Намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі
«Пускі ажыцьцяўлялі з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, гэта першае. А па-другое, дэфіцыт высокадакладных ракет, такіх як „Калібар“, Х-101 і Х-555 прымусіў Расейскую Фэдэрацыю выкарыстоўваць для абстрэлаў зэнітныя ракеты».
Намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі зьняпраўдзіў, што Кіеў напярэдадні Новага году расейскія войскі абстрэльвалі з тэрыторыі Беларусі.
«Пускі ажыцьцяўлялі з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, гэта першае. А па-другое, дэфіцыт высокадакладных ракет, такіх як „Калібар“, Х-101 і Х-555 прымусіў Расейскую Фэдэрацыю выкарыстоўваць для абстрэлаў зэнітныя ракеты. Яны прайшлі мадэрнізацыю; мы разумеем, якую менавіта. Не выключаецца, што ў далейшым у іх паставяць іншую баявую частку», — сказаў Вадзім Скібіцкі ў інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ».
Расея 31 сьнежня 2022 году масава абстраляла чатыры вобласьці Ўкраіны — Кіеўскую, Віньніцкую, Харкаўскую і Жытомірскую вобласьці. Тады ў Паветраных сілах Украіны заявілі, што Расея выпусьціла з поўначы каля 20 ракет, але паколькі вайскоўцы назвалі толькі кірунак запускаў, украінцы пачалі зноў актыўна абмяркоўваць у сацыяльных сетках тэму абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі. Апроч самога факту абстрэлу, украінцы абураліся, што ўлада нібыта пачала пазьбягаць удакладненьняў, калі Расея абстрэльвае зь беларускай тэрыторыі.
Прадстаўнік вайсковай выведкі Ўкраіны дадаў, што такіх ракет у Расеі, яшчэ з часоў Савецкага Саюзу, ад 6 да 7 тысяч.
«Гэтым ракетам ужо 30-35-40 гадоў. То бок ідзе ўтылізацыя і, у той жа час, закрываюць дэфіцыт у высокадакладнай зброі. Мадэрнізацыя дазваляе выкарыстаць іх як мінімум на далёкасьць 250 кілямэтраў. Гэта, па сутнасьці, тыя ж самыя Іскандэры або іншыя далёкабойныя віды ўзбраеньня», — патлумачыў Вадзім Скібіцкі.