Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне страшна. Я ўрэшце дома». Пра «Анталёгію паэтак», укладзеную Вальжынай Морт


Менск, 2020
Менск, 2020

Беларусь, як кажуць, кніжная нацыя — яе духоўнае аблічча стварыла культура пісанага і друкаванага слова. Дзякуючы гэтай асаблівасьці, я ўпэўнены, краіна стрывае і цяперашняе — ужо каторае! — нашэсьце барбараў на беларушчыну. Новая кніга ініцыятывы «Пфляўмбаўм» — яшчэ адзін гэтаму доказ.

«Анталёгія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт». «Пфляўмбаўм», 2022; 340 ст.

У анталёгіі выбранага Вальжынай Морт — 63 прозьвішчы. Многа гэта ці мала? Залежыць, зь якой пэрспэктывы паглядзець.

З пэрспэктывы тых паэтак, якія хацелі б трапіць у гэтую анталёгію, але ў ёй не апынуліся, — мала. З пэрспэктывы літаратуразнаўцаў, якія хацелі б мець як мага паўнейшы вобраз «жаночай паэзіі на сучасным этапе», — мусіць, таксама мала. З пэрспэктывы чытача-аматара паэзіі, такога як я, які ў тоўстым зборніку хоча знайсьці прынамсі пяць-шэсьць вершаў, каб пагрэць душу і паказытаць мозг, — цалкам дастаткова.

З вашага дазволу, я праілюструю свой кароткі водгук на анталёгію некаторымі фрагмэнтамі зь яе, якія мацней пагрэлі і паказыталі мяне.

Такі востры край,
Што з паветра растуць крыжы і дзядоўнік,
Касьцёлы будуюць,
Каб схаваць зброю.
Дзеці гуляюць касьцямі
Прайграных паўстаньняў.

Край забытых дзьвярэй і забітых шыбаў.

(Марыя Бадзей)

Адчуваю, што выбар матэрыялу для анталёгіі, зроблены Вальжынай Морт, стаў вынікам кампрамісу. З аднаго боку, укладальніцы хацелася — як і павінна быць у аўтарскай анталёгіі — пакінуць выразны адбітак уласнага, індывідуальнага густу і паказаць такую карціну сучаснай беларускай паэзіі, якая ёй самой найбольш даспадобы. А з другога — мне таксама бачыцца памкненьне адмераць «больш-менш пароўну» і ўключыць у зборнік аўтарак, якія ня надта ў індывідуальнае, «мортаўскае» ўспрыманьне паэзіі ўпісваюцца, але дзеля «справядлівасьці» ці, як кажуць палякі, dla świętego spokoju павінны ў анталёгіі прысутнічаць. Таму цэласны вобраз атрымаўся даволі пярэсты, хоць гэта ня значыць, што яго саштукавалі зь нізкапробнага матэрыялу.

«Выходзь!» — гудзе інтэрнэт.
І ты дасылаеш сябрам інструкцыі:
— калі затрымаюць;
— калі пасадзяць;
— калі заб’юць.

Цалуеш дзяўчыну, якую ніколі б
не адпускала,
і хочацца толькі аднаго:
вярнуцца —
галоднай, стомленай, мурзатай,
але шчасьлівай —
і паўтарыць яшчэ.

(Крысьціна Бандурына, «Да жонкі наглядчыка заапарка»)

Неспакой, страх, жах, жудасьць, якія нараджаюцца ў сутыкненьні суб’екта з вонкавым сьветам, з рэальнасьцю «post-2020» — занадта прыкметныя матывы сучаснай беларускай паэзіі, каб яны маглі застацца па-за ўвагай складальніцы. Вось прыклад «суб’ектывізаванай» рэакцыі на сьвет:

за месяц я зьядаю
адну пласьцінку тэнатэну
адна пласьцінка каштуе сем рублёў
за месяц я выпіваю
адну бутэлечку валяр’янкі
адна бутэлечка каштуе
рубель дваццаць
галоўнае правіла
чалавека на заспакаяльных
не мяшаць гамэапатыю з экстрактам
і важнае зь няважным
пакіньце мяне ў спакоі
ён каштуе восем рублёў
дваццаць капеек
на месяц

(Дар’я Бялькевіч, «Спакой»)

А вось тут — спроба «аб’ектывізаваць» і «вытлумачыць» такую рэакцыю:

Мне страшна.
Я ўрэшце дома.

Я атрымала ў спадчыну
свой страх —
сямейную рэліквію,
каштоўны камень,
які перадаецца
ад пакаленьня да пакаленьня.

Наш круглы родавы валун,
некалі скрадзены
з панскага поля.

(Юля Цімафеева, «Камень страху»)

І яшчэ ўжо хрэстаматыйны прыклад сучаснай «грамадзянскай лірыкі» з матывам беларускага страху:

Тут кожны баіцца прызнацца, што страціў кагосьці,
што больш немагчыма бяз жаху ступаць па зямлі:
сасновыя шышкі трашчаць пад нагамі, як косьці,
як берцы забойцаў, чарнеюць у травах камлі.
А ў небе — нябесныя сотні, нябесныя шэсьці…
А зь неба скрозь сьлёзы, абняўшы нябесны штурвал,
глядзіць ашалелы ад роспачы лётчык Акрэсьцін:
«Усё пазабыта.
Нікога
не
ўратаваў».

(Наста Кудасава)

Цяжка рацыяналізаваць, на чым насамрэч палягае розьніца паміж «жаночай» і «мужчынскай» паэзіяй, і ці настолькі гэтая розьніца прынцыповая і кардынальная, каб складаць асобныя «жаночыя анталёгіі» (няма ж асобных «мужчынскіх анталёгій»), але яна, розьніца, несумненна ёсьць, калі меркаваць па прыведзеных вышэй фрагмэнтах. Ня толькі я заўважаю, што беларуская літаратура адрэагавала (і працягвае рэагаваць) на падзеі 2020 году і іх наступствы найбольш яскрава і таленавіта якраз у паэзіі, пісанай жанчынамі. Ці не таму, што жанчынам значна лягчэй, чым мужчынам, пераступіць мяжу «традыцыі» ў беларускай літаратуры, якая наагул не дазваляе аўтарам-мужчынам «агаляць» свой страх, роспач, зьняверу і бязвыхаднасьць у паэзіі?

— Если родители, то мама или папа,
если ребёнок, то девочка или мальчик,
если война, то хорошие и плохие —
выбор такой, почти абсолютный, без третьего.

Если дерево, то тополь или берёза,
если мясо, то курица или свинина,
если море, то Чёрное или Балтийское —
это такой относительный выбор, условный.

Но — случается так, что совсем без выбора:
например, седьмая палата, у выхода койка,
в двадцать три — к дежурной сестре на уколы…
И сосед-алкоголик, всегда почему-то — Володя.

(Сабина Брило)

Экзыстэнцыяльная іронія, замаскаваная, як у гэтым вершы Сабіны Брыло, пад выглядам «побытавых роздумаў», — таксама адметная рыса сучаснай беларускай паэзіі, пісанай жанчынамі. Дакінем тут яшчэ адзін верш для ілюстрацыі гэтай рысы:

… после мы с Олей соседкой по площадке
обошли весь дом для сбора денег на похороны

чтобы отдать их дяди Диминым родственникам
все до одной квартиры дали по 5 рублей
независимо от количества
проживающих в них людей

и никто не пустил на порог
но так как мы с Олей были выпивши
после поминального стола домашней самогонки
то совсем не обиделись

наоборот было смешно
Оля сказала:
«Хоть знаем теперь
у кого какая дверь»

ещё вспомнила что на кладбище
когда соседа закапывали
я всё думала что вот он жил всю жизнь над нами
а тепер лежит под ногами

(Таня Скарынкина, «На смерть соседа»)

На заканчэньне павярэджу, так сказаць, сваю прыватную стрэмку. «У гэтай анталёгіі сабраныя вершы ХХІ ст. беларускіх паэтак розных узростаў, вопытаў і моваў», — прачытаў я ў анатацыі да «Анталёгіі паэтак», і маё сэрца ёкнула. Няўжо будзе Зоя Сачко зь Бельску зь вершамі па-падляску? Ды не, ня гэтым разам. Пакуль што толькі Надзея Артымовіч зь Бельску і Міра Лукша зь Беластоку, па-беларуску. Але й за гэта вялікі дзякуй укладальніцы.

«Я належу да пакаленьня, якое чытала „сабраныя“ і „выбраныя“ творы, а ня тоненькія кніжкі, — піша на пачатку анталёгіі Вальжына Морт (нар. 1981). — Менавіта таму я і люблю анталёгіі: не асобны прадукт для літаратурнага маркетынгу, а хор галасоў, прастора для мноства, кнігі, у якіх сабраная побач рознасьць і іншасьць. Менавіта таму іх немагчыма поўнасьцю любіць ці не любіць. Гэта кніжкі для пошуку: свайго, патрэбнага ў дадзены момант, новага, іншага. Мой падыход да адбору тэкстаў палягаў на тым, каб падрыхтаваць прастору тэкстаў для вашага плённага пошуку».

Калі мець на ўвазе гэтае пасланьне, то, як мяркую, «Анталёгія паэтак» не павінна расчараваць чытачоў. Мяне яна, ва ўсякім выпадку, моцна абрадавала і пагрэла.

У анталёгіі прадстаўленыя наступныя паэткі: Валянціна Аксак, Надзея Артымовіч, Марыя Бадзей, Крысьціна Бандурына, Раіса Баравікова, Данута Бічэль-Загнетава, Сабина Брило, Вера Бурлак, Дар'я Бялькевіч, Марыя Вайцяшонак, Сьвятлана Варонік, Ася Волкава, Анна Воронова, Вольга Гапеева, Вольга Гронская, Аксана Данільчык, Ірына Дарафейчук, Ярына Дашына, Тацяна Дзьмітрыева, Ірына Дубянецкая, Таня Замировская, Лена Зински, Ольга Злотникова, Кася Іофэ, Лина Козакова, Югася Каляда, Галіна Каржанеўская, Анна Ковшар, Ганна Комар, Надежда Кохнович, Наста Кудасава, Натальля Кучмель, Міра Лукша, Мария Малиновская, Наста Манцэвіч, Ольга Маркитантова, Марыя Мартысевіч, Ванда Марцінш Душ Рэйш, Кацярына Масэ, Вальжына Морт, Тацяна Нядбай, Алена Пятровіч, Людміла Рублеўская, Натальля Русецкая, Людмила Русова, Тацяна Сапач, Татьяна Светашёва, Людка Сільнова, Галіна Сіўчанка, Таня Скарынкина, Лера Сом, Аксана Спрынчан, Віка Трэнас, Анка Упала, Вера Филенко, Юля Цімафеева, Ганна Шакель, Наста Шакунова, Юля Шатун, Юлія Шэдзько, Анхела Эсьпіноса Руіс, Ганна Янкута.

Літаратуразнаўчую прадмову да анталёгіі напісала Ўльяна Верына.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG