Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што застанецца ад Беларусі, «калі ўсе пазьяжджаюць»


Ілюстрацыйнае фота

Беларусы, якія хоць нейкім чынам «засьвяціліся» падчас леташніх масавых пратэстаў, пакідаюць радзіму, ратуючыся ад рэпрэсій. І ўсё часьцей у розных асяродках можна пачуць роспачнае пытаньне: што застанецца ад Беларусі, калі «ўсе пазьяжджаюць»?

Уцякаюць паасобку і сем’ямі; адны — загадзя знайшоўшы сабе за мяжой працу і жытло, іншыя — у нікуды, ня маючы з сабой нават неабходных дакумэнтаў і цёплых рэчаў. Калі-небудзь 2020–2021 гады ў Беларусі, напэўна, назавуць часам масавых палітычных рэпрэсіяў і вялікай палітычнай эміграцыі.

Колькі дакладна людзей пакінулі краіну пасьля жніўня 2020-га, думаю, ня можа палічыць ніякая статыстыка. Некаторыя лічбы, праўда, называюцца. Напрыклад, амбасады Літвы і Польшчы выдалі беларусам за апошні год больш за 120 тысяч візаў, значная частка якіх — гуманітарныя. Пра 100 тысяч беларускіх грамадзян, якія перайшлі мяжу, паведамляюць улады Ўкраіны. Але ўцякаюць ня толькі праз афіцыйныя памежныя пераходы і ня толькі тыя, у каго ёсьць візы. Праз тысячакілямэтровую слаба кантраляваную беларуска-расейскую мяжу зьяжджаюць тыя, у каго часта ня тое што візы, але і пашпарта няма.

Але нават калі гэтыя лічбы памножыць на пяць ці дзесяць, нават калі насельніцтва Беларусі скароціцца на адзін ці два мільёны чалавек — ці будзе гэта мець для краіны фатальныя наступствы?

Лукашэнка ў 2019-м: «Няма ў грамадзяніна Беларусі такой прычыны, зь якой ён можа зьехаць з краіны»

Успамінаю свой апошні дыялёг з Аляксандрам Лукашэнкам, які адбыўся 2 сакавіка 2019 году, падчас «Вялікай размовы». Зададзенае тады мною пытаньне тычылася транзыту ўлады і зьмены Канстытуцыі. Але Лукашэнка, шматслоўна і доўга адказваючы на яго, неўпрыкмет збочыў менавіта на праблему дэмаграфіі і эміграцыі. Я адмыслова перагледзеў відэазапіс той размовы. Вось кароткі фрагмэнт, які тычыўся якраз гэтай тэмы.

— Трэба захаваць стабільнасьць, бясьпеку, мір у грамадзтве, — казаў Лукашэнка. —...Дабавіць дабрабыту нашаму народу, каб ня сорамна было перад дзецьмі. А то дзяржаву стварылі, а жыць у ёй не захочацца. Як у суседняй краіне, якую вы часта ў якасьці прыкладу прыводзіце: было тры мільёны — засталося паўтара. Каб у нас гэтак ня здарылася.

...Я ня ведаю, дзе вашы дзеці жывуць. У вас жа як? Радыё Свабода, Эўрапейскае радыё...Вашы ж дзеці вучацца недзе ў ЭГУ...Ці то ў Польшчы, ці ў Амэрыцы? Мае ж дзеці будуць жыць у Беларусі.

На што я адказаў:

— Двое маіх дзяцей у Беларусі, а адна дачка ў Польшчы.

— Дык у Беларусь вязі яе, будзем Канстытуцыю зь ёй распрацоўваць...

...Запомніце маё перакананьне і падумайце над ім: няма ў грамадзяніна Беларусі такой прычыны, па якой ён можа зьехаць з краіны. Няма такой прычыны, калі ён сапраўдны грамадзянін сваёй краіны.

Мінула два гады — і думка Лукашэнкі пра тых, хто паехаў вучыцца за мяжу, зьмянілася на процілеглую.

Вось што ён сказаў пра іх у жніўні 2021-га:

«Трэба разабрацца з такімі, якія зьяжджаюць і вяртаюцца да нас. Яны ўсе выступілі за разбурэньне ўласнай дзяржавы. Я даручыў міністру адукацыі паглядзець на такое навучаньне. Усе 100 працэнтаў яно на шкоду. Едзьце, вучыцеся. Але вы там, калі ласка, і заставайцеся. Там жа ня столькі навучаюць (ім далёка да нашай адукацыі) — яны ім прамываюць мазгі і закідаюць да нас ужо як агентуру з прамытымі мазгамі. Гэта ўжо ідэйныя, ну калі ня ворагі, то праціўнікі нашай дзяржавы. І нам даводзіцца зь імі змагацца».

«Прапанова» наконт сумеснай працы над Канстытуцыяй, як бачыце, цалкам ануляваная. Вяртаньне тых, хто атрымаў адукацыю за мяжой, ня толькі не вітаецца — яно становіцца рэальна небясьпечным. Відаць, аднаасобная ўлада аказалася даражэйшай за мару пра Беларусь густанаселеную і адукаваную.

Што да краіны, якую згадаў Лукашэнка ў якасьці адмоўнага прыкладу дэпапуляцыі («было тры мільёны насельніцтва — засталося паўтара»). Хутчэй за ўсё, ён меў на ўвазе Літву, хоць лічбы яўна пераблытаў. Насельніцтва Літвы ў 1992 годзе складала 3 700 000 чалавек, у 2019-м — на мільён меней.

Такія ж тэндэнцыі і ў некаторых іншых усходнеэўрапейскіх краінах — Латвіі, Малдове. Ці ў Баўгарыі — адным з сусьветных лідэраў у скарачэньні насельніцтва. У 1989 годзе насельніцтва Баўгарыі было прыблізна такім жа, як і ў Беларусі — больш як 9 мільёнаў. На пачатку 2021-га — ужо менш за 7 мільёнаў чалавек. А да 2050-га дэмографы чакаюць падзеньня да 5,5 мільёна.

Гэтыя некалькі краін на пэрыфэрыі Эўрапейскага Зьвязу, сапраўды, перажываюць драматычны дэмаграфічны спад. Нешта падобнае, відавочна, можа адбыцца і ў Беларусі, калі ўзровень эканомікі ў ёй ня будзе падцягвацца да суседзяў, калі працягнуць зьніжацца рэальныя заробкі, а да таго ж яшчэ і ня спыняцца палітычныя рэпрэсіі. Разьвіцьцё яўна затармозіцца. Найбольш прадпрымальныя і адукаваныя паўцякаюць хто куды. У школах хранічна будзе не ставаць настаўнікаў, у шпіталях — лекараў, ва ўнівэрсытэтах — выкладчыкаў і студэнтаў.

Ці азначае гэта, што дзяржава ўвогуле занепадзе і зьнікне? Відавочна, не — як ня зьніклі Літва, Латвія, Малдова, Баўгарыя. Хоць яны і перажываюць няпросты час у сваёй гісторыі.

Хто застанецца, калі ўсе паўцякаюць

Адметна, што Беларусь у мінулым стагодзьдзі ўжо сутыкалася з масавай эміграцыяй інтэлігенцыі. Гэта адбывалася ў Заходняй Беларусі ў 1939–1940 гадах.

Калісьці я ня раз размаўляў пра гэта са сваімі бацькамі, якія добра памяталі той час. У нашым заходнебеларускім мястэчку пасьля верасьня 1939-га не засталося ніводнага настаўніка, паўцякалі ўсе супрацоўнікі адміністрацыі, а таксама нешматлікія тады лекары, супрацоўнікі пошты. Ім было ад чаго ўцякаць: уся інтэлігенцыя, усе, хто мог хоць бы патэнцыйна ўяўляць небясьпеку для новай улады — настаўнікі, лекары, чыноўнікі, вайскоўцы, паліцыянты — падлягалі арышту. Ведаючы гэта, яны самі любымі шляхамі імкнуліся зьехаць яшчэ да прыходу «вызваліцеляў» з Усходу.

Некаторыя заставаліся — мяркуючы, што, паколькі яны не займалі ніякіх высокіх пасадаў і ня лезьлі ў палітыку, то што ім павінна пагражаць пры новай уладзе? І ў пераважнай сваёй бальшыні жорстка пралічыліся. Ужо сам факт наяўнасьці нейкай адукацыі, прыналежнасьці да інтэлігенцыі быў для новай улады як таўро, як падстава для падазрэньня ў нядобранадзейнасьці. Вельмі многія з тых, хто застаўся, былі змушаныя потым у цялячых вагонах ажыцьцявіць свой крыжовы шлях у Варкуту, Магадан, Караганду... Вярнуліся адтуль адзінкі.

Праўда, тады, у 1939–1941, у Заходняй Беларусі гэты вакуўм інтэлігенцыі хутка запоўнілі палітычна падрыхтаванымі і ідэалягічна выверанымі кадрамі з Усходу: у той час расейскія спэцыялісты ахвотна пераяжджалі з галечы цэнтральных абласьцей РСФСР у адносна сытыя раёны Заходняй Беларусі. (Якія гэта мела наступствы — асобная вялікая тэма.) Можа, і цяпер у абязьлюдзелай пры Лукашэнку Беларусі будзе адбывацца нешта падобнае? Праўда, у адзінага ўсходняга саюзьніка цяпер і для ўласных тэрыторыяў не хапае ні настаўнікаў, ні мэдыкаў.

Але што знамянальна: потым у гэтым, здавалася б, канчаткова пазбаўленым інтэлігенцыі, іншадумства і нацыянальнай сьвядомасьці, дыстыляваным рабоча-сялянскім грамадзтве ўсё роўна знаходзіліся нейкія ўнутраныя сілы дзеля таго, каб зь ягонага асяродзьдзя, як трава праз брук, вырасталі свае настаўнікі, дактары, пісьменьнікі, навукоўцы. Хоць на тое запатрабаваліся не гады — дзесяцігодзьдзі.

Пра Беларусь, у якой будуць жыць 15 (ці нават 20) мільёнаў чалавек

Цяпер ужо Лукашэнка наўрад ці марыць і пра тое, каб ажыцьцявіць свой даўні намер — давесьці насельніцтва Беларусі да 15 мільёнаў чалавек. (А ў пэрспэктыве ён бачыў Беларусь нават з 20-мільённым насельніцтвам: апошні раз такімі пражэктамі дзяліўся з падначаленымі 3 жніўня 2017 году).

Зрэшты, аўтарытарныя (а тым больш таталітарныя) рэжымы часам зьдзіўляюць, у тым ліку і ў дэмаграфіі. Калі азірнуцца ў не такую далёкую айчынную гісторыю, то не безь зьдзіўленьня можна выявіць: найбольш шпарка насельніцтва савецкай Беларусі расло тады, калі ў рэспубліцы, па сутнасьці, панавала жабрацтва — гэта пасьляваенныя 40–50-я гады.

Напрыклад, у 1958-м беларусаў стала болей на рэкордныя 154 тысячы чалавек. Які там у той час быў дабрабыт? Якія заробкі? Калі людзі на вёсцы фактычна не атрымлівалі пэнсіяў. Калі экспэрымэнтатар-Хрушчоў спрабаваў увогуле адабраць у калгасьнікаў прысядзібную гаспадарку, каб не замінала працы ў калгасе. Калі яшчэ і хлеба ўдосталь было не ўва ўсіх і ня ўсюды. Надзея ў старасьці тады была толькі на дзяцей. Выжыць было лягчэй у вялікай сям’і.

Ці можа адбыцца нешта падобнае ў Беларусі ў будучыні? Сёньня гэта выглядае чымсьці неверагодным.

Дэмаграфічныя працэсы ў Беларусі ўсе апошнія дзесяцігодзьдзі разгортваліся ў агульнаэўрапейскім рэчышчы. Рост даходаў і ўзроўню адукацыі суправаджаўся скарачэньнем нараджальнасьці — і такая тэндэнцыя захавалася да гэтага часу.

Але хто ведае, што будзе заўтра? Калі найбольш адукаваная частка насельніцтва зьедзе? Калі ўлада наважыцца ўзьвесьці жалезную заслону на заходнім напрамку — кшталту той, што існавала пры СССР (а першыя прыкметы гэтага ўжо заўважныя)? Калі краіну адрэжуць ад інтэрнэту і іншых кантактаў з Захадам? Калі ўзровень жыцьця апусьціцца да такога ўзроўню, што чалавеку проста фізычна пракарміцца ў старасьці на мізэрную пэнсію будзе немагчыма без дапамогі дзяцей?.. Калі Беларусь так імкліва вяртаецца ў савецкую рэчаіснасьць у многіх іншых сфэрах, то чаму яна ня можа вярнуцца і ў гэтай?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG