Вырасла колькасьць беларусаў, якія ў вайне спачуваюць Расеі, — новае дасьледаваньне

Прэзэнтацыя прафэсара Андрэя Вардамацкага
Прэзэнтацыя прафэсара Андрэя Вардамацкага

Прафэсар Андрэй Вардамацкі, дасьледчык Беларускай аналітычнай майстэрні, у рамках Кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі, што праходзіў у Коўне, прэзэнтаваў новае дасьледаваньне аб стаўленьні беларусаў да вайны ва Ўкраіне.

«Гэта самыя цяжкія дадзеныя, якія мне даводзілася паведамляць у сваім жыцьці», — шчыра сказаў Вардамацкі.

Адбылося тры хвалі дасьледаваньняў: лічбы замяраліся ў сакавіку, траўні і верасьні. Апытаньне праводзілася па тэлефонах, мабільных і хатніх.

Андрэй Вардамацкі, архіўнае фота
Андрэй Вардамацкі, архіўнае фота

51,4% апытаных у верасьні адмоўна ставіліся да выкарыстаньня тэрыторыі і вайсковай інфраструктуры Беларусі для рэалізацыі ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. У сакавіку гэтая лічба складала 61,8%. Колькасьць тых, хто падтрымлівае, за гэты час не зьмянілася, яна вагаецца ў межах 29%. Затое істотна вырасла колькасьць, каму цяжка адказаць на гэтае пытаньне: з 8,5% да 17,7%.

«Уплывае той мэдыйны канструкт, які атрымліваюць апытаныя. Многія ўпэўненыя, што расейская зброя працуе выключна па вайсковых аб’ектах, не закранае мірнай інфрастуктуры», — кажа Вардамацкі.

Па словах навукоўца, пранікненьне наратываў «русского мира» на сёньняшні дзень дастаткова вялікае.

«Гэта ня проста пранікненьне, а наступ. І недзяржаўныя СМІ яшчэ ніколі ў найноўшай гісторыі Беларусі не сутыкаліся з такімі выклікамі. Уплыў недзяржаўных СМІ зьмяншаецца», — зазначае навуковец.

Іншае падобнае пытаньне: «Як вы ставіцеся да таго, што дзейная ўлада дазволіла разьмясьціць расейскія войскі ў Беларусі?» У сакавіку сваё нэгатыўнае стаўленьне пацьвердзілі амаль 47% апытаных, а ў верасьні — толькі 39%. Пры гэтым зноўку ж практычна не зьмянілася стаўленьне тых, хто ставіцца станоўча: 45% у сакавіку, 42,5% у верасьні.

«Не адбываецца зьменаў геапалітычных арыентацый, каштоўнасных момантаў, зьвязаных з Расеяй. Малыя індыкатары не разьбіваюць цяжкія каштоўнасныя структуры. Гэта здавалася ў прынцыпе немагчымым, але мы бачым гэта», — зазначае сацыёляг.

Адсутнасьць дынамікі заўважаецца і ў пытаньні, ці зьяўляецца Беларусь удзельніцай ваеннага канфлікту ва Ўкраіне. Станоўча на гэтае пытаньне ў сакавіку адказалі 32% рэспандэнтаў, адмоўна — 31%. Варыянт «не зьяўляецца» ў сакавіку назвалі 63% апытаных, у верасьні — 60,4%.

«Я б хацеў зафіксаваць важны пункт: сутнасьць дынамікі беларускай грамадзкай думкі ў стаўленьні да вайны заключаецца ў яе адсутнасьці. Асноўныя пазыцыі сфармаваліся яшчэ ў сакавіку, яны захоўвацца на тым жа ўзроўні», — кажа Вардамацкі.

Не зьмяняецца стаўленьне адносна пазаблёкавага знаходжаньня Беларусі. Пра тое, што Беларусь не павінна ўваходзіць ні ў адзін вайскова-палітычны блёк, у сакавіку заявілі амаль 52% апытаных, а ў верасьні — 44%. Пры гэтым пазыцыі АДКБ (30% супраць 29%) і НАТО (4,7% супраць 5,4%) істотна не зьмянілася. Вырасла колькасьць рэспандэнтаў, якім цяжка адказаць на гэтае пытаньне: 10,7% у сакавіку і 18,5% у верасьні.

Цалкам ухваляюць дзеяньні Расеі ў вайне з Украінай 21,1% рэспандэнтаў, яшчэ 20,2% ухваляюць у цэлым. Агулам гэта 41,3%.

Цалкам не ўхваляюць 34,6%, у цэлым не ўхваляюць — 12,7%. Гэта 47,3%.

«Якому з бакоў узброенага канфлікту вы больш спачуваеце?» У траўні Ўкраіне спачувалі 50,3% апытаных, а ўжо ў верасьні — 33,9%. Расеі ў траўні спачувалі 21,1% рэспандэнтаў, а ў верасьні — 32%.

«Гэтыя зьвесткі змрочна гавораць самі за сябе», — ляканічна адказаў на гэта прафэсар Вардамацкі. «Расчараваньне ў чалавецтве, подых 1984-га», — такім слайдам навуковец скончыў сваю прамову.

​
XS
SM
MD
LG