Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раней нам Расея была сябрам, а цяпер там Пуцін». Ці сапраўды ў Беларусі стала больш тых, хто спачувае Расеі?


Мабілізацыя ў Расеі, Растоў-на-Доне. Ілюстрацыйнае фота
Мабілізацыя ў Расеі, Растоў-на-Доне. Ілюстрацыйнае фота

На Кангрэсе дасьледнікаў Беларусі прафэсар Андрэй Вардамацкі падзяліўся вынікамі апытаньня пра стаўленьне беларусаў да вайны ва Ўкраіне. Паводле вынікаў, вырасла колькасьць беларусаў, якія ў вайне спачуваюць Расеі.

У траўні Ўкраіне спачувалі 50,3% апытаных, а ў верасьні — ужо 33,9%. Расеі ў траўні спачувалі 21,1% рэспандэнтаў, а ў верасьні — 32%. «Гэтыя зьвесткі змрочна кажуць самі за сябе», — выказаўся дасьледнік.

Свабода спыталася ў беларусаў, як абмяркоўваюць вайну ў іхным асяродзьдзі.

«На нашым прадпрыемстве звальнялі людзей, якія выказваліся супраць вайны. Таму людзі менш гавораць пра гэта»

Паводле дасьледаваньня, цалкам ухваляюць дзеяньні Расеі ў вайне з Украінай 21,1% рэспандэнтаў, яшчэ 20,2% ухваляюць у цэлым. Агулам гэта 41,3%.

Цалкам не ўхваляюць 34,6%, у цэлым не ўхваляюць — 12,7%. Гэта 47,3%.

Канстанцін (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя ў мэтах бясьпекі. — РС) — эканаміст паводле адукацыі. Апошнія гады працаваў на буйной дзяржаўнай вытворчасьці. Ён ня верыць у лічбы падтрымкі ці спачуваньня Расеі.

«У Беларусі пачаліся рэпрэсіі супраць людзей, якія выказваліся супраць вайны ці падтрымлівалі Ўкраіну. Гэта тычыцца і нашага прадпрыемства. Ёсьць звольненыя, ёсьць тыя, каму не працягнуць кантракт. Таму людзі менш гавораць пра гэта. Пэнсіянэры ці ня надта разумныя людзі наглядзяцца тэлевізіі і пачынаюць гучна гэта пераказваць. Нармальныя людзі ім не пярэчаць, бо баяцца даносаў», — кажа беларус.

Праз рэпрэсіі і страх даносаў можа здацца, кажа ён, што стаўленьне да вайны ў людзей зьмянілася.

«Лічу, што гэта ня так. Я маю веды ў сфэры сацыялёгіі. Зараз аб’ектыўных дасьледаваньняў няма, бо выбарка рэспандэнтаў не рэпрэзэнтацыйная, не ахоплівае ў патрэбных долях грамадзян паводле ўсіх характарыстык. Таму дасьледаваньні даюць толькі прыблізныя вынікі, якія могуць значна адрозьнівацца ад сапраўднай сытуацыі», — кажа Канстанцін.

Адной з галоўных праблем ён лічыць тое, што «людзі наагул баяцца выказвацца і паказаць свой настрой».

«Але важная думка ня большасьці, а найбольш актыўнай часткі грамадзтва, якая можа дзейнічаць. Большасьць ябацек кардынальна зьменіць свае погляды, калі ім у тэлевізары і ў газэтах пакажуць сапраўднага Лукашэнку і вайну ва Ўкраіне», — кажа Канстанцін.

«Нікога ня ведаю ў атачэньні, хто б зь лютага зьмяніў стаўленьне»

Пэнсіянэрка Надзея мае ў Расеі сваякоў і сяброў.

«Але як я і маё атачэньне збольшага нэгатыўна ставіліся да вайны, так і ставімся, нічога не зьмянілася. Мая адна сваячка — такі сабе „русский мир“. Але калі яна раней і чуць нічога не хацела пра тое, што расейцы забіваюць украінцаў, то цяпер яна маўчыць. Я пасьля спрэчак зь ёй накідала ёй розных відэа і сказала: „Глядзі і думай“. Прынамсі, хоць маўчыць цяпер. Пачала задумвацца, асабліва пасьля мабілізацыі ў іх», — кажа Надзея.

Яна кажа, што хоць у асноўным да «ўсёй Расеі» мае нэгатыўнае стаўленьне, але «адэкватных расейцаў» гатовая падтрымліваць, дапамагаць ім.

«Калі трэба будзе — і хаваць іх буду. Калі чалавек адэкватны. Калі такія, што едуць да нас цяпер і ставяць аўта на месцы для інвалідаў, ці „быкуюць“, ці кажуць, што яны вялікая нацыя, а мы малодшыя браты, то, вядома, нэгатыўна ставімся ўсе. Я такіх не хачу тут бачыць на сваёй зямлі», — кажа пэнсіянэрка.

Яна размаўляе і з сваякамі і сябрамі ў Расеі.

«Я ім не кажу пра страты ва Ўкраіне і іхныя ваенныя злачынствы там. Я кажу: дзеля чаго і дзеля каго вашы расейскія хлопцы 20–22-гадовыя гінуць там? Тады хоць задумваюцца. Цікава, што пасьля мабілізацыі я сказала сваячцы ў Беларусі, што яе пляменьнік у Расеі можа пайсьці на вайну. Яна адказала мне: „Ён што, дурань?“. Вось як у людзей адкрываюцца вочы. Толькі тады, калі гэта асабіста іх пачынае тычыцца», — кажа Надзея.

Яна кажа, што ня верыць у вынікі дасьледаваньня. «Ці размаўляем мы зь сябрамі? Як я магу размаўляць, калі на гэтую тэму я маю толькі маты? Матамі доўга не пагаворыш», — кажа пэнсіянэрка.

«Тыя, хто меў сваю пазыцыю, на ёй і засталіся. Хто ня меў, сталі патроху баяцца Расеі»

Сяргей жыве ў Менску і працуе ў IT-сфэры. Пра вынікі дасьледаваньня ён чытаў і «вельмі быў зьдзіўлены». «Лічу гэта маніпуляцыяй. Вакол я бачу адваротнае. Нядаўна разгаварыліся з бабулькай, ёй 90 гадоў. І яна сказала так: „Раней нам Расея была сябрам, а цяпер там Пуцін“. Маё атачэньне як было супраць вайны, так і засталося. Апроч сваяка, які глядзіць днямі „Россия-24“ і мае праз гэта пэўны лад думак.

Мы зь ім ня сварымся, бо ён ня надта разумны чалавек. У цэлым я б сказаў, што тыя, хто меў пазыцыю, на ёй і засталіся. Тыя, хто ня меў, сталі патроху баяцца Расеі. Бо „сяброўства брацкіх народаў“ стала ўключаць пэўны падатак», — кажа Сяргей.

У ягоным атачэньні людзі размаўляюць пра вайну. «У асноўным пра імклівую дэградацыю Пуціна, расейцаў. Прычым я цешуся, што нават „простыя людзі“, якіх раней можна было назваць „паўкабаншчыкамі“, выяўляецца, маюць выразную пазыцыю, якая не абяцае аніякай выгады», — дадаў жыхар Менску.

«У невялікім горадзе я зусім мала ведаю людзей 50+, якія за Ўкраіну»

Алена зусім нядаўна зьехала зь Беларусі. Да пераезду яна жыла ў невялікім раённым цэнтры.

«Сябры мае жывуць у Менску. У іх іншае адчуваньне. Напрыклад, сяброўка працуе ў IT-сфэры і кажа, што яе атачэньне — супраць вайны, за Ўкраіну. Але ў нашым горадзе было ня так. З маіх назіраньняў, бадай усе, каго я ведаю, узростам пяцьдзясят гадоў і больш — на баку Расеі. Яны часам перажываюць, што ідзе вайна. Але кажуць, што Пуцін усё робіць правільна, што ён разумны і ня можа памыляцца. Гэта тычыцца і сфэры адукацыі. Мой сябар працуе ў школе і кажа, што ён там адзіны дзівак, хто не падтрымлівае Расею. Для мяне гэта было проста невыносна. У тым ліку калі блізкія людзі на баку Расеі. Даказаць нешта бессэнсоўна, дараваць, калі гэта блізкі чалавек, цяжка. Таму проста ўстрымлівалася ад размоваў на тэму вайны. Бо людзі рабіліся проста шалёныя», — расказала Алена.

У 2020 годзе ў яе горадзе таксама былі пратэсты.

«Пасьля пачатку вайны аказалася, што нашыя шляхі з тымі людзьмі, хто быў у 2020 годзе супраць улады, разышліся. Бо яны сталі падтрымліваць Расею. Выявілася, што выступаць супраць Лукашэнкі ня значыць „нелюбоў“ да Расеі», — кажа беларуска.

Сваякі і знаёмыя зьдзівіліся, што яна едзе жыць у іншую краіну. «Бо людзі гэтыя, зь вёсак, з раённага цэнтру, не былі ніколі ў краінах Захаду. Для іх гэта нешта страшнае. Бо так ім падаюць інфармацыю ў тэлевізіі. У іх такі перакулены сьвет. У Беларусі ўсё добра, за яе межамі — усё блага. А мы туды едзем. Калі мы расказваем пра жыцьцё тут, паказваем здымкі, людзям „там“ цяжка ўсьвядоміць, што іх падманваюць праз тэлевізар, што ўсё насамрэч ня так», — дадала Алена.

«Тыя, хто крычаў „Усё правільна робіць Пуцін!“, нарэшце заткнуліся»

Натальля жыве ў адным з абласных цэнтраў, працуе настаўніцай. Пра вынікі дасьледаваньня яна чытала.

«На маю думку, нейкія дзікія лічбы. Адкуль яны ўзяліся? Я бачу сярод сваякоў, сяброў, на працы, што тыя, хто быў за вайну ці супраць, так і засталіся на сваіх пазыцыях. Больш за тое, тыя, хто голасна крычаў „Усё правільна Пуцін робіць!“, нарэшце заткнуліся. Мае сваякі працуюць у дзяржаўных службах, ад пачатку вайны былі выразна на баку Расеі. Раней яны пра гэта крычалі проста. Цяпер хоць і не зьмянілі пазыцыі, але маўчаць. Калега мая „за Пуціна“, але яна інтэрнэтам не карыстаецца зусім, толькі тэлевізію глядзіць», — кажа Натальля.

У адной зь яе блізкіх сваячак сын жыве ў Расеі і можа трапіць пад мабілізацыю. «Яна надта хвалюецца за сына цяпер, хоць заўсёды была на баку Расеі. Можа, такія сытуацыі нешта пераключаць нарэшце людзям у галаве», — кажа настаўніца.

Яна зазначыла, што на працы тэма вайны не абмяркоўваецца ўвогуле.

«Гэтай тэмы нібыта і няма. Калегі абмяркоўваюць, што „цэны вырасьлі“, што „ўсё цяжэй працаваць“, што „лепш ня будзе, а яшчэ і гэтая вайна“. І вось на гэтым слове „вайна“ заўсёды здараецца паўза, за якой цішыня. Відавочна, людзі баяцца гаварыць пра вайну», — кажа Натальля.

Жыхара аднаго з абласных цэнтраў Мікалая ўлетку 2022 году затрымлівала міліцыя. «Вось міліцыянты, як мне падалося, за вайну ва Ўкраіне. Яны казалі, што „Ўкраіну трэба сьцерці з аблічча зямлі“. У маім атачэньні былі некалькі чалавек, якія падтрымліваюць Расею. Я зь імі ня маю цяпер стасункаў. Што тычыцца таго дасьледаваньня, дык нават ня ведаю, што сказаць. Народ у нас цёмны, свабоды ён ня зьведаў, таму такія вынікі апытаньня», — кажа Мікалай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG