Уладзімір Зяленскі праводзіць нараду пра стан забесьпячэньня аховы дзяржаўнай мяжы і актуальную сытуацыю зь бясьпекаю ў паўночна-заходніх абласьцях Украіны. Львоў, 11 студзеня 2022
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў у Львове каардынацыйную нараду пра стан забесьпячэньня аховы дзяржаўнай мяжы і актуальную сытуацыю зь бясьпекаю ў паўночна-заходніх абласьцях Украіны.
Найперш прэзыдэнт і прадстаўнікі цэнтральнай і мясцовых уладаў, сілавых структур Украіны абмеркавалі сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю, а таксама заслухалі інфармацыю пра контрадывэрсійныя захады на памежных тэрыторыях.
«Разумеем, што, апроч моцных заяў, мы нічога магутнага там ня бачым, аднак мусім быць падрыхтаваныя як на мяжы, так і ў абласьцях», — заявіў на нарадзе Ўладзімір Зяленскі.
На нарадзе абмеркавалі ўзровень абароны і надзейнага функцыянаваньня Ровенскай АЭС. Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што абароненасьць ад вонкавых рызык спрыяе нармальнай дзейнасьці эканомікі гэтых рэгіёнаў.
«Маральны стан насельніцтва важны, бо ад яго залежыць, як людзі працуюць, а ад іхнай працы залежыць, як мы падтрымліваем армію і нашых абаронцаў», — адзначыў прэзыдэнт Украіны.
З канца 2022-га і на пачатку 2023 году ўкраінскія чыноўнікі пэрыядычна заяўляюць аб павелічэньні пагроз новага ўварваньня Расеі, у тым ліку і зь беларускай тэрыторыі.
4 студзеня галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны ў першай у новым годзе тэлефоннай размове з кіраўніком аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША Маркам Мілі абмеркаваў сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю.
У канцы сьнежня 2022 году Валеры Залужны ў інтэрвію The Economist заявіў, што расейскія войскі могуць зноў паспрабаваць атакаваць Кіеў — пачаць буйны наступ з Данбасу, з поўдня ці нават зь Беларусі ўжо ў студзені ці вясной.
«Расейцы рыхтуюць каля 200 тысяч новых салдат, — сказаў Залужны. — Я не сумняваюся, што яны зноў паспрабуюць атакаваць Кіеў».