызму і сьвядомая адмова ад правілаў і нормаў, паводле якіх функцыянуе эканоміка ў сьвеце, стала яшчэ адной з падставаў пераходу да больш жорсткай размовы з афіцыйным Менскам.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG