Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Полюсы» беларускага грамадзтва татальна не прымаюць адзін аднаго — ацэнка сацыёляга


Як у Беларусі зьмяніўся давер да рэжыму з 2021 году? Ці ня ёсьць дадзеныя сацыялягічных дасьледаваньняў вынікам фактару страху? У якім сэнсе тыя, хто давярае рэжыму, — яго бэнэфіцыяры? Наколькі глыбокі раскол у беларускім грамадзтве і як ён вымяраецца?

На гэтыя пытаньні адказвае сацыёляг Філіп Біканаў.

Сьцісла:

  • Рост даверу да ўлады адбыўся за кошт «нэўтралаў».
  • Гэты рост немагчыма патлумачыць толькі дзеяньнем фактару страху.
  • Людзі могуць баяцца адказваць на пытаньне пра стаўленьне да Лукашэнкі, але яны не баяцца адказваць на пытаньне пра стаўленьне да дзяржаўных СМІ.
  • Улады здолелі «прадаць» нэўтральнай частцы грамадзтва, што яны ратуюць краіну ад катастрофы, ад уцягваньня яе ў вайну.
  • Зацятыя прыхільнікі ўлады бяднейшыя за зацятых праціўнікаў улады
  • У нас «яднаньне вакол сьцяга» неклясычнае. Як той казаў, які сьцяг, такое і яднаньне.
  • Мы прапаноўвалі дзьвюм паловам выбаркі расейскую і ўкраінскую вэрсію падзей у Бучы. У абедзьвюх паловах большасьць выказала недавер ці няўпэўненасьць у прапанаванай ім вэрсіі.
  • Мы бачым у нашых апытаньнях, што ёсьць дзьве вялікія часткі грамадзтва, якія лічаць адна адну пагрозай. Па шкале Багардуса яны адны да адных ставяцца горш, чым да алькаголікаў. Гэтыя групы татальна не прымаюць адна адну.

— Вынік вашых апытаньняў, які вы агучылі нядаўна: за 7 месяцаў, з кастрычніка 2021 году па травень 2022 году — давер да ўлады ў Беларусі павялічыўся на 10 адсоткавых пунктаў, да 48%. Рэпрэсіі працягваюцца, закранаюць новыя колы людзей, пачалася вайна, беларускую тэрыторыю расейцы выкарыстоўваюць для яе вядзеньня — чаму ж павялічыўся давер да ўлады, якая ўсё гэта робіць ці дапускае?

Філіп Біканаў
Філіп Біканаў

— Ня трэба думаць, што людзі, якія былі зацята супраць Лукашэнкі ў 2020 годзе, цяпер сталі яму давяраць. Яны — не.

Рост адбыўся за кошт «нэўтралаў». Тут дзейнічаў ня толькі эфэкт «яднаньня вакол сьцяга». Таксама варта ўлічыць, што шмат людзей эмігравала. І калі масава зьяжджаюць апанэнты ўлады, то ў выніку ў краіне давер да ўлады расьце, бо эмігранты выключаюцца з падліку.

— Ці ня можа такі вынік быць наступствам умацаваньня дзеяньня фактару страху? Адсотак адмоваў ад адказу — ці павялічыўся ён з кастрычніка па травень?

— Так, ён зьмяніўся. Доля адмоваў значна ўзрасла. Але мы пракантралявалі ўплыў гэтага чыньніку. Людзі бачаць пэўныя сэнсытыўныя, адчувальныя пытаньні, на якія яны ня хочуць адказваць. І многія пасьля такіх пытаньняў проста спыняюць удзел у апытаньні.

Але ў траўні 2022 году мы апыталі два масівы рэспандэнтаў з крыху адрознымі пытаньнямі. Першаму масіву ў траўні задаваліся такія вострыя, адчувальныя пытаньні, як пытаньне пра ўхваленьне ці неўхваленьне дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі. І пасьля гэтага пытаньня была найбольшая колькасьць адмоваў ад працягу ўдзелу ў апытаньні.

Таксама ў траўні 2022 году на іншай онлайн-панэлі мы скарысталіся іншым наборам пытаньняў, сярод якіх не было пытаньня наўпрост пра стаўленьне да Лукашэнкі.

І там адсотак адмоваў, «саскокаў» быў амаль такі самы, як і ў кастрычніцкім 2021 году апытаньні.

Ня ўсё пытаньні аднолькава страшныя для рэспандэнтаў. І мы высьвятлялі стаўленьне да ўсёй сукупнасьці інстытутаў улады і інстытутаў, якія ёй супрацьстаяць.

Нельга сказаць, што мы выключылі ўзьдзеяньне фактару страху. Паляпшэньне стаўленьня да Лукашэнкі было яшчэ большае. Гэта, відавочна, у значнай ступені вынік страху, нежаданьня шчыра адказваць.

Але давер да сыстэмы ўлады вырас у значна меншай ступені. І дынаміка стаўленьня да сукупнасьці інстытутаў улады была аднолькавая у абедзьвюх травеньскіх панэлях.

— Вы ў вашым дасьледаваньні пішаце, што давер да ўлады, якім вы апэруеце, — гэта не зусім давер да Лукашэнкі. А да каго? Як вы фармавалі групы?

— У сьпісе, які мы прадстаўлялі рэспандэнтам, 19 пазыцый. І там фігуруюць і КДБ, і міліцыя, і дзяржаўныя мэдыя, але і «асобы, якіх лічаць палітвязьнямі», і «людзі, якія не прызнаюць афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году». Чалавек можа спужацца адказваць на пытаньне пра стаўленьне да КДБ, але наўрад ці чалавека вельмі напалохае пытаньне пра стаўленьне да дзяржаўных СМІ.

Працэдура кластэрнага аналізу аднясе такога рэспандэнта да сэгмэнту, да якога ён сапраўды належыць. Людзі не палохаюцца любых пытаньняў, ня хлусяць ад страху па ўсіх пытаньнях. Па выніках адказаў у нас сфармаваліся 4 сэгмэнты — зацятыя прыхільнікі ўлады, тыя, хто хутчэй давярае ўладзе, ты, хто хутчэй не давярае ўладзе, і зацятыя праціўнікі ўлады.

Нашы вынікі адпавядаюць вынікам іншых дасьледных камандаў. Цалкам выключыць фактар страху мы ня можам.

Але варта ўлічваць, што мы апытваем інтэрнэтызаваную частку грамадзтва, мы не апытваем вёску. Так што ў нас больш адукаваная і грамадзка актыўная выбарка, чым насельніцтва ў цэлым. Так што, магчыма, мы і не зусім дакладна адлюстроўваем сытуацыю ў грамадзтве. Але я мяркую, што вынікі нашых апытаньняў бліжэйшыя да рэальнай сытуацыі, чым карціна сьвету, якая ёсьць у галовах людзей, упэўненых у тым, што Лукашэнку ненавідзяць 97% беларусаў.

— Як суадносяцца ацэнкі становішча сваёй сям’і і становішча ў краіне ў тых, хто давярае і хто не давярае ўладзе?

— Тыя, хто давярае ўладзе, схільныя больш станоўча ацэньваць і становішча сваёй сямʼі, і становішча ў краіне ў цэлым. У нас ёсьць індэкс сямʼі — гэта індэкс, які апісвае маральны і матэрыяльны стан сямʼі рэспандэнтаў. Іншыя індэксы апісваюць стаўленьне да ўлады, стаўленьне да пэрспэктываў краіны. Ды вось тыя, хто давярае ўладзе, ацэньваюць становішча сваёй сямʼі горш, чым становішча ў краіне ў цэлым. А тыя, хто не давярае ўладзе, — наадварот, лепш ацэньваюць становішча сваёй сямʼі, чым становішча ў краіне. Лукашэнка, улады здолелі сваім прыхільнікам і нават «нэўтралам» «прадаць» вэрсію, што ўсё магло быць значна горш, чым яно ёсьць, што ўлада прадухіліла ўцягваньне краіны ў вайну.

— Тыя, хто давярае рэжыму — яны яму давяраюць таму, што ён ім выгадны, ці таму, што ён адпавядае іх каштоўнасьцям?

— Цяперашні рост даверу да ўлады — сытуацыйны, эмацыйна матываваны. Тыя, хто вельмі давярае ўладзе, і тыя, хто цалкам не давярае ёй, адрозьніваюцца паводле ўзроўню даходаў. Зацятыя прыхільнікі ўлады бяднейшыя за зацятых праціўнікаў улады.

— Дык як патлумачыць тое, што бяднейшыя людзі больш задаволеныя становішчам сваёй сямʼі, чым больш заможныя?

— Гэта субʼектыўныя ацэнкі. Адзін задаволены і сьціплым даходам, іншаму не хапае і ў два разы вышэйшага. Хтосьці хоча большага, лепшага. А іншаму галоўнае, каб горш ня стала. Людзі, якія давяраюць уладзе, схільныя да расейскага настальгічнага наратыву наконт трыадзінага народу беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў. Яны больш кансэрватыўныя паводле сваіх поглядаў.

Калі гаварыць пра тых, хто хутчэй давярае ўладзе, да пэўнай ступені давярае ёй, то яны не зацыкленыя на Лукашэнку. Калі яго ня будзе ва ўладзе, але застанецца традыцыйная сыстэма ўлады, якая ім падаецца правільнай, то ім будзе нармальна.

Гэтыя людзі баяцца вайны, і яны атрымліваюць ад улады мэсыдж, што Беларусь спрабуюць уцягнуць у вайну. А яны гэтага ня хочуць.

— Вы тлумачыце рост даверу да ўлады фэномэнам «яднаньня вакол сьцяга». Аднак тэрмін «яднаньне вакол сьцяга» звычайна выкарыстоўваюць для апісаньня рэакцыі грамадзтва на вайну, у якой яно ўдзельнічае наўпрост. Мэханізм вядомы — мае рацыю мая краіна ці ня мае, але гэта мая краіна, і я зь ёю. Ну і з уладаю, якая гэтую вайну вядзе. Але Беларусь вайну не вядзе. Але пры гэтым яна і не нэўтральная. Як у ёй можа быць «яднаньне вакол сьцяга»?

— У Расеі мы назіраем фэномэн «яднаньня вакол сьцяга» ў чыстым выглядзе. У нас ён мадыфікаваны. Як той казаў, які сьцяг, такое ў нас вакол яго яднаньне.

Хто можа сказаць, за што стаіць Лукашэнка? Тыя, хто чытае незалежны друк, хто ведае пра ракеты, якія ляцяць зь беларускай тэрыторыі ва Ўкраіну, той скажа, што ён адназначна на баку Расеі. Але калі паслухаць палітолягаў, якія выступаюць па БТ, то, паводле іх, Лукашэнка супрацьстаіць спробам уцягнуць яго ў вайну, ён робіць усё, каб беларусы не ваявалі. І як той ці іншы беларус успрымае сытуацыю, залежыць ад таго, якімі крыніцамі інфармацыі ён карыстаецца.

«Нэўтралы» арыентуюцца на афіцыйныя крыніцы інфармацыі — БТ, АНТ, СТБ. І яны ўспрымаюць рыторыку Лукашэнкі і ўлады ў цэлым як міратворчую. Нават заявы пра тое, што «Украіне варта вярнуцца ў славянскае ўлоньне», гэта ўсё ж не «дэнацыфікацыя» і не «Херсоннаш».

Калі мы паглядзім на вынікі апытаньняў Chatham House, то зь іх вынікае, што значная частка грамадзтва ня лічыць, што Беларусь датычная да вайны, ангажаваная ў вайну. Ладная доля нават больш адукаванай і дасьведчанай часткі грамадзтва нязгодная з вызначэньнем, што Беларусь — краіна-агрэсар.

Трэба ўлічваць, што ў тых жа «нэўтралаў» істотна скараціліся магчымасьці атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю. Незалежныя мэдыя пазачынялі, многія журналісты за кратамі, тыя, хто працуе ў Беларусі, падбіраюць словы. Так што «галубіная» рыторыка ўлады пра тое, як яна абараняе Беларусь ад уцягваньня ў вайну, мае пад сабой пэўную глебу. І «сьцяг», вакол якога «яднаецца» частка грамадзтва, — гэта сьцяг супрацьстаяньня катастрофе.

Лукашэнка спрабуе паўтарыць тое, што было ў 2014–2015 гадох. І да пэўнай ступені, на пэўным сэгмэнце гэта ў яго атрымліваецца цяпер.

Мы задавалі пытаньне пра стаўленьне да падзей у Бучы. Палове апытаных давалі ўкраінскую вэрсію — што гэта масавае забойства цывільных украінцаў расейскімі вайскоўцамі, другой палове апытаных — расейскую: што гэта змайстраваны ўкраінцамі фэйк.

Рэспандэнтаў у абедзьвюх паловах запыталі — ці верыце вы вэрсіі, якую мы вам прадставілі? І ў абедзьвюх групах большасьць сказала, што вэрсія, паказаная ім, альбо непраўдзівая, альбо што яны ня могуць ацаніць яе праўдзівасьць.

Ёсьць людзі, якія не давяраюць Лукашэнку і ніколі ўжо давяраць ня будуць. Але для многіх іншых вайна ў Беларусі не заўважаецца. Пры гэтым курс даляра стабільны, цэны растуць, але ня надта. Але сытуацыя можа зьмяніцца імгненна. Бо значная частка гэтага даверу — сытуацыйная.

У 2015 годзе, паводле НІСЭПД, на выбарах у Лукашэнкі было 50%. Але празь некалькі месяцаў падтрымка, паводле дадзеных таго ж НІСЭПД, абрынулася з прычыны эканамічных праблемаў. А тут ня тое што эканамічныя праблемы — вайна.

— У вашай справаздачы вы адзначылі яшчэ адну важную асаблівасьць грамадзкай думкі — гэта паглыбленьне грамадзкага расколу, паглыбленьне палярызацыі «краёў» палітычнага спэктру. Гэтую вашу тэзу, як і ранейшую тэзу Рыгора Астапені, грунтаваную на дасьледаваньнях Chatham House, многія крытыкуюць. І ня толькі палітычныя актывісты.

Сацыёляг прафэсар Андрэй Вардамацкі адзначае, што ва ўсіх краінах людзі кажуць, што такога расколу, як у іх, сьвет ня бачыў. Можа, і ў Беларусі раскол не такі ўжо і глыбокі? Ня рэжуць звычайныя беларусы адзін аднаго, дык, можа, і расколу няма?

— Я нязгодны з Андрэем Вардамацкім. І дадзеныя, якія мы атрымалі, і дадзеныя Chatham House сьведчаць пра даволі глыбокі раскол. Так, ва ўсім сьвеце людзі гавораць пра грамадзкі раскол у сваіх краінах. Але ў нас вялікая група людзей адчувае на сябе масавыя рэпрэсіі. І ёсьць іншая група, якая адчувае сябе ў пэўнай бясьпецы і якая зьяўляецца бэнэфіцыярам гэтых рэпрэсій.

— А вось гэтая другая група — гэта АМАП, ГУБАЗіК?

— АМАП і ГУБАЗіК — гэта прамыя бэнэфіцыяры. Але падтрымлівае гэта даволі вялікая частка грамадзтва. Яна менш кансалідаваная, чым праціўнікі ўлады, бо яе інтарэсы выражае дзяржава. Для іх ніякай экзыстэнцыйнай пагрозы не існуе, каб яны кансалідаваліся і стваралі гарызантальныя сеткі, якія ствараюць беларусы на іншым полюсе.

— Пэўныя гарызантальныя сеткі ляялістаў, прынамсі, формы грамадзянскай самадзейнасьці, існуюць. Гэта даносы. Дадзеныя «Кібэрпартызанаў» сьведчаць пра тое, што гэта даволі масавая зьява. І іх не АМАП піша ГУБАЗіКУ. Іх звычайныя людзі пішуць.

— Вялікая памылка лічыць, што гэтыя людзі — не беларусы. І калі вайна скончыцца, нам побач з гэтымі людзьмі жыць. І яны, можа, нават і ўхваляюць тое, што зь Беларусі ракеты ляцяць ва Ўкраіну. Паводле апытаньняў Chatham House, прыкладна траціна беларусаў «заўзее» ў гэтай вайне за Расею. Мы бачым у нашых апытаньнях, што ёсьць дзьве вялікія часткі грамадзтва, якія лічаць адна адну пагрозай. Па шкале Багардуса яны адны да адных ставяцца горш, чым да алькаголікаў. Гэтыя групы татальна не прымаюць адна адну.

Нельга сказаць, што беларусы адзін аднаго ня бʼюць — бʼюць жа ж. Улада, праваахоўныя органы, якія прадстаўляюць ляялістаў, чыняць гвалт адносна праціўнікаў улады. А праціўнікі ўлады ня бʼюць ляялістаў таму, што ня маюць доступу да сродкаў гвалту, у іх няма сілавога блёку. Але спарадычна сёе-тое здараецца, можна прыгадаць і справу Зельцара, і падпалы машын прыхільнікаў улады.

Тут важны фактар стварэньня мілітарных фармаваньняў, такіх як полк Каліноўскага. Калі такі сілавы блёк будзе створаны, ня будзе падставаў гаварыць пра мірнае супрацьстаяньне. Калі з аднаго боку АМАП, гатовы страляць і біцца, а зь іншага — полк Каліноўскага, гатовы страляць і біцца. І будзе нямала людзей, якія ў гэтым супрацьстаяньні падтрымаюць сваіх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG