Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне беларускаму «шпіёну» перакваліфікавалі абвінавачаньне і прысудзілі пяць месяцаў арышту


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Грамадзяніна Беларусі, якога затрымалі 18 сакавіка ў Валынскай вобласьці праз падазрэньне ў шпіянажы, асудзілі на пяць месяцаў арышту без канфіскацыі маёмасьці па абвінавачаньні ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны.

Цягам дасудовага расьсьледаваньня беларусу зьмянілі кваліфікацыю злачынства. Апроч таго, ён пайшоў на ўгоду са сьледзтвам, дзякуючы чаму атрымаў больш мяккае пакараньне — пяць месяцаў арышту.

19 жніўня грамадзянін Беларусі выйдзе на волю, паколькі яму залічылі знаходжаньне пад вартай пасьля затрыманьня ў адбыцьцё прызначанага пакараньня.

Новыя дэталі справы

У судовым выраку адзначаецца, што грамадзянін Беларусі ў першы дзень расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны перадаў супрацоўніку Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі інфармацыю аб перамяшчэньні калёны вайсковай тэхнікі батальённай тактычнай групы Ўзброеных сіл Украіны ў горадзе Шацк Валынскай вобласьці.

Паводле суду, гэтую інфармацыю «ў пэўных абставінах мог выкарыстаць праціўнік, каб перашкодзіць дзейнасьці Ўзброеных сіл Украіны і іншых сіл абароны і нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Украіны».

Прозьвішча супрацоўніка КДБ Беларусі вядомае суду і сьледзтву, аднак у судовым рашэньні яно закадыфікавана як «Асоба_4».

У выраку таксама адзначаецца, што беларус пагадзіўся на супрацу з спэцслужбамі Беларусі, бо меў сярод іх прадстаўнікоў знаёмых, якія падтрымліваюць «ідэі вайскова-палітычнага кіраўніцтва Беларусі і Расеі аб палітычнай, ідэалягічнай нецярпімасьці і нянавісьці да ўкраінскай нацыі і дзяржаўнасьці» і чыняць наўмысныя дзеяньні для захопу часткі тэрыторыі Ўкраіны.

22 ліпеня грамадзянін Беларусі падпісаў угоду аб прызнаньні сваёй вінаватасьці і фактаў, сабраных сьледзтвам.

Што вядома пра асуджанага беларуса

Затрыманы беларус пражывае ва Ўкраіне з 2006 году на падставе віду на сталае жыхарства. Мае ва Ўкраіне сям’ю і непаўналетняе дзіця. Да затрыманьня працаваў гандлёвым спэцыялістам адной зь берасьцейскіх кампаній у Валынскай вобласьці. Мае вышэйшую адукацыю. Нарадзіўся ў Маларыцкім раёне Берасьцейскай вобласьці.

Раней адвакат затрыманага беларуса расказваў Свабодзе, што ягонага падабароннага затрымалі тады, калі той зьвярнуўся ў СБУ з паведамленьнем аб намеры спэцслужбаў Беларусі яго завэрбаваць. «Яго затрымалі і абвінавацілі ў шпіянажы. СБУ замест таго, каб выкарыстаць яго як магчымага патэнцыйнага агента ў інтарэсах Украіны, паставіла сабе „птушачку“ і завяла крымінальную справу», — сказаў адвакат.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG