Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе вашыя дадзеныя перадам у КДБ». Настаўніцы звольніліся і расказваюць пра настроі ў школе


Менская гімназія №4, верасень 2020
Менская гімназія №4, верасень 2020

Пагаварылі з настаўніцамі, якія некалькі гадоў працавалі ў дзяржаўных школах і сышлі празь ціск з боку адміністрацыі.

«На Дзень Волі загадалі трымаць дзяцей да вечара»

Настаўніца Алена (імя зьмененае па просьбе суразмоўцы) некалькі гадоў працавала ў адной зь менскіх школ. Яна кажа, што на пачатку мінулага навучальнага году, зь верасьня 2020-га, у школе было ўсё даволі спакойна.

«Месяца праз паўтара мяне разам з калегамі выклікалі да дырэктара. У нас адабралі тэлефоны, завялі ў іншы пакой і сказалі: „Дзяўчаты, прыйшоў ліст. Мы даведаліся, што вы хадзілі на мітынгі. Вы ж разумееце, што працуеце ў школе? Трэба неяк спыняць усе гэтыя дзеяньні“. Мы тлумачылі, чаму і за што мы выходзім, але гэта ня дзейнічала. Празь дзень-два нас тэрмінова выклікалі да начальніцы ўпраўленьня адукацыі», — кажа Алена.

Яна расказвае, што кіраўніца ўпраўленьня адукацыі крычала на настаўніц і пыталася, чаго ім не хапае, навошта яны выходзяць пратэставаць. Потым іх спрабавалі прымусіць пісаць заявы на звальненьне.

«Я зь ёю спрабавала размаўляць, тлумачыла — чаму я павінна сыходзіць, калі мне падабаецца мая праца, у мяне ёсьць узнагароды, у мяне ўсё атрымліваецца? Спачатку яна казала: „Майце на ўвазе, усе вашыя дадзеныя я перадам у КДБ, і з вамі разьбяруцца“. А пад канец яе рыторыка зьмянілася: „Я бачу трох маленькіх дзяўчатак. Не зразумела, за што вы тут спрабуеце змагацца. Не шуміце і проста працуйце“. Пасьля яна прыяжджала ў школу і пужала, што мы ў яе „на кручку“ і яна сочыць за намі».

У самой школе, кажа Алена, атмасфэра была не такая напружаная.

«На працягу году дырэктарка спэцыяльна давала нам розныя конкурсы, мне нейкі піянэрскі марш, мабыць, для справаздачнасьці, што „дзяўчаты працуюць на дзяржаву“. Але калі была разнарадка падпісаць паперы супраць эўрапейскіх санкцый, да нас нават не падыходзілі, не прымушалі, а запалохвалі тых, хто прыйшоў нядаўна, ім нават дырэктарка казала, што пазбавіць заробку. Потым яна супакоілася, бо зразумела, што яе выказваньні могуць запісаць на дыктафон».

Дзяўчына сышла са школы летам. Кажа, разумела, што далей будзе горш, асабліва з увядзеньнем патрыятычнага выхаваньня.

«У мяне і так быў канфлікт з дырэктарам праз гэтыя конкурсы ўсялякія, а тут яшчэ і на Дзень Волі зладзілі цырк. Нам, клясным кіраўнікам, было вельмі цяжка, бо далі загад на два дні затрымліваць дзяцей у школе да самага вечара, усякую лухту ім паказваць, затрымаць усіх на бацькоўскім сходзе. Я разумела, што далей яшчэ больш прыціснуць, а я не змагу рабіць працу, якая супярэчыць маім унутраным прынцыпам».

Алена кажа, што зь яе школы сышло шмат настаўнікаў. Таксама дзяўчына адзначае, што ўсе знайшлі сабе новую працу.

«Калі я прыходзіла забіраць працоўную, мяне яшчэ цэлую гадзіну ўгаворвалі: „Падумай, куды ты пойдзеш? Што лепшае за школу можа быць? А як жа грошы?“. А заробак у школе таксама заўжды розны. Я ніколі не магла зразумець, чаму я працую кожны месяц аднолькава, а заробак кожны раз усё меншы. Усе звольненыя настаўнікі знайшлі сабе іншую працу і ўздыхнулі свабодна. Толькі дзяцей шкада, яны плакалі, калі мы сыходзілі, шмат у іх уклалі».

«Свабодная школа сёньня нікому не патрэбная»

Натальля (імя зьмененае па просьбе суразмоўцы) адпрацавала ў школе больш за 10 гадоў. Кажа, што працу сваю вельмі любіць і сыходзіць са школы не плянавала. Яна ўдзельнічала ў ланцугах салідарнасьці, маршах настаўнікаў.

«Недзе да сьнежня ў нас было ціха, я расслабілася і была вельмі рада, што ў мяне ёсьць магчымасьць быць такім буфэрам паміж дзецьмі і адміністрацыяй, не даносіць усё гэтае трызьненьне і жудасныя патрабаваньні. Але з канца лістапада пачаўся поўны гамон, праверак стала яшчэ больш, а ў школе і так вучобай ніхто не займаецца, узьнікалі канфлікты з кіраўніцтвам, бо прымушалі хадзіць на праўладныя мерапрыемствы зь дзецьмі».

Жанчына падкрэсьлівае, што яе «выціснула» тая абстаноўка, якую прымусова стварае адміністрацыя.

«Я чалавек, які з гэтым змагаецца, і яшчэ ў гэтым варыцца. Я разрывалася, бо мне было шкада кідаць дзяцей у гэтым усім, але я не вытрымлівала, гэта нейкая крывадушнасьць перад сабой. Увесну прыняла рашэньне, што больш не магу пад іх дудку скакаць. Сказала, што звальняюся. Першае што спыталі: „З палітычных прычын?“. Я нават не знайшла, што адказаць людзям, якія не разумеюць розьніцы паміж палітыкай і грамадзянскай пазыцыяй».

Натальля ўпэўненая, што вернецца ў школу, калі адбудуцца зьмены. Іншыя настаўнікі паводле свайго стаўленьня да сытуацыі ў краіне падзяліліся напалову, кажа яна.

«Першая палова не разумее, што адбываецца, ім і так было добра, яны не „ябацькі“, а проста абыякавыя, ніякія. Другая палова — запалоханыя, няўпэўненыя ў сабе людзі, якія не прымаюць таго, што адбываецца, але ня могуць звольніцца праз страх. Дарослыя людзі, з жыцьцёвым досьведам, настаўнікі вышэйшай катэгорыі, якія ўпэўненыя, што ня знойдуць сабе прымяненьня. На нарадах ім пастаянна кажуць: „Вы нікому не патрэбныя, трымайцеся за сваё месца, тут стабільны заробак“. Аб іх пастаянна выціралі ногі і запалохвалі, каб трымаць у страху. Яны могуць нават падзяляць пазыцыю, але будуць плакаць па кутах і ніколі нічога ня выкажуць».

Маладыя ж выкладчыкі не выказваюцца, бо ім лянота адказваць за сябе, лічыць Натальля.

«У цябе ж усё добра, ёсьць нейкая стабільная праца, заробак, ты ні пра што ня думаеш. А калі цябе звольняць, трэба варушыцца, самому нешта рабіць, прыдумляць, гэта ж складана. На некаторых уплывае асяродзьдзе. Напрыклад, людзі прыяжджаюць зь іншых гарадоў, вучацца ў інстытуце, жывуць у інтэрнаце, і яны вечна абавязаныя дзяржаве, гэта таксама адкладаецца. Ёсьць і маладыя, якія хочуць будаваць кар’еру, і гэта асобная катэгорыя. Яны будуць ірваць зубамі, казаць, што чорнае — гэта белае, бо хочуць выслужыцца, каб іх заўважылі, а ў цяперашняй сытуацыі ім гэта вельмі зручна рабіць».

Праблемы ў дзяржаўнай беларускай школе даўно, кажа настаўніца, але за апошнія пяць гадоў сытуацыя пагоршылася.

«Гвалтоўная ідэалёгія яшчэ больш зьнізіць якасьць адукацыі. Трэба разумець, што яны [улады. — РС] гадуюць сабе пакорлівых людзей у будучыні, якія будуць выконваць іх жаданьні. Свабодная школа нікому не патрэбная, таму што кіраваць загнанымі, аддрэсіраванымі дзецьмі вельмі зручна. Пра свабоду творчасьці я ўвогуле маўчу. Калі дзеці ў школе нешта ініцыююць, усё павінна быць дзесяць разоў узгоднена і зацьверджана. Выхоўваюць, як у канцлягеры. Вельмі шмат працы будзе потым, каб прывесьці школу да прытомнасьці», — мяркуе настаўніца.

«Дзякуй тым, хто застаецца і неяк на месцах спрабуе супрацьстаяць, і ўсё ж такі вучыць дзяцей правільным рэчам», — кажа Натальля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG