Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі загінулі цэлымі сем’ямі. Ратавальнікі расказалі дэталі расейскага ракетнага нападу на дом у Дніпры


Наступствы ракетнага ўдару Расеі па Дніпры. 14 студзеня 2023
Наступствы ракетнага ўдару Расеі па Дніпры. 14 студзеня 2023

З-пад завалаў дасталі целы 40 загінулых грамадзян, у тым ліку траіх дзяцей: 37 трупаў дэблякавалі і знайшлі фрагмэнты яшчэ трох людзкіх целаў.

Дзяржаўная служба Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях паведаміла, што з-пад завалаў дасталі целы 40 загінулых грамадзян, у тым ліку трое дзяцей: 37 цел дэблякавалі і знайшлі фрагмэнты яшчэ трох людзкіх целаў.

Уратавалі 39 грамадзян, у тым ліку 6 дзяцей. Траўмы і раненьні атрымалі 75 асобаў, у тым ліку 14 дзяцей, яшчэ 30 грамадзян лічацца зьніклымі бяз зьвестак.

Абласныя ўлады паведамілі, што сярод пацярпелых сям’я Каці Кулак-Зяленскай — яе муж і сын. Каця і яе муж Аляксей ад дзяцінства нямыя, таму не маглі нават паклікаць па дапамогу. Кацю ў цяжкім стане шпіталізавалі, а целы яе мужа і сына пакуль не знайшлі.

Загінула яшчэ адна сямейная пара — Максім і Ірына. Яны разам са сваімі дзецьмі пераехалі ў Дніпро зь Нікапалю, які расейцы абстрэльваюць бесьперапынна амаль з пачатку вайны. Іхныя дзеці, 9-гадовы Цімур і 14-гадовая Караліна, выжылі, бо яны чакалі бацькоў на вуліцы каля будынку. Іх шпіталізавалі. Яны пакуль ня ведаюць, што засталіся сіротамі.

Абласныя ўлады назвалі прозьвішчы загінулых дзяцей: Максім Багуцкі, Марыя Лебедзь і Ганна Фігурная.

Стала вядома аб гібелі бацькоў дзяўчыны, фатаздымак якой апублікавалі ўплывовыя заходнія СМІ, як яна сядзела побач з ваннай у разбуранай кватэры.

«Галоўнай мэтай было, каб знайшлі маіх бацькоў. Мне было абыякава, што будзе са мной. Галоўнае, каб дасталі іх. Але бацькі ня выжылі. Іх сёньня дасталі з-пад завалаў», — паведаміла Анастасія ў эфіры тэлеканалу «Кіеў».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG