Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля мяжы зь Беларусьсю ў Ровенскай вобласьці СБУ вучылася змагацца з дывэрсійнымі групамі. ВІДЭА


Вучэньні СБУ ў Ровенскай вобласьці. Студзень 2023
Вучэньні СБУ ў Ровенскай вобласьці. Студзень 2023

Паводле задумы вучэньняў, адна з варожых дывэрсійна-выведных груп спрабавала прарвацца ў горад, а другая захапіла ў закладнікі кіраўніка і галоўнага інжынэра энэргааб’екта разам зь іхнымі сем’ямі.

Служба бясьпекі Ўкраіны правяла маштабныя контрадывэрсійныя трэнаваньні ў памежных зь Беларусьсю раёнах Ровенскай вобласьці, на якіх адпрацавалі абясшкоджаньне дывэрсійна-выведных груп (ДВГ), якія, паводле легенды, намагаліся прарвацца праз паўночную мяжу Ўкраіны.

Па задуме вучэньняў, адна з варожых ДВГ спрабавала прарвацца ў горад, а другая захапіла ў закладнікі кіраўніка і галоўнага інжынэра энэргааб’екта разам зь іхнымі сем’ямі.

Выкарыстоўваючы псыхалягічны ціск і пагрозу фізычнай расправы, дывэрсанты спрабавалі прымусіць іх да супрацы, якая заключалася ў перападключэньні мясцовага аб’екту крытычнай інфраструктуры ў сыстэму краіны-агрэсаркі.

У паведамленьні СБУ не ўдакладняецца назва гэтага аб’екта; магчыма, вядзецца аб Ровенскай АЭС. Некалькі дзён таму на каардынацыйнай нарадзе ў Львове абмяркоўвалася сыстэма абароны Ровенскай АЭС, а таксама абароненасьць паўночных межаў Украіны на выпадак новага расейскага ўварваньня з тэрыторыі Беларусі.

На вучэньнях спэцыяльныя падразьдзелы СБУ затрымалі дывэрсантаў, вызвалілі закладнікаў і папярэдзілі магчымую тэхнагенную катастрофу.

«Тактыка-спэцыяльныя мерапрыемствы праводзілі ва ўмовах, максымальна набліжаных да рэальных», — адзначылі ў СБУ.

У вучэньнях удзельнічалі таксама падразьдзелы Ўзброеных сіл Украіны, Нацыянальнай паліцыі, Дзяржаўнай службы ў надзвычайных сытуацыях, Нацыянальнай гвардыі і органаў мясцовага самакіраваньня.

8 студзеня прэс-служба ваеннага ведамства Беларусі паведаміла аб прыбыцьці ў краіну «авіяцыйнага складніку зь ліку Вайскова-касмічных сіл Узброеных сіл РФ». Чакаецца, што з 16 студзеня па 1 лютага пройдуць лётна-тактычныя вучэньні ВПС Беларусі і ВКС РФ на ўсіх аэрадромах і палігонах Беларусі.

Рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і РФ фармуецца з кастрычніка мінулага года. Усё гэта адбываецца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях не ўдзельнічае.

Летась 24 лютага пасьля сумесных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў з тэрыторыі Беларусі на Ўкраіну пайшлі калёны расейскага войска, паляцелі самалёты і ракеты.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG