Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапач, Кудасава, Бартосік, Знак. Найлепшыя кнігі 2022 году


Напрыканцы году Радыё Свабода з дапамогай экспэртаў традыцыйна вызначае найлепшыя беларускія кнігі, якія зьявіліся цягам апошніх 12 месяцаў. Гледзячы на сёлетнія імёны аўтараў кніг-ляўрэатаў, мы раптам зразумелі, што нікога зь іх ня можам павіншаваць асабіста.

  • «Гаспадыня восеньскага дому» — пасьмяротная кніга Тацяны Сапач.
  • Наста Кудасава з кнігай «Побач» і Зьміцер Бартосік з кнігай «Забіць упалмінзага» — у вымушанай эміграцыі.
  • А Максім Знак ужо два з паловай гады зьняволены беларускім рэжымам. Даведаўшыся пра выданьне на волі ягонага «Зэкамэрону», турэмнае начальства кінула аўтара ў катоўню. Вось сымбаль твой, беларуская літаратура.

Закратаваная літаратура

За кратамі застаюцца дзясяткі кніжных людзей Беларусі. У іх ліку ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Аляксандр Фядута, Андрэй Скурко, Ігар Аліневіч, Мікола Дзядок

Зьліквідаваныя прафэсійныя арганізацыі людзей слова «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» і «Беларускі ПЭН-цэнтар».

Спынены выхад часопіса «Верасень» і тыднёвіка «Новы час».

Пазбаўленыя ліцэнзій недзяржаўныя выдавецтвы «Галіяфы» (адначасова закрытая і кнігарня пры ім), «Мэдысонт» і «Кнігазбор». У стадыі ліквідацыі выдавецтва «Лімарыюс».

Пры спробе адчыніцца разгромленая новая кнігарня «Кнігаўка». Яе стваральнік выдавец Андрэй Янушкевіч пасьля амаль месячнага арышту спыніў сваю дзейнасьць і пакінуў Беларусь.

Закрыты дабрачынны фонд «Вяртаньне», які быў фундатарам некалькіх незалежных літаратурных прэмій. Ягоны дырэктар Сяргей Макарэвіч арыштаваны.

«Чытач» Азаронак і кнігі «экстрэмісткі»

Дзяржаўны прапагандыст Рыгор Азаронак сёлета актыўна зацікавіўся беларускай літаратурай. Яго неаднаразова можна было бачыць у менскіх кнігарнях, пасьля чаго кіраўнікам прыходзілі ўказаньні вышэйшага начальства прыбраць з продажу творы неляяльных да ўлады аўтараў. А як толькі «чытач» Азаронак пабываў на адкрыцьці новай менскай кнігарні «Кнігаўка», то прыбралі і саму кнігарню. Кнігі зь яе забралі на экспэртызу.

У выніку «эктрэмісцкімі» былі прызнаныя беларускі пераклад «Баляды пра маленькі буксір» Ёсіфа Бродзкага (першая публікацыя набэліянта) і гістарычная манаграфія Сьвятланы Казловай «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі». Абедзьве выйшлі ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча. Трэцяй стала выстаўленая ў «Кнігаўцы» «Айчына» Ўладзімера Арлова, выдадзеная ў «Тэхналёгіі».

Раней сёлета «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя «Краткий курс истории Беларуси» Анатоля Тараса, ягоны ж зборнік артыкулаў «Беларусь на распутье», «Ваенная гісторыя Беларусі» Віктара Ляхора, раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», зборнік Зьмітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя». А пачаўся гэты сьпіс у 2017 годзе з кніг Зянона Пазьняка «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял» і «Добрая фатаграфія».

«Мы зьехалі, а любімыя кнігі засталіся дома»

Чатыры новыя беларускія выдавецтвы за год — такі вынік працы памнажальнікаў айчыннай папяровай кнігі ў замежжы. Першымі выданьнямі ўжо пасьпелі заявіць пра сябе «Гутэнбэрг» у Кракаве, «Кнігаўка» і «Полацкія лябірынты» ў Варшаве ды Skaryna Press у Лёндане. Няма сумневу, што іх чакае посьпех. На прэзэнтацыі новых кніг паўсюль ад Вільні да Лёндану прыходзяць дзясяткі выпхнутых рэжымам з радзімы актыўных чытачоў.

Першым, хто зразумеў новую сытуацыю з беларускай кнігай у замежжы, быў беластоцкі «Камунікат». Раней ягоны стваральнік і кіраўнік Яраслаў Іванюк лічыў, што час папяровых выданьняў мінуў, ды актыўнічаў зь іх пераводам у лічбавы фармат. У выніку чаго «Камунікат» стаў найбуйнейшай ў сьвеце беларускай інтэрнэт-бібліятэкай. Але летась Іванюк адважыўся на выданьне новага раману Ўладзімера Някляева «Гэй Бэн Гіном» у традыцыйным фармаце. Кніга, зь якой аўтар і выдавец праехалі па дзесяці гарадох Польшчы ды Літвы, мела вялікі посьпех. Давялося дадрукоўваць наклад.

Чакаючы новых кніг, чытачы закідалі «Камунікат» просьбамі перавыдаваць і ранейшыя. «Мы зьехалі, а любімыя кнігі засталіся дома», — тлумачылі яны свае просьбы. Бо і сапраўды, хатнюю бібліятэку ў валізку не пакладзеш. У выніку за год з варштатаў «Камунікату» выйшла каля дзясятка перавыданьняў, сярод якіх бэстсэлеры Віктара Марціновіча ды Ўладзімера Арлова.

Гэткім чынам на сёньня з улікам паўсталых раней «Логвінава» ў Вільні, «Вясны» ў Празе ды пераарыентаванага ў Беластоку «Камунікату» за мяжой працуе сем беларускіх выдавецтваў.

Лягчэй ластаўцы пераляцець праз мора, чым беларускай кнізе праз кардон

Людзям у Беларусі недасяжныя замежныя выданьні. Як і змушаным эмігрантам — беларускія. Сёе-тое, як тая ластаўка праз мора, усё ж пералятала праз кардоны. Але шматлікія нашыя просьбы да чытачоў па абодва бакі мяжы далучыцца да вызначэньня найлепшых кніг году натыкаліся на адмову праз адсутнасьць магчымасьці бачыць агульную панараму.

Гэтая панарама ў самой Беларусі, трэба прызнаць, парадзела ў разы ў параўнаньні нават з папярэднім годам, не кажучы ўжо пра пяць гадоў таму. Тады выдаваліся дзясяткі паэтычных, празаічных ды дакумэнтальных томікаў ды тамоў і мы маглі прасіць нашых экспэртаў назваць па пяць лепшых кніг году ў кожным жанры. А дзесяць гадоў таму кожны з іх называў па дзесяць паэтычных, празаічных ды нонфікшанаўскіх намінантаў.

Ну але маем тое, што маем: дзесяць асобаў (па пяць тут і там) вызначылі па адной найлепшай кнізе году ў кожнай намінацыі. Імёны экспэртаў з Беларусі мы з прычынаў іхняе бясьпекі не называем. Яны ў нас звычайныя чытачы. Зрэшты, у літаратурным працэсе ўсіх часін і народаў Чытач — самая важная і важкая фігура.

Агульны сьпіс названых кнігаў

Паэзія

  • Тацяна Сапач. Гаспадыня восеньскага дому. «Вясна», Прага.(2)
  • Наста Кудасава. Побач. «Цымбераў».(2)
  • Антаніна Хатэнка. Вербніца. «Кнігазбор».(1)
  • Вольга Гапеева. Парадокс «Немаўля». «Галіяфы».(1)
  • Мойшэ Кульбак. Усе вершы і паэмы. «Вясна», Прага.(1)
  • Марыя Мартысевіч. Водападзел. «Полацкія лябірынты».(1)
  • Данута Бічэль. Гаўя ўпадае ў Нёман. «Про Хрысто».(1)
  • Ганна Янкута. Геалёгія. «Колас».(1)

Проза

  • Максім Знак. Зэкамэрон. «Беларуская турэмная літаратура». Праваабарончы цэнтр «Вясна».(3)
  • Іна Снарская. Зачараваны скарб. «Кнігазбор».(2)
  • Сьцяпан Стурэйка. Пасажыры карабля Тэсэя. «Янушкевіч».(2)
  • Алег Дашкевіч. З вышыні птушынага палёту». «Цымбераў».(1)
  • Сьвятлана Аўдзейчык. Кніга здольных 2: нашчадкі агрыяў. «Галіяфы».(1)
  • Сяргей Рублеўскі. Барлёшы па назе. «Галіяфы».(1)

Дакумэнталістыка

  • Зьміцер Бартосік. Забіць упалмінзага. «Бібліятэка Свабоды».(3)
  • Усевалад і Анатоль Сьцебуракі. Сьцебуракаў лёс. «Кнігазбор».(2)
  • Сяргей Лескець. Шэпт. Выдавецкая каманда «Вільма».(2)
  • Сяргей Абламейка. Чаму Беларусь не Расея. «Бібліятэка Свабоды».(1)
  • Алесь Бяляцкі. Беларускі ПЭН і «Полацкія лябірынты».(1)
  • Тацяна Астроўская. Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968–1988). «Праваабарончы цэнтар «Вясна».(1)

Як мы вызначалі рэйтынг

Агулам названыя дваццаць намінантаў. Некаторыя з экспэртаў упадабалі адну і тую ж кнігу. Лічба ў дужках азначае, колькі разоў называлася выданьне. Простая сума гэтай колькасьці вызначыла аўтараў кніг-ляўрэатаў. Імі сталі ў паэзіі Тацяна Сапач і Наста Кудасава з аднолькавай колькасьцю галасоў, у прозе Максім Знак і ў дакумэнталістыцы Зьміцер Бартосік.

Як галасавалі нашы экспэрты

Наталля Русецкая, паэтка, літаратуразнаўца

  • Паэзія: Тацяна Сапач. Гаспадыня восеньскага дому. «Вясна», Прага.
  • Проза: Іна Снарская. Зачараваны скарб. «Кнігазбор».
  • Дакумэнталістыка: Сяргей Абламейка. Чаму Беларусь не Расея. «Бібліятэка Свабоды».

Чытачка А.

  • Паэзія: Антаніна Хатэнка. Вербніца. «Кнігазбор».
  • Проза: Алег Дашкевіч. З вышыні птушынага палёту. «Цымбераў».
  • Дакумэнталістыка: Усевалад і Анатоль Сьцебуракі. Сьцебуракаў лёс. «Кнігазбор».

Зьміцер Вішнёў, літаратар, мастак, кнігавыдавец

  • Паэзія: Вольга Гапеева. Парадокс «Немаўля». «Галіяфы».
  • Проза: Сяргей Рублеўскі. Барлёшы па назе. «Галіяфы».
  • Дакумэнталістыка: Зьміцер Бартосік. Забіць упалмінзага. «Бібліятэка Свабоды».

Чытачка У.

  • Паэзія: Мойшэ Кульбак. Усе вершы і паэмы. «Вясна», Прага.
  • Проза: Сьцяпан Стурэйка. Пасажыры карабля Тэсэя. «Янушкевіч».
  • Дакумэнталістыка: Зьміцер Бартосік. Забіць упалмінзага. «Бібліятэка Свабоды».

Ванда Марцінш душ Рэйш, паэтка, перакладчыца

  • Паэзія: Наста Кудасава. Побач. «Цымбераў».
  • Проза: Максім Знак. Зэкамэрон. «Беларуская турэмная літаратура». Праваабарончы цэнтр «Вясна».
  • Дакумэнталістыка: Зьміцер Бартосік. Забіць упалмінзага. «Бібліятэка Свабоды».

Чытач Б.

  • Паэзія: Марыя Мартысевіч. Водападзел. «Полацкія лабірынты».
  • Проза: Сьцяпан Стурэйка. Пасажыры карабля Тэсэя. «Янушкевіч».
  • Дакумэнталістыка: Сяргей Лескець. Шэпт. Выдавецкая каманда «Вільма».

Алесь Аркуш, літаратар, кнігавыдавец

  • Паэзія: Наста Кудасава. Побач. «Цымбераў».
  • Проза: Максім Знак. Зэкамэрон. Серыя «Беларуская турэмная літаратура». Праваабарончы цэнтр «Вясна».
  • Дакумэнталістыка: Тацяна Астроўская. Культура і супраціў. Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968–1988). «Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Чытачка Д.

  • Паэзія: Данута Бічэль. Гаўя ўпадае ў Нёман. «Про Хрысто».
  • Проза: Максім Знак. Зэкамэрон. Сэрыя «Беларуская турэмная літаратура». Праваабарончы цэнтр «Вясна».
  • Дакумэнталістыка: Алесь Бяляцкі. «Беларускі ПЭН і «Полацкія лябірынты».

Валянціна Андрэева, кнігавыдавец

  • Паэзія: Ганна Янкута. Геалёгія. «Колас».
  • Проза: Сьвятлана Аўдзейчык. Кніга здольных 2: нашчадкі агрыяў. «Галіяфы».
  • Дакумэнталістыка: Сяргей Леськець. Шэпт. Выдавецкая каманда «Вільма».

Чытач Х.

  • Паэзія: Тацяна Сапач. Гаспадыня восеньскага дому. «Вясна». Прага.
  • Проза: Іна Снарская. Зачараваны скарб. «Кнігазбор".
  • Дакумэнталістыка: Усевалад і Анатоль Сьцебуракі. Сьцебуракаў лёс. «Кнігазбор».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG