Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Год расейскае мовы» і нацыянальная катастрофа Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

2023 год у краінах СНД абвешчаны «Годам расейскай мовы». Пра гэта Пуцін нагадаў Лукашэнку падчас размовы ў Рускім музэі ў Санкт-Пецярбургу. І Лукашэнка ўхвальна падтрымаў: «Это к месту. Подчеркнёт значимость».

Гаварылі нібыта пра СНД, малазначную структуру, якая кожны год абвяшчае годам чагосьці, і назаўтра ніхто пра гэта ня памятае. Але адна рэч — азіяцкія краіны і зусім іншая — Беларусь, самая русыфікаваная краіна рэгіёну, суседка Украіны, дзе расейская агрэсія скіраваная на «дэнацыфікацыю» (чытай: дэўкраіназацыю і русыфікацыю).

Няма сумневу, што якраз у Беларусі чыноўнікі скарыстаюцца гэтым «годам расейскай мовы», каб пастарацца давесьці нацыянальную катастрофу да пераможнага канца. Абсалютна немагчыма сёньня ўявіць сабе, каб у нас быў абвешчаны Год мовы беларускай.

Мне згадаўся сёлетні эпізод, пра які расказаў мастак Алесь Цыркуноў. Яго затрымалі проста ў судзе — над іншым мастаком, Алесем Пушкіным. У пратаколе міліцыянт запісаў: «Размаўляў па-беларуску».

«На судзе былі нейкі мітычныя асобы, якія сьведчылі пра маё страшнае зладзейства, — кажа Цыркуноў. — А чаму вы мне пішаце, што размаўляў па-беларуску? Гэта ўжо нейкі генацыд. Можа, пачнём адлоўліваць тых, хто размаўляе па-беларуску? У судзе адказваюць: мы ня супраць беларускай мовы, нічога такога, але сьведка так сказаў, то так і запісана».

То бок, зразумела, на што нацэлены міліцыянт-«сьведка», якія ў яго ў галаве ўстаноўкі і што гэтыя ўстаноўкі ня могуць быць яго выдумкай, яны стандартныя для ўсіх.

За мінулыя тры гады затрыманыя неаднойчы згадвалі, што менавіта за беларускую мову іх арыштоўвалі і катавалі. Не кажу ўжо, што ўсе пратаколы, суды, камунікацыя з прадстаўнікамі рэжыму адбываюцца выключна па-расейску.

Па сутнасьці, гэта тая самая «спэцапэрацыя», тая самая агрэсія, што і ва Ўкраіне, хіба што не ваенная. Пакуль. Беларусаў і ўкраінцаў як самабытных нацыяў не павінна быць. Беларусі і Ўкраіны як самастойных дзяржаваў не павінна быць. Так вырашыў Крэмль. Толькі ва Ўкраіне з гэтым нязгодныя як народ, так і ўлада. А ў Беларусі з гэтым цалкам згодны самаабвешчаны рэжым. «Это к месту. Подчеркнёт значимость».

Адзіным суб’ектам палітыкі, які можа выратаваць беларушчыну ад зьнікненьня, сёньня зьяўляецца беларускі народ, яго дэмакратычныя прадстаўнікі. Тыя, хто разумее каштоўнасьць роднага слова. Тыя, хто цяпер у турмах, у падпольлі, у эміграцыі. І ня толькі выратаваць, але ўзяць беларускую мову на ўзбраеньне ў сваім змаганьні з таталітарызмам. Пагатоў іншае магутнае зброі і іншае самаідэнтыфікацыі, іншай суб’ектнасьці ў іх сёньня няма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG