Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салядары Данецкай вобласьці ідуць цяжкія вулічныя баі

Украінскія вайскоўцы на пазыцыях каля Салядару. 11 студзеня 2023
Украінскія вайскоўцы на пазыцыях каля Салядару. 11 студзеня 2023

Дадаўся яшчэ адзін складаны кірунак для баявых дзеяньняў — горад Крамянная ў Луганскай вобласьці.

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведамілі аб цяжкіх баях вакол Салядару ў Данецкай і Крамянной у Луганскай абласьцях.

«З пачатку студзеня 2023 году Расея, пэўна, вылучыла часткі 76-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі паветрана-дэсантных войскаў на ўмацаваньне лініі фронту каля Крамянной пасьля таго, як ацаніла гэты ўчастак як значна ўразьлівы», — паведамілі ў брытанскай выведцы.

У Міністэрстве абароны Вялікай Брытаніі нагадалі, што да лістапада Расея задзейнічала амаль увесь баявы склад паветрана-дэсантных войскаў уздоўж лініі фронту ў раёне Херсону.

«Цяпер камандзіры, перадысьлякаваныя на Данбас і паўднёвую Ўкраіну, хутчэй за ўсё, спрабуюць выкарыстоўваць паветрана-дэсантныя сілы ў большай адпаведнасьці з іхнай дактрынальнай роляй элітных сіл хуткага рэагаваньня», — дадалі ў брытанскай выведцы.

Расейцы заяўляюць, што захапілі Салядар, украінцы зьняпраўджваюць

Кіраўнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што горад Салядар ужо знаходзіцца пад іхным кантролем. У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што гэтая заява Прыгожына мусіла апярэдзіць кадравыя вайсковыя ратацыі Крамля і павялічыць уплыў ягонай прыватнай арміі.

Аналітыкі ISW у сваёй справаздачы пацьвердзілі, што расейскія войскі істотна прасунуліся ў Салядары, але не захапілі яго. Паводле іх, нават захапіўшы Салядар, расейцы наўрад ці змогуць разарваць украінскую абарону, каб наблізіцца да захопу Бахмуту.

Украінскі журналіст Юры Бутусаў, які знаходзіцца ў гэтай зоне баявых дзеяньняў, зьняпраўдзіў заявы расейцаў аб атачэньні ўкраінскіх войскаў.

«Аб Салядары. Нашы войскі робяць усё магчымае, а некаторыя часткі і немагчымае. Некалькі дэсантнікаў 46-й аэрамабільнай брыгады атрымалі абмаражэньні. Аднаму з байцоў заўтра ампутуюць дзесяць пальцаў на нагах, паколькі шмат дзён яны б’юцца на марозе і застаюцца на пазыцыях да апошняга. Брыгада кіраваная і матываваная, шмат байцоў адкрылі або значна павялічылі на асабістым рахунку колькасьць зьнішчаных ворагаў. Артылерыя на 105-мілімэтровых гарматах працуе вельмі дакладна», — паведаміў Юры Бутусаў.

Паводле журналіста, украінскае камандаваньне ўдзяляе значную ўвагу гэтаму раёну, з кожным падразьдзелам ёсьць сувязь, а гэта галоўнае для кіраваньня і ўзаемадзеяньня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG