Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я вывезла цела сына ў багажніку». Гісторыі маці дваіх украінскіх вайскоўцаў


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Украінская служба BBC апублікавала гісторыі дзьвюх маці загінулых украінскіх вайскоўцаў, абставіны вяртаньня целаў якіх могуць шакаваць.

Адна зь іх, Людміла Купрыйчук, ​ у першыя дні акупацыі Херсона змагла прарвацца на падкантрольную расейцам тэрыторыю і вывезьці адтуль цела сына Максіма. Другая, Натальля Карпава​, змагла знайсьці цела свайго сына Рамана проста на полі бою, адразу пасьля вызваленьня Харкаўскай вобласьці. Іх гісторыі апісала BBC.

«Ніколі ня думала, што можна так ненавідзець»

Сыну Людмілы Купрыйчук было ўсяго 20 гадоў. Ён загінуў на другі дзень вайны, пад Херсонам, калі расейцы накрылі ягоны падразьдзел «Градамі». Цяпер маці стварыла ў пакоі сына невялікі музэй ягонай памяці.

Максім быў прафэсійным вайскоўцам, служыў у Львове і не прызнаваўся маці, што яго перакінулі на поўдзень. Не хацеў, каб яна хвалявалася. Калі пачалася вайна, Людміла першая яму патэлефанавала.

«Я нават блізка не магла ўявіць, што ён там [пад Херсонам], бо калі я размаўляла, ён казаў, што ўсё добра, ён у сябе ў Львове», — згадвае Людміла.

Пра сьмерць Максіма ёй паведаміла дзяўчына сына.

«Яна кажа, Максіма забілі. І ўсё, далей я нічога не памятаю. Я толькі ведаю, што я вельмі крычала. Яны прыслала мне той фатаздымак спаленага БТРа, спаленых целаў», — расказвае жанчына і спыняецца, каб выцерці сьлёзы.

«Гэта траса Генічэск — Новая Кахоўка. На ёй яны і загнулі. Я так разумею, што іх накіроўвалі на ахову Кахоўскай ГЭС. Іх накрывалі „Градамі“, а яны з аўтаматамі. Чым яны маглі адстрэльвацца, я ня ведаю», — працягвае Людміла.

Фатаграфію зь месца гібелі Максіма, задужа жахлівую, каб яе можна было паказаць без цэнзуры, прыслаў ягоны калега, які і пацьвердзіў гібель хлопца.

«Вы ўявіце, што ты ляжыш дома, і калі прыходзіць вечар, ты вар’яцееш. Ты разумееш, што тваё дзіця ляжыць у чыстым полі, а ўначы будзе мароз. Ты ляжыш і думаеш, што ён там замярзае, а яго ніхто не накрые».

Людміле настолькі цяжка, што час ад часу журналісты спынялі запіс, каб даць ёй адпачыць. Жанчына кожны дзень тэлефанавала ў вайсковую частку Максіма, але кожны раз чула адно і тое слова: чакайце. І празь некалькі дзён яна зразумела, што больш ня можа чакаць.

Калі ёй патэлефанаваў былы муж, бацька Максіма, яны вырашылі ехаць самі па цела сына.

Раніцай 4 сакавіка, праз тыдзень пасьля гібелі Максіма, яны паехалі яго шукаць на старым Mercedes, які купілі для гэтай паездкі. На той момант вёска, дзе загінуў сын, ужо знаходзілася пад акупацыяй расейцаў, і мясцовыя папярэдзілі, што тыя пачалі забіраць аўтамабілі ў цывільных украінцаў.

Людміла кажа, што яны ня мелі ніякага пляну, апроч таго, каб забраць цела свайго сына. Калі пад’ехалі да блёкпаста, на яе нацэлілі аўтамат. Узброеныя мужчыны сказалі, што яны з «ДНР».

Жанчына дагэтуль ня можа зразумець, як ёй удалося дамовіцца з баевікамі. Тыя пагадзіліся адвезьці яе на месца гібелі сына. Яна села да іх у машыну, а муж паехаў за імі сьледам. На пытаньне, ці было ёй страшна, Людміла адказала: «Брыдка».

Калі яны пад’ехалі да таго БТРа, дзе было цела Максіма, Людміла не магла зварухнуцца зь месца. Па цела сына пайшоў ягоны бацька.

«Я бачыла, як ён разрываў бушлат, каб паглядзець на тату — ёсьць яно ці не. Ёсьць. Гэта ўсё, што можна было пазнаць. Толькі тату. Не было ўжо нічога. На той момант яны ляжалі там ужо другі тыдзень. Спаленыя целы, а цяпер яшчэ і абгрызеныя... Калі тваё дзіця нясуць табе ў посьцілцы, а міма едзе калёна тэхнікі з пазнакамі [Z], у цябе пад нагамі трасецца зямля», — згадвае Людміла. З дому яны ўзялі коўдру, у якую і загарнулі цела сына.

Дадому ў Віньніцу яны ехалі 12 гадзін. Ад таго, што яны везьлі ў багажніку цела сына, ім зь цяжкасьцямі ўдавалася праяжджаць і ўкраінскія блёкпасты. Потым, калі цела Максіма дасьледавалі ў моргу, патолягаанатам паведаміў, што яго пасьля гібелі яшчэ і пераехалі.

«Ну навошта? Яны баяліся, што ён зараз падымецца і будзе іх даганяць? Яму аскепкам адарвала галаву. Як вы думаеце, ён бы іх дагнаў, што яны яго яшчэ і пераехалі? Яны мне проста яго не паказвалі, бо ў яго не было галавы».

Цяпер Людміла намагаецца жыць звычайным жыцьцём, але кажа, што ўнутры яе нібыта нешта згарэла. Кожны месяц у 25 дзень яна бярэ на працы выходны, каб наведаць магілу сына.

«Я ніколі ня думала, што можна так ненавідзець. Ня тое, што ненавідзіш душой, — ненавідзіш кожнай клетачкай цела. Ня толькі аднаго Пуціна, ненавідзіш усю нацыю, бо там не адзін Пуцін. Ня Пуцін націскае на кнопкі, ня Пуцін страляе ў нашых дзяцей. Я хачу, каб яны адчулі тое, што адчувалі мы. Я хачу, каб кожная маці прыйшла на такое поле, дзе ляжыць яе спаленае дзіця. Магчыма, гэта барбарства, але я гэтага хачу», — прызналася Людміла.

«Мой сын праляжаў у полі паўгода»

Сын Натальлі Карпавай Раман загінуў у красавіку. Яму было 30 гадоў, ён служыў інжынэрам радыёэлектроннай барацьбы ва Ўзброеных сілах Украіны.

Ён ня выйшаў на сувязь 23 красавіка, і яна вырашыла патэлефанаваць камандзіру ягонай часткі. Той паспрабаваў яе супакоіць нібыта адсутнасьцю сувязі, а пазьней сябры Рамана паведамілі аб ягонай гібелі. Яны знайшлі ягоны фатаздымак у расейскім тэлеграм-канале, але ў вайсковай частцы аб гэтым нічога ня ведалі.

Яна пачала пошукі цела свайго сына з гэтага фатаздымка. Вызначыць месца гібелі дапамаглі вайскоўцы зь іншай вайсковай часткі, вайскоўцы якой таксама былі на гэтым здымку.

Празь нейкі час яна даведалася, што Раман загінуў пад Ізюмам. Байцы знайшлі ягонае цела пры дапамозе дрона. Але адразу яго забраць было немагчыма праз жорсткія баі, якія там адбываліся ўвесь час.

Натальля чакала і сачыла за ўсімі навінамі з той мясцовасьці, а калі Ізюм вызвалілі, пачала тэлефанаваць усім, каб забраць цела Рамана для пахаваньня.

«Я ўвесь гэты час не магла дабрацца да цела сына, але я не давала людзям забыцца пра тое, што яго трэба забраць», — гаворыць жанчына. І калі туды накіравалася пошукавая брыгада, яна паехала разам зь імі.

Пошук целаў праз паўгодапасьля гібелі і працяглых баёў — місія на мяжы зь безнадзейнасьцю і варя’цтвам. Адступаючы, расейцы замінавалі тэрыторыю. Першая група сапэраў падарвалася на расьцяжцы, але ім дапамаглі, адправілі ў лякарню і прадоўжылі пошукі.

Целы Рамана і яшчэ двух байцоў знайшлі пошукавыя сабакі.

«Ляжалі там утрох так, як на відэа расейцаў. Выяўляецца, яны проста кінулі іх у яр. Забралі гэтыя целы, вынесьлі, пераклалі ў мяшкі, ідэнтыфікавалі. У майго сына быў жэтон... І гэтыя штаны ягоныя, на якія я сама прышывала гузік. Я на сто адсоткаў ведаю, што гэта маё дзіця. Калі мы знайшлі целы, у мяне была нейкая палёгка, што я нарэшце сваё дзіця пабачыла, забрала, і я яго пахаваю», — расказала жанчына.

Бацькі пахавалі Рамана, але паведамленьне камісарыяту аб ягонай гібелі атрымалі толькі пасьля таго, як іхную гісторыю запісалі журналісты.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG