Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы грамадзянін Беларусі Сяргей Кароткіх сьцьвярджае, што затрыманыя ва Ўкраіне «кілеры» плянавалі ягонае забойства


Сяргей Кароткіх
Сяргей Кароткіх

Экс-грамадзянін Беларусі Сяргей Кароткіх, які ў 2014 атрымаў украінскае грамадзянства ўказам прэзыдэнта Парашэнкі, заявіў, што кілеры, нядаўна затрыманыя СБУ паводле падазрэньня ў рыхтаваньні забойства міністра абароны, кіраўніка вайсковай выведкі і ўкраінскага актывіста, плянавалі ягонае забойства.

«Дзякуй, родная СБУ, што абараняеце мой моцны сон і добрае здароўе. Ці мяне папярэдзілі? Так. Я нават у курсе, што асобным неахайным аматарам крыміналу перад сарваным замахам замовілі і праплацілі максымальную дыскрэдытацыю маёй сьціплай пэрсоны ў мэдыйным полі», — напісаў Сяргей Кароткіх у сваім тэлеграм-канале.

Ён дадаў, што калекцыянуе «такія навіны і падзеі». «Таму ня моцна зьдзіўлены. Так і жывем», — дадаў ён.

У камэнтары ўкраінскаму тэлеканалу «1+1», Сяргей Кароткіх выказаў зьдзіўленьне тым, што ягонае імя было побач з імёнамі міністра абароны і кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

«Ваенным шляхам у Расеі нічога не выходзіць зрабіць, таму яна спрабуе запалохаць жыхароў Украіны тэрорам», — сказаў ён.

Сяргей Кароткіх мяркуе, што Расею раздражняе ягоная пазыцыя. «Гэта ўжо ня першая спроба, калі яны такім чынам адпраўляюць мне „прывітаньне“. Я так разумею, што яны будуць спрабаваць дастаць яшчэ каго-небудзь. Некага з тых, хто зьвязаны з Расеяй і заяўляе, што Пуціну трэба ў Гаагу, што Расея хворая на вялікадзяржаўны шавінізм», — дадаў Сяргей Кароткіх.

8 жніўня Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла аб затрыманьні «кілераў спэцслужбаў Расеі, якія плянавалі забойства міністра абароны, кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны і ўкраінскага актывіста».

Пазьней пракуратура Ўкраіны ўдакладніла, што ўкраінскі актывіст — адзін з кіраўнікоў «Нацыянальнага корпусу», у мінулым камандзір выведнай роты полку ўкраінскага вайсковага падразьдзяленьня «Азоў» і дарадца аднаго зь міністраў.

Сяргей Кароткіх спрычыніўся да стварэньня і дзейнасьці арганізацыі «Беларускі дом ва Ўкраіне», кіраўніка якога Віталя Шышова год таму знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG