Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У горадзе Дніпро трохдзённая жалоба па загінулых. Расея інтэнсіўна абстрэльвае поўдзень Украіны

Наступствы расейскага абстрэлу Дніпра. 14 студзеня 2023
Наступствы расейскага абстрэлу Дніпра. 14 студзеня 2023

Жорсткія баі вядуцца ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Украінскі Генштаб назваў два найбольш складаныя кірункі — бахмуцкі і аўдзееўскі.

На ўсходзе Ўкраіны працягваюцца жорсткія баі, а поўдзень знаходзіцца пад сыстэматычнымі абстрэламі расейцаў.

У Дніпры колькасьць ахвяр суботняга абстрэлу павялічылася

16 студзеня пачаўся ў Дніпры з новай паветранай трывогі. У выніку абстрэлу ў суботу, 14 студзеня, загінулі 35 мірных грамадзян, у тым ліку двое дзяцей. З-пад завалаў дасталі 39 грамадзян. Раненьні атрымалі 75 жыхароў абстралянага будынку, у тым ліку 14 дзяцей. Невядомым застаецца лёс яшчэ 35 грамадзян.

Ратавальнікі разам з жыхарамі гораду ўжо больш за 40 гадзін працягваюць разьбіраць завалы. Пэрыядычна работы спыняюць, каб прыслухацца да галасоў з-пад завалаў, спадзеючыся, што там ёсьць яшчэ жывыя.

У горадзе абвясьцілі трохдзённую жалобу па загінулых.

Выратіавальныя працы ў Дніпры, 15 студзеня 2023
Выратіавальныя працы ў Дніпры, 15 студзеня 2023

Атака на Херсон і вобласьць

Паводле абласных уладаў, за апошнія 24 гадзіны расейцы 90 разоў атакавалі Херсонскую вобласьць і 21 раз — абласны цэнтар. Расейскія ракеты цэлілі па жылых кварталах і цывільных аб’ектах. У выніку трое загінулі і 14 атрымалі раненьні рознай цяжкасьці.

«Вораг мэтанакіравана ўдарыў па будынку Чырвонага Крыжа, гарадзкой лякарні, цэнтру рэабілітацыі дзяцей з інваліднасьцю, суднабудаўнічым заводзе, аб’екце крытычнай інфраструктуры і жылых будынках», — паведамілі херсонскія ўлады.

Пад абстрэламі і Запароская вобласьць

Раніцай 16 студзеня расейцы абстралялі Запарожжа і навакольле. Ёсьць разбурэньні аб’ектаў цывільнай, камунальнай і прамысловай інфраструктуры. Улады паведамляюць пра некалькі параненых.

Паводле Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, расейцы абстрэльваюць Запароскую вобласьць з танкаў, мінамётаў, ствольнай і рэактыўнай артылерыі. За апошнія содні ад абстрэлу пацярпелі 24 населеныя пункты рэгіёну.

У эпіцэнтры баявых дзеяньняў — Данбас

Жорсткія баі вядуцца ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Украінскі Генштаб назваў два найбольш складаныя кірункі — Бахмуцкі і Аўдзееўскі. Там расейцы працягваюць наступ.

У Салядары ўкраінцы ўтрымліваюць толькі адну прамысловую ваколіцу. Пасьля інтэнсіўнага наступу ўкраінскае войска вымушана адступіла з жылых раёнаў гораду. Як паведаміў украінскі журналіст Юры Бутусаў, баі ў раёне Салядару працягваюцца, але ўпершыню зь ліпеня расейцам удалося захапіць украінскі горад амаль цалкам.

З пачатку вайны ва Ўкраіне больш за тысячу ахвяр сярод дзяцей

Як паведаміў Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны, з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 455 дзяцей, яшчэ 897 атрымалі раненьні. Зьніклымі бяз вестак лічаць 336 дзяцей. Але і гэтыя лічбы нельга лічыць дакладнымі, бо органы ўлады Ўкраіны ня маюць доступу да акупаваных тэрыторый.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG