Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзеці ведалі Ціханоўскую і што Лукашэнка кепскі чалавек». Былы настаўнік — пра ціск і татальны кантроль у школе


Лінейка ў менскай школе. Ілюстрацыйнае фота.
Лінейка ў менскай школе. Ілюстрацыйнае фота.

Паразмаўлялі з былым настаўнікам адной зь менскіх школ, які мусіў звольніцца праз пагрозы і ціск з боку кіраўніцтва. Хлопец расказаў, як са школы прыбіраюць супрацоўнікаў зь «няправільнай» пазыцыяй.

«Дзеці замазалі ў дзёньніках дзяржаўны сьцяг і зрабілі зь яго бел-чырвона-белы»

Аляксандар (імя зьмененае па просьбе суразмоўцы) уладкаваўся ў школу толькі ўлетку 2020 году. Кажа, што выразна разумеў, што адбываецца ў краіне, але ўсё роўна вырашыў паспрабаваць.

«Калі я працаўладкоўваўся, яшчэ ішла выбарчая кампанія і ніхто нічога не забараняў. У нас у школе ўсе хадзілі зь белымі стужкамі, усе размаўлялі спакойна пра палітыку, былі пазытыўныя, добрыя, нават адміністрацыя. Было бачна: усе чакаюць нейкіх перамен. Пасьля выбараў мы ўсе абмяркоўвалі палітычную сытуацыю, усе былі ў шоку ад таго, што адбывалася, і значная колькасьць настаўнікаў пратэставала», — кажа настаўнік Аляксандар.

На пачатку верасьня адбылася пэдагагічная нарада, дзе кіраўніцтва сказала, што школа па-за палітыкай, на ўроках нічога расказваць дзецям нельга, усё рабіць па падручніках, тлумачыць Аляксандар.

«Зразумела, што нерэальна нічога не расказваць. Як я, так і большасьць настаўнікаў усё роўна закраналі тэму, і дзеці пра гэта размаўлялі, яны ведалі, хто такая Ціханоўская і чаму Лукашэнка кепскі чалавек. Гэта было ў іхных сем’ях. Таксама, я вёў урок мастацтва, і калі быў які-небудзь малюнак на вольную тэму, кожны раз нехта маляваў бел-чырвона-белы сьцяг ці штосьці з гэтым зьвязанае».

Некаторыя школьнікі хадзілі зь белымі стужкамі, налепкамі, нават у цішотках з «Пагоняй», кажа суразмоўца.

«Аднойчы група дзяцей замазала карэктарам у дзёньніках дзяржаўны сьцяг, зрабіла зь яго бел-чырвона-белы. Школа гэта замяла. Як мне казалі, дзяцей прымусілі набыць новыя дзёньнікі. Але было зразумела, што проста большасьць людзей за перамены».

«Я ніколі не хаваў, што хаджу на мітынгі»

Калі на пачатку лістапада буйныя маршы прыпыніліся, адміністрацыя школы ажывілася, кажа хлопец, пачала лавіць настаўнікаў і рабіць заўвагі за стужкі.

«Яны пачалі хадзіць на нашыя інфармацыйныя гадзіны раз на тыдзень, — прыгадвае Аляксандар. — Часам на іх бывае нейкая вострая тэма для грамадзтва, не заўжды палітычная, але даволі часта зьвязаная з сацыяльнымі рухамі ў краіне. Адміністрацыя сядзела на гэтых клясных гадзінах, каб, ня дай божа, хтосьці штосьці не расказаў дзецям».

Акцыя пратэсту настаўнікаў ў Менску 14 жніўня 2020 года
Акцыя пратэсту настаўнікаў ў Менску 14 жніўня 2020 года

Ціск узмацніўся пасьля зімовых вакацый. Настаўнік лічыць, што ў першай палове навучальнага году ў адміністрацыі школы была разнарадка «зьверху» абмінаць тэму палітыкі, быццам нічога не адбылося. Нехта з кіраўніцтва нібыта нават пераходзіў на бок настаўнікаў.

«Па школах пачалі езьдзіць ідэолягі, у нас была адна з самых жорсткіх лукашыстак. Адміністрацыя ўжо наўпрост казала: „Нам прыйшла разнарадка праглядаць вашыя сацыяльныя сеткі. Калі пабачым там штосьці зьвязанае з апазыцыяй ці фота з пратэстаў, каб мы адразу звальнялі і пісалі на вас даносы“».

На сходах настаўнікам казалі, каб ніхто нікуды не хадзіў, пачало гучаць «Ну вы ж усё самі разумееце», кажа Аляксандар.

«Я ніколі не хаваў на працягу году, што хаджу на мітынгі, таму за мяне вырашылі ўзяцца больш канкрэтна. Наша дырэктарка раскрыла сваю сутнасьць. Раней яна казала, што ў яе ў сям’і хтосьці таксама на баку пратэстоўцаў, за перамены, а яна за дзяржаву, таму заўсёды між двух супрацьлегласьцяў. А тут, перад прыездам чыноўніцы-ідэоляга, пачала казаць: „Вось чым вам не падабаецца Лукашэнка? Можа ён няправільна перамог на выбарах, але пры ім у мяне сям’я, я атрымала кватэру, заробак добры. Я не хачу, каб гэтае быдла [апазыцыя] прыйшло да ўлады“».

«Маўчыце, маўчыце! Проста ківайце!»

Перад прыездам ідэоляга адміністрацыя школы спрабавала кантраляваць літаральна ўсё, кажа Аляксандар.

«Чыноўніца гэтая прыехала рабіць прэзэнтацыі. Дырэктарка казала нам: „Маўчыце, маўчыце! Проста ківайце! Галоўнае, не спрачайцеся зь ёю!“. З усяго, што расказвала чыноўніца, адукацыйны парадак дня заняў 25–30%, а ўсё астатняе — „вам хадзіць на маршы ня трэба, вы ж дзяржаўныя служачыя, вы ж усе павінны быць за дзяржаву і падтрымліваць яе“. Потым яшчэ яна дадала, што ганарыцца тым, што знаходзіцца ў тэлеграм-канале „Каратели Беларуси“».

Праз пэўны час да Аляксандра зноў падышла дырэктарка і папрасіла напісаць заяву аб звальненьні бяз даты, калі той зьбіраецца і надалей хадзіць на пратэсты. Аляксандар кажа, што так робіцца адмыслова, каб «абяліць» кіраўніцтва: калі б хлопца затрымалі, заяву падпісалі б задняй датай.

«Я пракансультаваўся зь юрыстам, і калі наступны раз дырэктарка да мяне падышла, я сказаў: „Гэта парушэньне закону, таму падпісваць нічога ня буду. Калі хочаце мяне звольніць, то звальняйце, але за ўвесь час у мяне не было вымоў, я лічу, што свае абавязкі выконваю добра“. На што мне адказалі: „Я знайду іншыя спосабы, каб ты гэта напісаў“».

Аляксандру ў той дзень завуч зрабіла дзьве вымовы: ён ня меў зробленага асабіста пляну-канспэкту ўрока (настаўнік карыстаўся адмысловай кнігай) і не правёў фізкультурную хвілінку.

«Потым прыбегла дырэктарка, і такая: „Аляксандар, твая кляса не здала туалетную паперу ў фонд школы“. Пра гэта мяне наогул не папярэджвалі, але зрабілі вымову. Адміністрацыя мне амаль не тлумачыла, як працаваць клясным кіраўніком. Яны ня маюць права ставіць настаўніка, які толькі прыйшоў у школу. Што мне трэба рабіць, я даведваўся празь іншых настаўнікаў».

Прадстаўніца Сьледчага камітэту на лінейцы ў адной зь менскіх школ 1 верасьня 2021 года
Прадстаўніца Сьледчага камітэту на лінейцы ў адной зь менскіх школ 1 верасьня 2021 года

Хлопца прымусілі пісаць тлумачальныя па ўсіх парушэньнях. Аляксандар зьвярнуўся ў «Честные учителя» па кансультацыю.

«Мне сказалі, што кіраўніцтва робіць гэта дзеля таго, каб назапасіць заўвагі і потым пагражаць звальненьнем па артыкуле. Мне патлумачылі, што няма сэнсу больш заставацца, бо альбо будуць „кашмарыць“ пастаянна, а потым усё адно звольняць па артыкуле, альбо я „на суткі“ адразу са школы паеду. То бок кіраўніцтву не хапіла літаральна адной-дзьвюх заўваг, каб мяне звольніць па артыкуле, яны проста фізычна не пасьпелі за адзін дзень іх зрабіць».

«Чаму я не павінен адказваць дзецям, калі ў нас у краіне адбываецца такое пекла?»

Калегі Аляксандра былі шакаваныя гэтым ціскам і падыходзілі да завуча, спрабавалі разабрацца.

«Бацькі маіх дзяцей падыходзілі і казалі: „Давайце мы напішам калектыўны зварот, каб вас пакінулі на пасадзе, што вы нам падабаецеся і мы ня хочам іншага кляснага кіраўніка“. Я адгаварыў, бо мяне б потым звольнілі па артыкуле. Хтосьці зь іх нават хадзіў да дырэктара і казаў, што не разумее, як можна было настаўніка за такое звольніць. Я з бацькамі дагэтуль падтрымліваю сувязь. Калі я яшчэ працаваў і рабіў абходы па сем’ях, я хадзіў з бчб-стужкай на руцэ. Усе яе бачылі, усе адэкватныя, разумныя людзі, якія ведаюць, што адбываецца».

Аляксандар напісаў некалькі варыянтаў заявы на звальненьне. Адміністрацыя школы сказала, што настаўнік яе няправільна зразумеў.

«Я ім адказаў тады: „Я ўсё правільна зразумеў. Мая пазыцыя не сыходзіцца з вашай, і вы праз гэта на мяне цісьнеце, спрабуеце мяне абмежаваць у думках і выказваньнях, тым больш што я ў школе не праводжу мітынгаў і агітацыі. А калі нехта зь дзяцей у мяне нешта пытаецца, чаму я не павінен адказваць, калі ў нас у краіне адбываецца такое пекла? Калі вы ня звольніце мяне па дамове двух бакоў, то звальняйце па артыкуле. Гэта была вашая ідэя напісаць заяву. Калі трэба, я напішу чыноўніцы, якая прыходзіла“».

Аляксандра спрабавалі прымусіць адпрацаваць яшчэ два тыдні, але, як яму казалі юрысты, гэты абавязак нідзе не прапісаны. Хлопец кажа, што гэта рабілі, хутчэй за ўсё, каб напісаць яшчэ больш скаргаў і звольніць па артыкуле.

Летам са школы, дзе працаваў Аляксандар, празь ціск з боку адміністрацыі сышло каля дзесяці настаўнікаў. Яны не звальняліся раней, бо хацелі давучыць дзяцей да канца году, кажа суразмоўца.

«Ня трэба баяцца, бо жыцьцё не канчаецца»

Настаўнікам, якія апынуліся ў падобнай сытуацыі, Аляксандар раіць запісваць абсалютна ўсе размовы з кіраўніцтвам на дыктафон.

«Гэты рэжым ня будзе доўга трымацца, і нават калі цяпер гэтыя запісы не зьяўляюцца нейкім аргумэнтам, то, калі зьменіцца ўлада, яны будуць мець вартасьць пры люстрацыі. І заўжды гэты запіс можна адправіць у СМІ, адміністрацыі будзе вельмі пагана праз тое, што яны цябе звольнілі».

Таксама Аляксандар раіць знаходзіць у школе «сваіх людзей».

«Трэба аб’ядноўвацца з аднадумцамі і адзін за аднаго трымацца, бо калі ты адзін — гэта вельмі цяжка. Калі ты працуеш у школе, у цябе няма ні на што часу, ты ўвесь час стрэсуеш, а калі на цябе яшчэ ціснуць, табе можа спатрэбіцца псыхалягічная падтрымка. Павінны быць людзі побач, зь якімі ты можаш абмеркаваць падзеі. Я ўпэўнены, што ў любой школе пакуль засталіся людзі, якія супраць улады і таго, што адбываецца».

«Ня трэба баяцца, бо жыцьцё, нават калі цябе звольняць, не канчаецца. І калі ў цябе добрая рэпутацыя, у Беларусі ёсьць месцы, якія дапамагаюць і забіраюць да сябе тых, каго звольнілі за палітыку, ёсьць дапамога ад фондаў, праца знойдзецца. Ня трэба хвалявацца, гэтая ўлада ня вечная, гэты тэрмін вызначыцца месяцамі ці парай гадоў, і вы вернецеся ў сваю справу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG