20 студзеня кіраўніца Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа Мір’яна Шполярыч наведала Маскву і сустрэлася з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым. Яе чакаюць таксама і ў Кіеве.
Міжнародны Камітэт Чырвонага Крыжа з нагоды першага візыту ў Маскву прэзыдэнткі арганізацыі Мір’яны Шполярыч заявіў, што галоўнымі тэмамі візыту сталі неадкладныя гуманітарныя патрэбы і ваеннапалонныя.
«Хоць МКЧК ужо наведаў ваеннапалонных з абодвух бакоў, ён тэрмінова дамагаецца поўнага, бесьперашкоднага і рэгулярнага доступу да ўсіх ваеннапалонных, дзе б яны ні знаходзіліся. Такія візыты дазваляюць супрацоўнікам МКЧК праверыць умовы, у якіх утрымліваюцца ваеннапалонныя, і як зь імі абыходзяцца», — сказалі ў МКЧК, дадаўшы, што камітэт «гатовы» выступаць у якасьці нэўтральнага пасярэдніка для абмену палоннымі або любых іншых гуманітарных ініцыятыў.
«Што тычыцца абмену „ўсіх на ўсіх“, то гэта было ў мінулым, гэта вядомая практыка, і гэта можа быць у расейска-ўкраінскім міжнародным канфлікце. Так што бакі, безумоўна, могуць скарыстацца гэтай магчымасьцю», — сказала ў сьнежні журналістам кіраўніца Чырвонага Крыжа Мір’яна Шполярыч, але адмовілася даць больш падрабязную інфармацыю.
У сьнежні Мірʼяна Шполярыч наведала Ўкраіну. У той час яна сказала, што бачыць магчымасьць буйнога абмену ваеннапалоннымі.
Украіна і Расея рэгулярна абменьваюцца палоннымі. Але па-ранейшаму шмат людзей з абодвух бакоў застаецца ў палоне.
Што сказаў Лаўроў
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў на сустрэчы 20 студзеня зь Мір’янай Шполярыч заклікаў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК) бесстароньне ацаніць сытуацыю ва Ўкраіне і запэўніў, што расейскі бок «цьвёрда выконвае міжнароднае гуманітарнае права, у тым ліку Жэнэўскую канвэнцыю аб абароне цывільнага насельніцтва і абыходжаньні з ваеннапалоннымі».
«Хацеў бы прыцягнуць увагу да абуральных парушэньняў міжнароднага гуманітарнага права з боку кіеўскага рэжыму. Гэтыя парушэньні дакумэнтуюцца. Чакаем ад Камітэту працягу інтэнсыфікацыі намаганьняў па вырашэньні праблемы з наведваньнем і забесьпячэньнем правоў захопленых расейскіх вайскоўцаў, у дачыненьні да якіх кіеўскі рэжым выкарыстоўвае катаваньні і іншыя бесчалавечныя мэтады ўзьдзеяньня», — заявіў Сяргей Лаўроў 20 студзеня на сустрэчы ў Маскве з кіраўніцай Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа Мір’янай Шполярыч.
Кіраўнік расейскага МЗС сказаў, што цяперашняя сытуацыя ва Ўкраіне стала вынікам «сабатажу кіеўскім рэжымам» менскіх дамоўленасьцяў, якія прадугледжвалі асаблівы статус для Данецкай і Луганскай абласьцей ва Ўкраіне.
Пасьля такога выступу Сяргея Лаўрова кіраўніца МКЧК падзякавала яму за сустрэчу, але прапанавала далей абмеркаваць гэтыя тэмы канфідэнцыйна.
Сустрэча адбылася пасьля таго, як расейскі і ўкраінскі амбудсмэны пры пасярэдніцтве Турэччыны абмеркавалі магчымасьці чарговага абмену палоннымі. Для яго арганізацыі Мір’яна Шполярыч наведала Маскву. Яе чакаюць таксама і ў Кіеве.
Што кажуць у Кіеве
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец зьняпраўдзіў абвінавачаньні Сяргея Лаўрова і заявіў, што Ўкраіна, у адрозьненьні ад Расеі, забясьпечвае расейскім палонным нармальныя ўмовы жыцьця, харчаваньне і ўсе мэдычныя патрэбы.
«Падчас перамоваў [аб абмене] толькі ўкраінскі бок прывёз лісты расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ва ўкраінскім палоне. У адрозьненьне ад нашых вязьняў і мірных закладнікаў, якіх катуюць, мораць голадам і псыхалягічна ціснуць. То ці складана камунікаваць з расейскім бокам? Надзвычай! Ці парушаюць дамоўленасьці — на сталай аснове! Але мы працягваем працаваць, каб вярнуць дадому ўсіх нашых грамадзян», — падкрэсьліў украінскі амбудсмэн.
Расейскія вайскоўцы ад пачатку ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну стала абстрэльвалі жылыя дамы ўкраінцаў, а таксама аб’екты крытычнай інфраструктуры. У выніку расейскіх атак цалкам зруйнаваныя Марыюпаль, Салядар, Бахмут і іншыя населеныя пункты Ўкраіны.
Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Херсонскай абласьцей украінскія праваахоўныя органы зафіксавалі 65 098 злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі ва Ўкраіне.
У канцы 2022 году ў Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што з пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расеі зафіксавалі 154 факты сэксуальнага гвалту. Паводле сьледчых, найбольш ад сэксуальных злачынстваў у часе расейскай акупацыі пацярпелі жыхары Кіеўскай, Данецкай і Херсонскай абласьцей.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.