Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі разглядаюць закон, які дазваляе не караць за злачынствы на акупаваных тэрыторыях Украіны

Забітая падчас акупацыі горада Бучы Кіеўскай вобласьці. Красавік 2022
Забітая падчас акупацыі горада Бучы Кіеўскай вобласьці. Красавік 2022

Дзяржаўная Дума Расеі прыняла ў першым чытаньні законапраект, які здымае крымінальную адказнасьць за злачынствы, учыненыя на акупаваных тэрыторыях Украіны ў тым выпадку, калі яны былі зьдзейсьнены дзеля «абароны інтарэсаў Расеі».

У тлумачальнай запісцы да законапраекту пазначана, што закон будзе тычыцца дзеяньняў у так званых «ДНР» і «ЛНР», а таксама ў Херсонскай і Запароскай абласьцях да 30 верасьня 2022 года — гэта значыць на тэрыторыях, аб анэксіі якіх 30 верасьня абвясьціла Расея.

Якія менавіта крымінальныя злачынствы павінны тлумачыцца як учыненыя ў інтарэсах Расеі, у дакумэнтах не пазначана.

Аўтары законапраекту — чалец Савета Фэдэрацыі Андрэй Клішас і дэпутат Павел Крашаніньнікаў. Канкрэтна ў законапраекце сказана:

«Не зьяўляецца злачынным і каральным дзеяньне, адказнасьць за зьдзяйсьненьне якога вызначана нарматыўнымі прававымі актамі Ўкраіны, калі яно зьмяшчае прыкметы злачынства, прадугледжанага Крымінальным кодэксам Расейскай Фэдэрацыі, але было накіравана на абарону інтарэсаў Расейскай Фэдэрацыі, Данецкай Народнай Рэспублікі, Луганскай Народнай Рэспублікі або інтарэсаў грамадзян або арганізацый Расейскай Фэдэрацыі, Данецкай Народнай Рэспублікі, Луганскай Народнай Рэспублікі, насельніцтва і арганізацый Запароскай вобласьці, Херсонскай вобласьці, якія ахоўваюцца законам».

На прыняцьце законапраекту ў першым чытаньні зьвярнула ўвагу юрыдычнае выданьне «Адвакацкая вуліца». Адзін зь яго экспэртаў, юрыст Міхаіл Беньяш, лічыць, што такая норма дазваляе судзьдзям вызваліць ад адказнасьці любога злачынцу і адкрывае вялізныя магчымасьці для карупцыйных схем.

«Краіна па сутнасьці заяўляе: „Рабіце любыя злачынствы ў абарону маіх інтарэсаў, я вам усё дарую“. Гэта проста дзікасьць», — сказаў Беньяш.

Выканаўчы дырэктар праваабарончага цэнтра «Мемориал» Анастасія Гарына падкрэсьліла, што ў законапраекце не ўдакладняецца, якія злачынствы могуць быць апраўданы дзяржаўнай карысьцю.

Акрамя таго, як паведамляе «Коммерсантъ», паводле законапраекту на анэксаваных тэрыторыях не прадугледжваецца дзеяньня судоў прысяжных як мінімум да 2027 году. Таксама Расея адмаўляецца ад кампэнсацыі шкоды, нанесенай жыхарамі тэрыторый да іх анэксіі.

Папраўкі да законапраекту будуць прымацца да 17 сьнежня.

Генэральная пракуратура Ўкраіны, Міжнародны крымінальны суд у Гаазе і праваабарончыя арганізацыі вядуць улік і расьсьледаваньне меркаваных ваенных злачынстваў у ходзе вайны ва Ўкраіне як з расейскага, так і з украінскага боку. Сярод іх — разбурэньне цывільнай інфраструктуры, катаваньні і забойствы мірных жыхароў, сэксуальны гвалт, рабаваньні, жорсткае абыходжаньне з ваеннапалоннымі і выкраданьні людзей.

Спроба расейскай анэксіі чатырох абласьцей Украіны не прызнаная Ўкраінай і пераважнай большасьцю краін сьвету. Частка тэрыторый, аб анэксіі якіх аб’явіла Расея, знаходзяцца пад кантролем Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG