Ва Ўкраіне з пачатку расейскага ўварваньня выкрылі звыш 600 расейскіх агентаў і шпіёнаў, у тым ліку беларуса

Сядзіба Службы бясьпекі Ўкраіны. Кіеў, 2019
Сядзіба Службы бясьпекі Ўкраіны. Кіеў, 2019

Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну расьсьледуе больш як 1,5 тысячы крымінальных спраў па фактах дзяржаўнай здрады і шпіянажу.

З 24 лютага 2022 году СБУ выкрыла больш за 600 расейскіх агентаў і шпіёнаў, якія праводзілі выведна-дывэрсійную дзейнасьць супраць Украіны.

З найбольш рэзанансных спраў у СБУ назвалі затрыманьне і асуджэньне грамадзяніна Беларусі за шпіянаж, а таксама грамадзяніна Ўкраіны, які заехаў зь беларускай тэрыторыі і нібыта плянаваў забойства міністра абароны Аляксея Рэзьнікава, кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірылы Буданава і колішняга грамадзяніна Беларусі, аднаго з кіраўнікоў «Нацыянальнага корпусу», у мінулым камандзіра выведнай роты полку ўкраінскага вайсковага падразьдзяленьня «Азоў» і дарадцу аднаго зь міністраў Сяргея Кароткіх.

Грамадзяніна Беларусі затрымалі 18 сакавіка 2022 году ў Валынскай вобласьці праз падазрэньне ў шпіянажы, але потым перакваліфікавалі абвінавачаньне і асудзілі на пяць месяцаў арышту без канфіскацыі маёмасьці па абвінавачаньні ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны.

Адвакат гэтага беларускага грамадзяніна паведамляў Свабодзе, што ягонага падабароннага затрымалі тады, калі той зьвярнуўся ў СБУ з паведамленьнем аб намеры спэцслужбаў Беларусі яго завэрбаваць.

«Яго затрымалі і абвінавацілі ў шпіянажы. СБУ замест таго, каб выкарыстаць яго як магчымага патэнцыйнага агента ў інтарэсах Украіны, паставіла сабе „птушачку“ і завяла крымінальную справу», — сказаў адвакат.

«Кілераў спэцслужбаў Расеі, якія плянавалі забойства міністра абароны, кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны і ўкраінскага актывіста» СБУ затрымала ў жніўні 2022 году.

Паводле СБУ, «кілеры» працавалі ў складзе дывэрсійна-выведнай групы, сфармаванай супрацоўнікамі вайсковай выведкі Расеі для падрыўной дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны. У яе ўвайшоў жыхар акупаванага Луганску, які ваяваў у складзе незаконных узброеных груповак так званай «ЛНР». Як сьцьвярджала СБУ, ён «маскаваў маршруты перамяшчэньня, таму заехаў ва Ўкраіну праз тэрыторыю Беларусі», у прыватнасьці праз пункты пропуску «Макраны» (Беларусь) — «Даманава» (Украіна).

Пазьней Сяргей Кароткіх заявіў у СМІ, што менавіта ён зьяўляецца тым украінскім актывістам, на якога плянаваўся замах.

​
XS
SM
MD
LG