Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускае грамадзтва прасякнутае нянавісьцю». Гісторык Фрыдман пра рэакцыю на сьпіс «пільных грамадзян»


Адкрытыя архівы Штазі. Спэцыялісты складалі мазаіку з парваных дакумэнтаў і аднаўлялі інфармацыю
Адкрытыя архівы Штазі. Спэцыялісты складалі мазаіку з парваных дакумэнтаў і аднаўлялі інфармацыю

«Усе размовы пра „адзінства“ і „перагорнутыя старонкі“ — усяго толькі прапагандысцкі міт», — напісаў у свім тэлеграм-канале гісторык Аляксандар Фрыдман. І даў прагноз, да чаго гэта можа прывесьці.

«З учорашняга дня актыўна абмяркоўваецца сьпіс «пільных грамадзян», якія апублікавалі кібэрпартызаны. Гаворка пра асобаў, якія ў жніўні і верасьні 2020 году званілі ў міліцыю і паведамлялі пра дваровыя акцыі, вывешаныя бел-чырвона-белыя сьцягі, надпісы з абразамі Лукашэнкі і гэтак далей. У некаторых выпадках інфарматарамі былі найбліжэйшыя сваякі… Пры гэтым даносчыкі відавочна ведалі ці прынамсі здагадваліся, што чакае людзей, на якіх яны даносілі…

Калі сам факт даносу не зьдзіўляе (гэтая зьява распаўсюджаная ва ўсякім грамадзтве), то абнародаваньне гэтай інфармацыі і ажыятаж вакол яе наводзяць на пэўныя разважаньні.

1. Беларусь Лукашэнкі — паліцэйская дыктатура, і акурат даносчыкі (інфарматары) адыгрываюць у такіх рэжымах важную стабілізацыйную ролю. Больш за тое, рэжым — як паказваюць абнародаваныя кібэрпартызанамі запісы Юрыя Караева — адкрыта заахвочвае даносьніцтва і лічыць яго важным элемэнтам. Адметна ў гэтай сувязі, што беларуская дыктатура не змагла, аднак, абараніць сваіх даносчыкаў: іхныя імёны і асабістыя зьвесткі сталі здабыткам грамадзкасьці. І гэта прыкмета слабасьці і ўразьлівасьці рэжыму, які штампуе прыніжальныя прызнальныя відэа сваіх праціўнікаў, але ня ў стане зьберагчы ад староньніх вачэй асабістую інфармацыю пра даносчыкаў і атрыманую ад іх канфідэнцыйную інфармацыю.

2. Вялікі інтарэс да гэтых матэрыялаў паказвае, што беларускае грамадзтва пасьля леташніх падзеяў прасякнутае нянавісьцю, а прага помсты шырока распаўсюджана. Усе размовы пра «адзінства» і «перагорнутыя старонкі» — усяго толькі прапагандысцкі міт.

3. Дзейнасьць «кібэрпартызанаў» дазваляе скласьці ўяўленьні пра «ўнутраную кухню» сілавых органаў. Усё кажа пра тое, што беларуская дыктатура пакіне пасьля сябе вялізную колькасьць даносаў, справаздач паведамляльнікаў, дасье на грамадзянаў і іншых матэрыялаў з кампраматам. Своечасова зьнішчыць такі матэрыял, як правіла, не ўдаецца, і ён становіцца здабыткам грамадзкасьці. Так было, у прыватнасьці, у былой ГДР: пасьля абʼяднаньня Нямеччыны ўсходнія немцы атрымалі магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі дзяржбясьпекі Штазі, які тычыліся іх саміх і іхных блізкіх. Частка насельніцтва гэтым шанцам прынцыпова не скарысталася, бо не хацела парушаць свой душэўны спакой. Іншыя ж рушылі ў архівы і даведаліся шмат новага і часта непрыемнага пра сваякоў, блізкі, сяброў, сужэнцаў, якія супрацоўнічалі з камуністычным рэжымам і займаліся даносьніцтвам. Вынікам сталі разрывы адносінаў і нават разводы. З падобным фэномэнам у будучыні сутыкнецца, хутчэй за ўсё, і Беларусь», — напісаў Аляксандар Фрыдман.

Хто такі Аляксандар Фрыдман

  • выпускнік факультэту гісторыі БДУ, доктар (PhD);
  • супрацоўнік праекту «Памяць пра габрэйскую спадчыну ў Беларусі, Украіне і Польшчы пасьля 1945 г.» (Цэнтар антрапалягічных дасьледаваньняў музэяў і спадчыны ў Інстытуце эўрапейскай этналёгіі ўнівэрсытэту імя Гумбальта (Бэрлін);
  • выкладчык ва Ўнівэрсытэце зямлі Саар (Саарбрукен) і Унівэрсытэце імя Генрыха Гейнэ (Дусэльдорф);
  • сярод кірункаў яго навуковай дзейнасьці — гісторыя антысэмітызму ў СССР і на постсавецкай прасторы, а таксама прапаганда ў аўтарытарных дзяржавах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG