Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяжу з Украінай з пачатку году перасеклі амаль 100 тысяч беларусаў. Што стаіць за гэтай статыстыкай


Акцыя беларускіх эмігрантаў у Кіеве, люты 2021 году
Акцыя беларускіх эмігрантаў у Кіеве, люты 2021 году

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны патлумачыла асаблівасьці фармаваньня статыстыкі аб колькасьці беларусаў, што ўяжджаюць на ўкраінскую тэрыторыю.

«Фактычна мы кажам не пра колькасьць грамадзян Беларусі, а пра колькасьць фактаў перасячэньня мяжы беларусамі. Улічваецца, што нехта з грамадзян Беларусі, напрыклад, некалькі разоў можа перасякаць мяжу. Таму мова выключна пра перасячэньне мяжы», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Паводле яго, за паўгода зафіксавана 96 339 фактаў перасячэньня мяжы грамадзянамі Беларусі на ўезд ва Ўкраіну. «І гэта на ўсёй лініі дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, а ня толькі празь беларуска-ўкраінскую мяжу», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.

Паводле Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, за аналягічны пэрыяд 2020 году было зарэгістравана 302 тысячы перасячэньняў мяжы грамадзянамі Беларусі, а за ўвесь мінулы год — 463 тысячы.

«Але варта ўлічваць, што ва Ўкраіне з 15 сакавіка 2020 году былі ўведзеныя карантынныя абмежаваньні, гэта значыць ад пачатку 2020-га да 15 сакавіка паток пасажыраў яшчэ быў дастаткова актыўны і абмежаваньняў не было. Бо калі казаць пра 2019 год, то тады было зафіксавана 2 мільёны 339 тысяч перасячэньняў мяжы беларусамі на ўезд ва Ўкраіну».

Андрэй Дземчанка таксама паведаміў, што з пачатку году 11 грамадзян Беларусі пры ўезьдзе ва Ўкраіну зьвярнуліся па атрыманьне статусу ўцекача або прызнаньне асобай, якая патрабуе дадатковай абароны ўкраінскай дзяржавы.

Працу памежных пунктаў пропускаў не спынілі

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіне падкрэсьлілі, што ўсе пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю функцыянуюць «у штатным рэжыме», але пасажыраў істотна не пабольшала.

Памежнікі адзначаюць, што ў сярэднім у дзень празь мяжу зь Беларусьсю прапускаюць каля 4 тысяч асобаў на ўезд і выезд.

Што папярэднічала

21 ліпеня беларускія і ўкраінскія праваабронцы заявілі аб новай вялікай хвалі міграцыі грамадзян Беларусі, якія ўцякаюць ад перасьледу, і заклікалі ўлады Ўкраіны стварыць умовы для іх легалізацыі.

«Нягледзячы на тое, што спынена авіяцыйнае злучэньне і практычна немагчыма выехаць зь Беларусі па зямлі, ва Ўкраіну цяпер едуць усё больш і больш людзей. Як сьведчыць наша практыка, гэта падобна на тое, што адбывалася леташняй восеньню», — паведаміла кіраўніца грамадзкай ініцыятывы Free Belarus Center Паліна Бродзік.

Паводле яе, з жніўня па сьнежань 2020 году ва Ўкраіну ўехала 161 тысяча беларусаў, але ня ўсе засталіся на ўкраінскай тэрыторыі.

Колькасьць беларусаў, якія застаюцца ва Ўкраіне, вызначаецца паводле колькасьці зваротаў па атрыманьне відаў на жыхарства або статусу ўцекача.

Згодна з інфармацыяй Дзяржаўнай службы статыстыкі Ўкраіны, у 2020 годзе ва Ўкраіну прыбылі 1 018 грамадзян Беларусі, 769 зь якіх засталіся на ўкраінскай тэрыторыі, а іншыя зьехалі. Гэта нязначна адрозьніваецца ад вынікаў 2019 году — тады ва Ўкраіну прыбылі 1 075 грамадзян Беларусі і 598 беларусаў засталіся на ўкраінскай тэрыторыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG