Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я была наіўная, калі думала пра чалавецтва трохі лепш», — паэтка Наста Кудасава


Наста Кудасава. Фота Ганны Трутневай
Наста Кудасава. Фота Ганны Трутневай

Наста Кудасава, ляўрэатка Прэміі «Кніга году» (2016), прэміі імя Міхася Стральцова (2021), адказвае на пытаньне, ці магчыма пісаць вершы падчас вайны, прызнаецца, што цяпер не адчувае той еднасьці з народам, якую адчувала ў жніўні 2020 году, і тлумачыць, чаму зацікавілася ўдмурцкай літаратурай.

Сьцісла:

  • Як бы дзіка гэта ні прагучала, мне сапраўды падчас вайны камфортна ў пляне творчасьці.
  • Цяпер я не адчуваю той еднасьці з народам, якую адчувала ў жніўні 2020 году.
  • Я была вельмі наіўная, калі думала пра чалавецтва троху лепш.
  • Я ня ведаю, як пісаць пра вайну. Гэта настолькі прымітыўнае зло, што я не разумею, што і як тут можна сказаць
  • Перакладаць удмуртаў — гэта быў мой сьвядомы выбар, мой адказ, што я магу зрабіць супраць расейскай імпэрскай палітыкі.

— Вы нядаўна напісалі ў Фэйсбуку: «Я адчуваю, што нарэшце такая мая эмацыйная, экспрэсіўная, патасная манера адчуваць сусьвет, якая раней была недарэчы, цяпер акурат дарэчы аказалася. Як быццам я ў сваім часе жыву». Часам пра паэтаў, увогуле творцаў кажуць, што яны занадта драматычна ці эмацыйна ўспрымаюць рэчаіснасьць. Але цяпер вакол нас сапраўды пануе ненармальнасьць сьвету, якая асабліва абвастрылася апошнія гады. Атрымліваецца, яна спрыяе вашай творчасьці?

— Можа, сапраўды ў творчых людзей ёсьць нейкі своеасаблівы мазахізм, драматызацыя. Але вось гэтая цяперашняя ненармальнасьць сусьвету нібыта здрабніла ўсё тое, што было раней — усе гэтыя асабістыя перажываньні, крыўды — усё гэта цяпер падаецца сьмешным. У параўнаньні з тым жахам, які мы назіраем цяпер, многія нашы ранейшыя клопаты падаюцца дробнымі.

Прыйшла нейкая глыбіня, душа закранутая вельмі моцна, адчуваеш сябе сапраўдным чалавекам. Таму, як бы дзіка гэта ні прагучала, мне сапраўды цяпер камфортна ў пляне творчасьці. Як адзначыла Ганна Севярынец, «мы ўсе цяпер жывём у падручніку гісторыі».

— Але як шмат людзей ахопленыя менавіта такім драматычным успрыманьнем? Напрыклад, у тым самым Рагачове, дзе вы жывяце? Бо многія ж жывуць як жылі, сваімі побытавымі праблемамі, і гэтая «гісторыя», нават вайна іх нічым не кранае, акрамя радкоў у навінах.

— У мяне бывае адчуваньне, што нікога нічога не кранула, «вайна нас ня тычыцца, гэта не наш клопат». Хоць у першыя дні вайны неба над намі ў Рагачове гудзела, днямі і начамі, — вайна адчувалася вельмі блізка. І тут я магу сказаць, што ў гэтым успрыняцьці вайны я не адчуваю еднасьці з большасьцю беларусаў. Калі ў жніўні-верасьні 2020-га я адчувала гэтую еднасьць (прынамсі, мне так падавалася), усе былі ўцягнутыя ў гэтую тэму пратэстаў, — то цяпер многія ўспрымаюць вайну як нешта далёкае.

— Вы таксама пісалі, што карціна сьвету ў вас зьмянілася менавіта пасьля жніўня 2020 году, цяперашняя вайна толькі пацьвярджае яе. «І, на жаль, чалавек не зьмяняецца. Жах гэтай сытуацыі ў тым, што яна не надзвычайная. Гэта заканамернае разьвіцьцё». Такія думкі нараджаюць у вас адчай ці спакойнае прыняцьце?

— Так, цяпер гэта балючае, але прыняцьце. Ёсьць разуменьне, што гісторыя ня вучыць людзей, яны, відаць, ня моцна зьмяніліся. Гэта я была вельмі наіўная, я думала пра чалавецтва троху лепш. А цяпер я бачу, што вельмі проста і лёгка гэты пачварны пачатак выпусьціць на волю. Троху папрацавала прапагандысцкая машына, і людзі ўжо гатовыя забіваць іншых.

Часам у мяне проста апускаюцца рукі і хочацца адстараніцца ад усіх гэтых страшных рэчаў, уласьцівых чалавечаму роду. Плянэта ж складаецца ня толькі зь людзей, я магу ў розных тэлеграм-каналах назіраць, напрыклад, як недзе жывуць мядзьведзі або як барсук будуе сабе нару. Я лічу гэтую частку жыцьця ня менш важнай, чым нашы чалавечыя звадкі.

— У вас ёсьць радкі пра гэта:

«Лепей бы я паважаным зайцам

бегла ў вясну з усіх лап,

чым гэты боль чалавекам звацца.

Лепей я зьверам была б».

І калі вы бачыце, што ня можаце зьмяніць чалавецтва, і нават больш канкрэтных людзей вакол вас, то вы выбіраеце — лепш я буду пісаць добрыя вершы, канцэнтруючыся толькі на гэтым?

— Так, кожны дзень варта казаць самому сабе — што канкрэтна я сёньня магу добрага і карыснага зрабіць? Захоўваць сябе ў добрай фізычнай і маральнай форме, быць патрэбным для сваёй сям’і. Што я магу зрабіць для сваёй краіны, свайго народу? Я ўмею толькі пісаць вершы. Значыць, мне і трэба рабіць сваю працу, выконваць сваё прызначэньне.

— Вы казалі, што пасьля падзеяў 2020 году ў Беларусі пачалі пісаць больш простыя, публіцыстычныя вершы. Што раней вам было цікава гуляцца, забаўляцца з мовай дзеля формы, але тады прыйшло разуменьне, што важней — ня форма, а зьмест, няхай нават прасьцейшы. Вайна яшчэ больш спрашчае мову паэзіі?

— Напэўна, так. Застаецца самае галоўнае, і ўсялякія дэкаратыўныя ўпрыгожваньні, якія аздабляюць верш, — адыходзяць на другі плян. Мае вершы апошніх тыдняў — гэта хутчэй такі эскапізм, уцёкі, рух у іншы ад вайны бок, насуперак вайне.

Пра вайну я ўвогуле ня ведаю як пісаць. Пра падзеі 2020–21 у Беларусі я неяк знаходзіла форму. Гэтыя публіцыстычныя вершаваныя творы давалі мне адчуваньне, што я пішу тое, што лічу важным, што адчуваю.

Але вайна — гэта настолькі прымітыўнае зло, што я не разумею, што і як пра яе можна сказаць, каб гэта не паўтаралася. Я не магу быць кранікёрам, я не магу знайсьці патрэбную мову.

— А літаратура ўвогуле можа зьмяніць людзей — хаця б так, каб яны не ўяўлялі сабе пайсьці кагосьці забіваць?

— Гэта ілюзія эвалюцыі, нібыта мы мусім увесь час казаць нешта новае. Я думаю, літаратары ня могуць казаць штосьці новае. Людзям патрэбныя тыя ж самыя ісьціны. Тое, што было актуальна сотні гадоў таму, актуальнае і зараз. Мяняецца мова і абставіны, але прыходзяць новыя аўтары і прапаведуюць тыя самыя ісьціны.

— Летась вы правялі некалькі тыдняў на «літаратурнай рэзыдэнцыі» ў Чэхіі. Вярнуліся ў Беларусь. Ці стаіць перад вамі пытаньне, заставацца ці зьяжджаць, як рэзка і часта яно ўсплывае? І як вы на яго адказваеце?

— Я вельмі доўга была перакананая, што ніколі ні пры якіх абставінах ня зьеду зь Беларусі, што б ні здарылася, бо я вельмі прывязаная да зямлі. Але апошнім часам я прымусіла сябе падрыхтавацца да ўсяго, і я ўнутры зьмірылася з думкай, што можа прыйсьці такі дзень, калі абставіны вымусяць пакінуць Беларусь. Я ўнутрана прыняла гэта.

— Вы прыяжджаеце ў Менск, на нейкія імпрэзы, літаратурныя сустрэчы, і потым вяртаецеся ў Рагачоў. Які рытм жыцьця вам больш падабаецца, больш вам блізкі? У вас ёсьць патрэба ў частых кантактах, сустрэчах, публіцы? Ці вы той чалавек, якому дастаткова стала ці ложка, каб было дзе пісаць і чым пісаць?

— Я маласацыяльны чалавек, у вялікім горадзе я моцна адчуваю сваю адзіноту. Тут, у Рагачове, мне больш камфортна. Сустрэчаў, якія зрэдку бываюць у Менску, мне цалкам дастаткова, я не магу сабе ўявіць сталага жыцьця ў вялікім горадзе. Мне там душна.

— Вы перакладаеце паэзію з удмурцкай мовы. У вас ёсьць нейкая пэрсанальная сувязь з гэтым народам? Можна сказаць, што ў Беларусі вельмі мала ведаюць, што адбываецца ў расейскіх аўтаноміях. Наколькі далёка там зайшоў працэс русыфікацыі, ці зьявіліся пасьля пачатку вайны ідэі пра тое, што такія народы, як удмурцкі, павінны мець уласны лёс, а не падзяляць агульны лёс Расеі? Ці такія думкі сёньня немагчыма выказаць публічна ў Расеі?

— Ніякіх роднасных ці сваяцкіх сувязяў з Удмуртыяй у мяне няма. Гэта быў мой сьвядомы выбар — перакладаць удмуртаў. Гэта быў мой адказ на тое, што я магу зрабіць, змагаючыся з расейскай імпэрскай палітыкай. Я не хачу змагацца супраць расейскай літаратуры, ненавідзець расейскую мову, я лепш накірую сваю ўвагу да іншых народаў.

Якія там масавыя настроі, мне сказаць вельмі цяжка, бо нешта такое антымаскоўскае выказваць у сацыяльных сетках, натуральна, зараз немагчыма, за гэта пагражае сур’ёзная адказнасьць. У мяне ёсьць вельмі канкрэтнае і празрыстае бачаньне таго, як можа выглядаць будучыня Ўдмуртыі, Карэліі.

Але ўявіце, як цяжка змагацца з Расеяй Украіне, якая даўно мае незалежнасьць, мае 40 мільёнаў насельніцтва, вялікую для Эўропы тэрыторыю. А ўявіце, што вы належыце да народу, якога мільён ці паўмільёна чалавек. Можна зразумець, чаму гэтыя малыя народы вымушаныя прымаць правілы гульні — бо мы ведаем, колькі такіх народаў было проста зьнішчана за сталінскі час і пазьней.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG