Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як за год зьмянілася стаўленьне беларусаў да вайны. Тлумачыць сацыёляг Вардамацкі


Баі каля Бахмута Данецкай вобласьці, студзень 2023
Баі каля Бахмута Данецкай вобласьці, студзень 2023

Якім у 2022 годзе было стаўленьне беларусаў да розных аспэктаў вайны ва Ўкраіне? Ці мянялася гэтае стаўленьне цягам году? Ці лічаць беларусы сваю краіну саўдзельніцай расейскай агрэсіі?

На гэтыя пытаньні адказвае сацыёляг, прафэсар Андрэй Вардамацкі.

Сьцісла

  • Стаўленьне беларусаў да розных аспэктаў вайны ва Ўкраіне, якая пачалася 24 лютага летась, сфармавалася практычна адразу і потым не мянялася.
  • На працягу году назіраўся рост долі адказаў «Цяжка адказаць» на пытаньні, зьвязаныя з вайной.
  • Частка грамадзтва разгубілася пад узьдзеяньнем супярэчлівых і супрацьлеглых патокаў інфармацыі.
  • Беларускае грамадзтва ад самага пачатку вайны аказалася вельмі кансалідаваным у нежаданьні, каб у баявых дзеяньнях удзельнічала беларускае войска.
  • Гэта тлумачыцца генэтычнай памяцьцю народу аб шматлікіх разбуральных войнах, якія адбываліся на беларускай тэрыторыі.
  • Грамадзтва падзелена на два інфармацыйныя коканы — на тых, чый лёзунг «Не — вайне», і тых, для каго «вайны няма».
  • Зь цягам часу мяняюцца наратывы беларускай прапаганды: спачатку яна вельмі актыўна ўхваляла расейскую агрэсію; цяпер пераключылася на стварэньне пазытыўнага вобразу Расеі як такой.
  • Пераважная большасьць беларусаў ня лічыць, што іх краіна ўдзельнічае ў вайне.
  • Сярод праблемаў, якія найбольш хвалююць беларусаў, упершыню зьявілася вайна.
  • Вайна як праблема для іх — гэта рызыка ўцягваньня беларускага войска ў баявыя дзеяньні.

— Як на працягу 2022 году мянялася стаўленьне беларусаў да вайны, якая пачалася 24 лютага? Вы ў апытаньнях вывучалі розныя аспэкты гэтага стаўленьня — адносіны да разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх войскаў, да выкарыстаньня іх для нападаў на Ўкраіну, да пазыцыяў бакоў (Расеі і Ўкраіны), нарэшце, да пажаданасьці ўдзелу Беларусі ў вайне сваім войскам. Якой была дынаміка адказаў?

— Было некалькі хваляў дасьледаваньняў. Кароткі адказ на вашае пытаньне пра дынаміку: дынаміка, па сутнасьці, адсутнічала. Першыя вынікі былі атрыманыя ў сакавіцкім апытаньні.

Але і далей яны, у прынцыпе, заставіліся такімі ж. І гэта даволі дзіўна, што стаўленьне да той ці іншай зьявы практычна не мяняецца.

Андрэй Вардамацкі. Архіўнае фота
Андрэй Вардамацкі. Архіўнае фота

Ваганьні паказьнікаў калі і адбываюцца, то ў межах памылкі рэпрэзэнтатыўнасьці.

Пэўныя прыкметныя зьмены адбыліся ў долі рэспандэнтаў, якія выбіралі варыянт рэакцыі «Цяжка адказаць». Гэтая група ад апытаньня да апытаньня павялічвалася.

У пытаньні пра стаўленьне да прысутнасьці ў Беларусі расейскіх войскаў у сакавіку выбралі варыянт «Цяжка адказаць» 6,7%, у верасьні — ужо 18,6%.

Чым гэта можна патлумачыць? Першае тлумачэньне — што больш моцна дзейнічае эфэкт сацыяльнай пажаданасьці. Пытаньне зь цягам часу робіцца больш адчувальным, сэнсытыўным. Ёсьць нейкая «афіцыйная генэральная лінія», і рэспандэнты не хацелі б пэўна на гэтае пытаньне адказваць.

— Шмат хто тлумачыць такія эфэкты фактарам страху. У Расеі за антываенныя выказваньні людзей у вялікай колькасьці прыцягваюць да адказнасьці, ёсьць такія выпадкі і ў Беларусі. Магчыма, людзі проста баяцца шчыра адказваць, бо асьцерагаюцца, што іхная думка стане вядомая ўладам і за «ня тую» пазыцыю пакараюць? Ці гэта больш сацыяльна-псыхалягічны фэномэн? У ЗША падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году многія з тых, хто прагаласаваў за Трампа, падчас апытаньняў не прызнаваліся ў намеры гэта зрабіць.

За такое галасаваньне нікога б у ЗША не пасадзілі, але прызнацца ў намеры галасаваць за Трампа было не камільфо. Рост адмоваў ад пэўнага адказу ў беларускіх апытаньнях — гэта прамы страх наступстваў ці вось такое нежаданьне быць не камільфо?

— Я больш гаварыў бы пра страх. Хаця мае месца і тое, што сказалі вы — нежаданьне выказваць думку, якая ідзе ўразрэз з афіцыйнай. Гэта таксама эфэкт сацыяльнай пажаданасьці, які мае гэтыя два складнікі.

Але ёсьць і іншыя тлумачэньні гэтага росту колькасьці адказаў «Цяжка адказаць». Па меры паступленьня большых аб’ёмаў супярэчлівай інфармацыі некаторым людзям робіцца сапраўды цяжка адказаць, цяжка сфармуляваць сваю пазыцыю.

З аднаго боку, паступае інфармацыя расейскіх мэдыя з наратывам, паводле якога гэта справядлівая вайна, што яна ня супраць Украіны, а супраць кучкі кепскіх хлопцаў, якія захапілі ўладу ў Кіеве і ўсім кіруюць пад амэрыканскую дудку.

Яшчэ адно пасланьне гэтага наратыву — што «праца» ідзе толькі высокадакладнай зброяй. З другога боку, паступае інфармацыя ад украінскіх крыніц, ад беларускіх недзяржаўных мэдыя. І некаторыя беларусы разгубіліся.

Я ўжо сказаў, што дынамікі стаўленьня, па сутнасьці, няма. Але рост долі тых, хто не дае пэўных адказаў, сьведчыць пра тое, што дынаміка можа зьявіцца. Тыя, хто выбірае «Цяжка адказаць», могуць у будучыні заняць ці адну, ці другую пэўную пазыцыю.

— Чым адрозьніваюцца адказы на розныя пытаньні пра стаўленьне да цяперашняй вайны Расеі з Украінай?

— У адказах на прамое пытаньне: «Каго вы больш падтрымліваеце ў канфлікце — Расею ці Ўкраіну?» перавага на баку Ўкраіны. Але ў адказах на пытаньне аб прычынах вайны мы назіраем «геапалітычны вінэгрэт». У адказах няма дамінанты. Пра тое, што вінаватая Расея, гаворыць прыкладна чвэрць беларусаў, і гэта першая пазыцыя ў герархіі. Але выразнай дамінанты няма і непасрэдна за Расеяй у якасьці вінаватых — ЗША і NATO; пэўная частка апытаных ускладае віну на Ўкраіну.

Характэрна, што немалая частка апытаных ускладае адказнасьць за вайну на ўсіх — і на Расею, і на Ўкраіну, і на Захад, і на Кітай.

Можна сказаць, што сфармаваліся два інфакоканы, ці два інфармацыйныя полюсы. Лёзунг аднаго зь іх «Не — вайне», лёзунг другога — «Вайны няма».

Першы полюс — гэта пазыцыя дыяспары і інфармацыйна прасунутых беларусаў.

Другі полюс — гэта тыя людзі, якія не адчуваюць прысутнасьці вайны, яны маюць мала інфармацыі пра тое, што адбываецца.

— У вашых дасьледаваньнях вы пыталіся ў людзей, ці ўдзельнічае Беларусь у вайне? Усе ці многія ведаюць, што расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі нападалі на Ўкраіну, з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну ляцяць расейскія ракеты. Але больш за 60% апытаных адказваюць, што Беларусь не зьяўляецца саўдзельніцай ваеннага канфлікту. Гэта ня толькі прыхільнікі Лукашэнкі. Частка з тых, хто так адказваюць, думаюць, што Беларусь акупаваная Расеяй, што гэтыя напады — гэта вайна Пуціна і Лукашэнкі. А Беларусь тут ні пры чым. Ці так ужо разьдзеленыя тыя інфармацыйныя коканы, пры якія вы сказалі?

— Ключавым сярод «ваенных» індыкатараў зьяўляюцца адказы на пытаньне «Як вы ставіцеся да магчымага ўводу беларускіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны для ўдзелу ў ваенных дзеяньнях?». І ў адказах на гэтае пытаньне двух інфармацыйных коканаў няма. Тут ёсьць дакладная кансалідацыя — больш за 80% даюць адмоўны адказ.

Што тычыцца адказаў на іншыя пытаньні (пра знаходжаньне расейскіх войскаў у Беларусі, пра іх дзеяньні супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі), тут такой кансалідаванасьці няма.

Што да пытаньня, ці ўдзельнічае Беларусь у ваенным канфлікце, то пераважная большасьць беларусаў дае адмоўны адказ. І гэта люстэркава кантрастуе з адказамі падчас апытаньняў ва Ўкраіне, дзе больш за 80% лічаць, што Беларусь — саўдзельніца агрэсіі.

Што тычыцца кансалідаванага адмоўнага стаўленьня да ўдзелу Беларусі ў вайне сваім войскам, то яно ўражвала і маштабамі, і хуткасьцю яго фармаваньня. За 30 гадоў сацыялягічных дасьледаваньняў я не магу прыгадаць, каб больш за 80% рэспандэнтаў дэманстравалі аднолькавае стаўленьне да чаго заўгодна.

Тое, што такое стаўленьне сфармавалася вельмі хутка, я тлумачу так: гэта імгненная праца генэтычнай памяці народу. Празь беларускія землі ў гісторыі пракочваліся шматлікія войны, Беларусь у іх страчвала да траціны насельніцтва.

І гэтыя шматлікія войны сфармавалі мэханізм непрыняцьця вайны. І ён спрацаваў імгненна, у першыя дні пасьля 24 лютага 2022 году.

— Вы сказалі, што многія не заўважаюць вайну, кіруюцца прынцыпам, што яе няма. А ў якой ступені грамадзтва ў цэлым успрымае яе як праблему, як пагрозу?

— У вельмі высокім. У апытаньні канца 2022 году мы задавалі пытаньне, якія праблемы рэспандэнты лічаць галоўнымі для сябе. І ў топе дзьве праблемы — вайна і нізкі ўзровень даходаў.

І для рэспандэнтаў праблемай зьяўляецца не сама па сабе вайна ва Ўкраіне, а рызыка ўцягваньня ў яе Беларусі.

У папярэднія гады ў аналягічных апытаньнях, якія мы рабілі пад Новы год, такой сытуацыі ніколі не было, каб самымі вострымі былі дзьве праблемы, прыкладна роўныя па вастрыні.

Звычайна зь велізарным адрывам дамінавала эканамічная праблематыка.

Вайна ў пералік самых важных, вострых праблемаў выйшла не адразу. Істотным штуршком у гэтым кірунку была мабілізацыя ў Расеі.

— Мабілізацыя ці прывоз тысяч мабілізаваных у Беларусь на вайсковы вышкал?

— Сама па сабе мабілізацыя. Я гаварыў аб пранікненьні расейскага наратыву ў беларускую масавую сьвядомасьць. У гэтага працэсу было некалькі этапаў.

Напачатку вайна падавалася і ў беларускіх, і ў расейскіх дзяржаўных СМІ інтэнсіўна і аднолькава. Але на цяперашнім этапе беларускія СМІ сталі падаваць вельмі мала інфармацыі пра ваенныя дзеяньні. Дамінанта зрушылася на прасоўваньне пазытыўнага вобразу Расеі.

Цікава адзначыць, што ў масавай сьвядомасьці няма адчуваньня пагрозы з боку Расеі. Мы гэта зафіксавалі яшчэ ў часы расейскай анэксіі Крыму. Я тады назваў гэта «геапалітычным рамантызмам».

Ён прысутнічае, і ён не зьмяніўся. І ён падтрымліваецца інфармацыяй беларускіх дзяржаўных СМІ, якія фармуюць пазытыўны вобраз Расеі.

— Паводле дадзеных вашага апошняга апытаньня, самая моцная эмоцыя, якую адчуваюць беларусы — гэта надзея. На што? На перамогу сваіх? На тое, што гэты дʼябальскі тлум скончыцца? На тое, што беларусаў у гэта ня ўцягнуць?

— На ўсё тое, што вы пералічылі. Мы задавалі пытаньне «Якія пачуцьці вы адчуваеце адносна надыходзячага году?», і там былі варыянты адказаў: надзея, заклапочанасьць, няпэўнасьць. Надзея заняла галоўную пазыцыю (51%), 30% — заклапочанасьць і астатняе — няпэўнасьць.

Цікава, што гэтыя лічбы амаль супадаюць з тымі, што былі ў канцы 2021 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG