Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Крычаць за справядлівае жыцьцё». Што мы прачыталі на «мапе даносаў» ад кібэрпартызанаў


Беларусы другі дзень дасьледуюць «мапу даносаў». Свабода выбрала некаторыя абсурдныя даносы з амаль трох тысяч, апублікаваных кібэрпартызанамі.

Пытаньні былі да пакетаў са сьмецьцем і мэблі суседзяў. Падазрэньні выклікалі ўласныя маці, жонкі, дочкі, унукі.

Мы не публікуем асабістыя зьвесткі тых, хто званіў, і тых, на каго скардзіліся. Прыводзім толькі сытуацыі.

Якіх даносаў было шмат

Сярод апублікаваных даносаў шмат якія датаваныя жніўнем 2020 году, таксама шмат званкоў адбылося 15 лістапада 2020 году — гэта першая нядзеля пасьля забойства Рамана Бандарэнкі.

Шмат даносаў было без дэталяў, кшталту «ідзе вялікая кампанія», «у такім і такім пункце сабраліся 50 чалавек». Адначасна хапала і тых, каму не падабалася, калі група людзей ішла са сьцягамі, кветкамі, белымі стужкамі, у белым адзеньні або зь белымі балёнікамі, сьпявалі, выгуквалі лёзунгі.

Многія ў Менску і іншых гарадах наракалі, што сыгналяць аўтамабілі, бо «перашкаджаюць адпачываць».

Людзі масава скардзіліся на разьвешаныя ў двары бел-чырвона-белыя стужкі, сьцягі на бальконах, у кватэрах, на іншых будынках, намаляваныя сьцягі, надпісы кшталту «3%» ці абразы на адрас Лукашэнкі або сілавікоў.

Якія дзеяньні абуралі даносчыкаў

  • Мянчук данёс міліцыянтам, як матацыкліст заправіў свой матацыкл, а потым, «пастаянна азіраючыся, набраў двухлітровую бутэльку бэнзіну, паклаў яе ў заплечнік і накіраваўся ў бок цэнтру».
  • У Берасьці жанчына палічыла падазроным, што мужчына «ў аранжавай камізэльцы, з заплечнікам за сьпінай пацягнуў да сьмецьцевага кантэйнэра два вялікія пакеты з бутэлькамі. Да яго далучыліся яшчэ трое падазроных мужчын».
  • Мянчанка паскардзілася на два «падазроныя матацыклы», бо вырашыла, што ў багажніку «можа захоўвацца нешта, датычнае да беспарадкаў».
  • Жыхар Ліды спужаўся і пазваніў у міліцыю, калі «невялікая група людзей пастукалася ў дзьверы школы» ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў.
  • Мянчанка пазваніла ў міліцыю летась 10 жніўня, калі «8 чалавек увайшлі ў пад’езд». Больш ніякіх падрабязнасьцяў.
  • Жанчына з-пад Менску расказала, што ў менскім фотаатэлье здымаюць «містычныя лялькі і транспаранты».
  • Жанчына паведаміла, што ў Менску «каардынатары раздаюць таблеткі ўдзельнікам» пратэстаў.
  • Мянчанка пачула, што нібыта сусед казаў, што 12 жніўня 2020 году «на дрэвах будуць снайпэры».

Дзе бачылі сьцягі

  • Жыхарку Менску абурыла, што суседзі размалёўваюць мэблю ў сваёй кватэры «ў бел-чырвона-белы сьцяг».
  • Вясковец з Горадзенскай вобласьці абурыўся, што зямляк езьдзіць зь бел-чырвона-белым сьцягам на камбайне.
  • У невялікім Скідзелі заўважылі каля 40 грузавікоў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, якія ехалі ў бок цукровага заводу.
  • У Менску паскардзіліся на чорны сьцяг, які вісеў паміж дамамі.

Адкуль бралі інфармацыю

  • Берасьцеец пераказаў, што «чуў ад таксістаў», нібыта «плянуюцца беспарадкі», калі дакладна — не пачуў. Сваіх дадзеных не сказаў, але ў міліцыі яны і так былі.
  • Чалавек з кавярні ў Ждановічах падслухаў размову «трох невядомых». Ён паведаміў, што яны «абмяркоўваюць пляны пра сходы і мітынгі».
  • У мінулым лістападзе жанчына, якая жыве каля «плошчы Перамен», чытала тэлеграм-канал, прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім, і паведамляла міліцыі інфармацыю адтуль са спасылкай на яго, прыкладам, што натоўп нібыта сабраўся ў пэўным месцы гораду.

Надпісы, лёзунгі, песьні

  • Мянчанку абурыла, што на «доме КДБ» зьявіўся надпіс «Няма цемры, ні ценю сьмяротнага, дзе вы маглі схавацца, тыя, хто робіць беззаконьне».
  • Мянчанка ў мінулым жніўні здала суседа са шматпавярховіка, што той гучна слухае песьню Цоя «Перамен». А мянчук паскардзіўся, што скрыпачка ў пераходзе мэтро грае песьні Цоя.
  • Жанчыну зь Менску абурыла, што ёй летась 10 жніўня невядомыя даслалі паведамленьне з запрашэньнем прыйсьці па пэўным адрасе і разьвітацца з загінулымі.
  • Жыхар Віцебску абурыўся, што людзі ў «агрэсіўна настроеным натоўпе» крычаць, што яны «за справядлівае жыцьцё».
  • Жыхару Заслаўя не спадабаўся мужчына, які хадзіў з плякатам «Змагайся».

Падзеі неўзабаве пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі

  • З горадзенскай праваслаўнай царквы 15 лістапада 2020 году паскардзіліся, што «ўздоўж плота выстаўленыя лямпадкі».
  • У той жа дзень гарадзенка расказала, што ў адным са спальных раёнаў Горадні стварылі «мэмарыял грамадзяніну, які загінуў у Менску».
  • У Берасьці жанчына паскардзілася, што на тэрыторыі касьцёла ладзяць мэмарыял Раману Бандарэнку «з рознай атрыбутыкай».
  • Жанчына летась 15 лістапада данесла, што ў дамах каля «плошчы Перамен» «адчыненыя пад’езды, каб хаваць тых, хто мітынгуе». Іншая расказала, у якіх менавіта пад’ездах хаваюцца пратэстоўцы.

Даносы на сваякоў

  • Мянчанка паскардзілася на сваю маці, якая крычыць дома «Жыве Беларусь» і нібыта лезе біцца.
  • Мужчына ў Жабінцы паскардзіўся на сваю жонку, якая зь сяброўкай «раскідвае апазыцыйныя ўлёткі». А мянчук паскардзіўся, што зьніклі ягоныя жонка і сястра, і дадаў, што жонка — «арганізатар супраць дзеючага прэзыдэнта».
  • Мянчанка «здала» сваю дачку, якая нібыта пайшла на мітынг. А жанчына з Магілёва абвінаваціла суседзяў, нібыта прымушаюць іхнюю дачку хадзіць на мітынгі супраць ураду.
  • Жанчына з Магілёва данесла на свайго ўнука, які нібыта з Полацку паедзе ў Менск 10 жніўня 2020 году і будзе ўдзельнічаць у мітынгу. Пра гэта яна даведалася ад «трэціх асобаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG