«Расейскія войскі, падобна, кантралююць большую частку, калі ня ўвесь Салядар, і, верагодна, выціснулі ўкраінскія войскі з заходняй ускраіны населенага пункту», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту.
На думку амэрыканскіх экспэртаў, імаверны захоп расейскімі войскамі Салядару не зьяўляецца апэратыўна значнай падзеяй і наўрад ці стане перадумовай непазьбежнага атачэньня Бахмуту Расеяй.
У Інстытуце вывучэньня вайны прыйшлі да такіх высноў на падставе вывучэньня расейскіх крыніц і распаўсюджаных імі відэазапісаў.
Міністэрства абароны Расеі толькі ў сярэдзіне дня 13 студзеня паведаміла, што «ўвечары 12 студзеня завяршылі вызваленьне гораду Салядар, які мае важнае значэньне для працягу пасьпяховых наступальных дзеяньняў на данецкім кірунку».
У Расеі таксама адзначылі, што захоп Салядару дазваляе «адрэзаць шляхі забесьпячэньня ўкраінскіх войскаў, а пасьля гэтага заблякаваць і ўзяць у «кацёл» падразьдзелы УСУ».
Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр паведаміла, што ноч у Салядары была гарачай, баі працягваліся.
«Вораг кінуў ледзь ня ўсе асноўныя сілы на данецкі кірунак і падтрымлівае высокую інтэнсіўнасьць наступу. Нашы байцы мужна намагаюцца ўтрымаць абарону. Гэта складаны этап вайны, але мы ў гэтай вайне пераможам», — заявіла Ганна Маляр.
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што расейцы для падтрыманьня саіх наступаў інтэнсіўна выкарстоўваюць артылерыю — яны моцна абстрэльваюць ня толькі Салядар, а і блізкія да яго населеныя пункты: Бахмут, а таксама Крамянную ў Луганскай вобласьці.
У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША мяркуюць, што часовыя посьпехі Расеі пад Салядарам ня змогуць зьмяніць хаду вайны.
«Баявыя дзеяньні на Данбасе працягваюцца, сытуацыя застаецца напружанай на ўсходзе, адбываецца гэтая бітва [за Салядар]», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс, паведаміў «Голас Амэрыкі».
Паводле яго, баі за Салядар трапілі на старонкі заходніх СМІ толькі таму, што Расея заяўляе аб пасьпяховым прасоўваньні, якое адбываецца коштам вялікіх вайсковых страт.
У Дзярждэпартамэнце мяркуюць, што баі працягнуцца і абодва бакі будуць працягваць атакаваць і несьці страты.
«Але ніякае тактычнае прасоўваньне ня зможа выправіць стратэгічную няўдачу, зь якой сутыкнуўся прэзыдэнт Пуцін і ягоныя войскі з самых першых дзён гэтай вайны, і тую стратэгічную няўдачу, якая толькі павялічылася ў выніку эфэктыўнага контранаступу Ўкраіны», — дадаў Нэд Прайс.
Паводле кіраўніка Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўла Кірыленкі, у Салядары засталося ня больш за 600 мірных жыхароў, у тым ліку 15 дзяцей з 10 тысяч, якія пражывалі ў горадзе да вайны. Ва ўмовах такіх жорсткіх баёў эвакуацыя немагчымая.
Салядар знаходзіцца ў Бахмуцкім раёне Данецкай вобласьці, за 11 кілямэтраў ад Бахмуту. Мае дзьве чыгуначныя станцыі. Тут знаходзілася найбуйнейшае ва Ўкраіне прадпрыемства па вытворчасьці солі «Арцёмсоль». У горадзе да вайны пражывалі 10,5 тысячы чалавек.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.