Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што застаецца? Прыватны позірк на літаратурныя вынікі 2022 году


Александэр Марк Росі «Забароненыя кнігі» (1897)
Александэр Марк Росі «Забароненыя кнігі» (1897)

Я ўсё яшчэ не прызвычаіўся да сытуацыі, у якой самы істотны сэгмэнт беларускай літаратуры знаходзіцца фізычна выціснуты з культурнага жыцьця Беларусі. Ці хопіць сілаў пісьменьнікам і чытачам, каб стрываць гэты змрочны час? Ці ёсьць сьвятло ў канцы тунэлю? Пераканаўчых адказаў пакуль не чуваць.

Вырашыўшы напісаць нешта накшталт падсумаваньня літаратурнага году, я прыйшоў да высновы, што сёлета я ня ў змозе абаперціся хоць на нейкія «аб’ектывізаваныя» паказьнікі жыцьцяздольнасьці і эфэктыўнасьці літаратурнага працэсу, якія былі ў наяўнасьці ў ранейшых гадах.

Зь літаратурнага пэйзажу Беларусі зьніклі аўтарскія сустрэчы, заглухлі шматлікія ініцыятывы з прысуджэньнем незалежных літаратурных прэміяў, амаль прапалі водгукі і рэцэнзіі на новыя выданьні ў культурніцка-арыентаваных СМІ, большасьць зь якіх апынулася або ў ліку «экстрэмістаў», або на ўзбочыне інтэрнэту, дзе галоўнымі магістралямі цяпер шугаюць паведамленьні з фронту — не літаратурнага, а ваеннага.

Рэжым закрыў амаль усе незалежныя выдавецкія ініцыятывы ў краіне.

Шмат хто зь беларускіх пісьменьнікаў пасьля 2020 году апынуўся ў эміграцыі зь няяснымі пэрспэктывамі, у сытуацыі, дзе першай патрэбай стала забясьпечваньне сякіх-такіх умоваў матэрыяльнага існаваньня, а не працяг літаратурнай актыўнасьці.

Як вынік усяго гэтага, беларускамоўных літаратурных выданьняў — калі меркаваць хоць бы па намінацыях на сёлетнюю прэмію імя Ежы Гедройця — катастрафічна паменшала.

Значыць, я тут напішу выключна «прыватны тэкст» пра тое, што з раскіданага па сьвеце беларускага літаратурнага жыцьця трапіла ў поле майго зроку за апошні год — зроку звычайнага чытача, які пакуль не развучыўся чытаць мастацкае слова.

«Прадмова» і «Гедройць»

Дзьве знакавыя імпрэзы ў жыцьці незалежнай беларускай культуры — фэстываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» і прысуджэньне літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця — адбыліся. Фізычна яны адбыліся ў замежжы — «Прадмова» ў чэрвені ў Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні, а цырымонія «Гедройця» ў лістападзе ў Варшаве. Але яны трансьляваліся ў сеціве, так што можна назваць гэтыя падзеі «агульнанацыянальнымі». Іншая рэч, што ня толькі я, але і, відаць, большасьць беларусаў яшчэ ня цалкам прызвычаіліся да «новай віртуальнай культурнай сытуацыі», і ўдзел спажыўцоў беларускай культуры ў такіх трансьляцыях пакуль ня надта ўражвае.

«Прадмова» стала нагодай для даволі гарачага абмену думкамі наконт адмовы ўдзелу ў ёй запрошаных украінскіх гасьцей, калі яны дазналіся, што на фэстываль запрасілі таксама расейскіх выступоўцаў. Адказ на пытаньне — запрашаць на наступныя беларускія фэстывалі ўкраінцаў і расейцаў? — павіс у нявырашанасьці. Мяне асабіста больш пераканалі тыя галасы, якія аргумэнтавалі, што ў беларусаў усё ж мусяць быць свае ўласныя прыярытэты ў інтэлектуальным і культурным жыцьці, і беларусы не павінны кіравацца тым, што пра іх думаюць украінцы ці расейцы, нават тыя найбольш лібэральныя і прыхільныя да нашай культуры.

Сёлетняе рашэньне журы «Гедройця» парадавала мяне і як чытача, і як журналіста Радыё Свабода. Па-першае, з шасьці кніжак шорт-ліста я раней прачытаў тры, у тым ліку кнігу галоўнага ляўрэата, майго рэдакцыйнага калегі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая». Няблага, думаю, як на час, калі большасьць з нас найбольш ахвотна чытае стужкі навін або допісы сяброў у сетках. Ну і па-другое, гэта ўжо трэці раз, калі ляўрэатам «Гедройця» стаў свабодавец. Ганаруся такімі калегамі і такой інтэлектуальнай атмасфэрай, сярод якіх і ў якой мне даводзіцца працаваць і дыхаць.

20 год «Бібліятэкі Свабоды»

Калі я згадаў тут Радыё Свабода ў літаратурным кантэксьце, то дадам, што якраз сёлета мінае дваццаць гадоў, як дырэктар беларускай службы Аляксандар Лукашук заснаваў «Бібліятэку Свабоды» — унікальную ў беларускіх маштабах мастацка-публіцыстычна-адукацыйна-дасьледніцкую выдавецкую сэрыю, якая абапіраецца істотным чынам на творчы і інтэлектуальны патэнцыял журналістаў і супрацоўнікаў Свабоды. Да сёньняшняга дня выйшлі больш за 90 (дзевяноста!) кніг у гэтай сэрыі. Пра іхныя інтэлектуальныя і мастацкія якасьці засьведчылі хаця б згаданыя тры прэміі імя Ежы Гедройця. Акрамя сёлетняй прэміі для «менскага нон-фікшн» Сяргея Абламейкі, журы раней прысуджала яе для кніг аўтарства Зьмітра Бартосіка («Быў у пана верабейка гаварушчы», 2017) і Сяргея Дубаўца («Тантамарэскі», 2020).

Канец літаратурнай эпохі

Сёлета ў лістападзе на 83-м годзе жыцьця памёр беларускі паэт з Падляшша Ян Чыквін. У сакавіку, на 92-м годзе, пайшоў з жыцьця іншы беларускі паэт з Падляшша, Алесь Барскі. Абодва старажылы — пачынальнікі беларускай літаратуры ў пасьляваеннай Польшчы, заснавальнікі літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа», якое амаль 65 апошніх гадоў больш ці менш фармальна гуртавала сябрыну беларускіх аўтараў у гэтай краіне. Раней памерлі яшчэ два іншыя выбітныя заснавальнікі і ўдзельнікі аб’яднаньня «Белавежа»: празаік Сакрат Яновіч (1936–2013) і паэт Віктар Швед (1925–2020).

Зь іхным сыходам, як лічу, закончылася цэлая эпоха беларускай «аўтахтоннай» літаратуры за межамі Беларусі. Бо Падляшша — фактычна адзіны рэгіён у сьвеце, дзе ўзьнікла і разьвівалася даволі багатая, як колькасна, так і якасна, літаратура на беларускай мове, пісаная яго карэннымі жыхарамі і ўраджэнцамі. Былі такія, якія лічылі яе часткай усёй беларускай літаратуры; былі і такія, якія лічылі яе асобнай літаратурай ад той, якую пісалі ў БССР і Рэспубліцы Беларусі. Адны і другія мелі шмат рацыі ў сваёй аргумэнтацыі, але гэтыя спрэчкі даўно страцілі палемічнае значэньне для ўсіх раней зацікаўленых, бо сёньня аўтараў, якія яшчэ пішуць на беларускай мове ў Польшчы, — усяго лічаныя адзінкі. Магчыма, «Белавежа» фармальна яшчэ існуе, адно што насамрэч ня мае каго гуртаваць.

Пачатак «рэгіянальнай» беларускай літаратуры?

У пачатку гэтага году зьявіліся на сьвет дзьве кнігі, выхад якіх я «прадчуў» гадоў 15 таму, калі стаў прасоўваць у сеціве правапісна-граматычны стандарт «падляскай мовы», апрацаваны мною на аснове падляскіх гаворак бязь дзеканьня/цеканьня. 15 гадоў таму мне стала зразумела, што на Падляшшы творчы патэнцыял на літаратурнай беларускай мове, так сказаць, «выдыхаўся», і калі мы яшчэ хочам убачыць жыцьцяздольны працяг беларускай літаратуры ў Польшчы, то трэба да гэтай справы падключыць падляскую мову, гаворкамі якой (лінгвістычна кваліфікаванымі як украінскія) карыстаюцца 70% падляскіх беларусаў.

Першая са згаданых кніг — раман Віктара Стахвюка «Подых тэмры», напісаны на падляскай мове кірылічным альфабэтам. Другая — зборнік апавяданьняў Галіны Максімюк «Słova na viêtrovi», напісаны па-падляску лацінічным альфабэтам. Гэта не былі дэбютныя падляскамоўныя кнігі абаіх аўтараў: як для Віктара, так і для Галіны гэта ўжо была трэцяя кніга на роднай мове. Маем дачыненьне зь літаратурным трэндам на мове, пра існаваньне якой да канца мінулага стагодзьдзя ніхто і ня чуў. У дадатак да гэтых падляскіх опусаў, у Варшаве ў пачатку году зьявілася кніга вершаў і прозы «Оньдэ» па-палеску (на пінскім дыялекце), напісаная і выдадзеная Аляксеем Дзікавіцкім.

Гэтай падляска-палескай літаратурна-выдавецкай зьяве яшчэ трэба падшукаць адэкватную назву. Сказаць, што гэта рэгіянальная беларуская літаратура — можна, але слова «рэгіянальны» гучыць, самі прызнайце, даволі лёгкаважна, каб не сказаць — зьняважліва. Больш дакладна і нэўтральна будзе сказаць, што некаторыя беларускія аўтары пачалі пісаць на іншых мовах, чым беларуская. І гэты трэнд, я перакананы, будзе з часам пашырацца, ня толькі сярод падляшанаў і палешукоў. Трымаеце заклад, што ня будзе?

Пераклады

Прызнаюся адразу: перакладу «Восені патрыярха», зробленага рэдакцыйным сябрам Сяргеем Шупам, я не прачытаў. Пакінуў на далейшыя гады. Я мог бы і не прызнавацца, балазе «Восень патрыярха» выйшла ня сёлета, а летась, але вось я такі во: што тычыцца літаратуры, выкладваю ўсё як ёсьць.

Затое я прачытаў дзьве іншыя перакладныя кнігі майго сябра, выдадзеныя сёлета ў малым, але бясстрашным праскім выдавецтве «Вясна»: біблейскую «Песьню Песьняў» і «Ўсе вершы і паэмы» Мойшэ Кульбака. Ну, вершы, магчыма, я прачытаў ня ўсе, але паэмы — ад першага да апошняга кірылічнага слова, а да таго дзе-нідзе спрабаваў чытаць і на лацінкавым ідышы. І яшчэ мне прыгадваецца адна перакладная кніга, якую я сёлета прачытаў ахвотна і цалкам: Генрых Гайнэ, «Габрэйскія мелодыі. Вершы» ў перакладзе зь нямецкай Ігара Крэбса. Такі вось габрэйскі год у мяне атрымаўся зь вершамі, паэмамі і мэлёдыямі.

Не магу не згадаць на заканчэньне і свайго з сынам перакладу «Сарокі на шыбеніцы» Альгерда Бахарэвіча, зь якім мы трапілі ў фінал сёлетняй Літаратурнай прэміі Сярэдняй Эўропы Angelus у польскім Уроцлаве. Прэміі мы не панюхалі, але пабывалі хвілін пяць у сярэднеэўрапейскім літаратурным бамондзе. Як той казаў, better luck next time. Прымаўка, здаецца, усё яшчэ як шытая на беларускую літаратуру, што тычыцца яе прэміяльнага прызнаньня ў шырэйшым сьвеце.

Што прачытаў?

Ну, не мардаваў жа я сёлета сябе адной толькі беларускай літаратурай, чытаў жа і іншую… Так мне думалася, калі я браўся пісаць гэты тэкст. Але, пагробшыся ў штораз больш кволай памяці, а потым у сваіх фэйсбучных запісках, я са зьдзіўленьнем, а потым і з пэўным жахам канстатаваў, што сёлета я чытаў амаль выключна па-беларуску, ну і крыху па-падляску і па-палеску…

Зразумела, чаму нічога не чытаў па-расейску — як cancel culture, дык cancel culture, без аніякіх паблажак для сабе і той культуры… Ды чакайце! Па-расейску я ўсё ж прачытаў дзьве рэчы, але ня з той культуры і літаратуры, а з гэтай: «Yesмамочку» Тані Скарынкінай і «Свиньи» Аляксандра Чарнухі. Прачытаў і не пашкадаваў.

Аднак мне не зусім зразумела, чаму сёлета ў мяне нічога не атрымалася пачытаць па-польску і па-чэску… Па-ангельску — толькі нейкія маргіналіі: прачытаўшы ў мінулых гадах усе дэтэктыўныя раманы Рэйманда Чэндлера (7) і Роса Макдональда (18), я сёлета купіў сабе поўныя зборы іхных апавяданьняў і прачытаў зь іх тыя, у якіх выступаюць славутыя сьледчыя Чэндлера і Макдональда — Філіп Марлоў і Лью Арчэр адпаведна.

З такім чытацкім падыходам, безумоўна, нельга ісьці ў нагу з часам і сачыць за выдавецкімі навінкамі. Ды ўсё ж мне пашэнціла прачытаць (відаць, на астатак сваіх чытацкіх натугаў, каб пасьпяваць за часам), дзьве выдавецкія навінкі, сёлетнія, з эўрапейскай літаратуры. На днях я прачытаў кароценькую навэлу (сацыялягічнае эсэ?) Ані Эрно, сёлетняй ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі, пад загалоўкам «Le jeune homme» («Маладзён»). І, сам ня ведаю на якую трасцу, я ня так даўно набыў дзіцячы комікс «Kvitebjørn» («Белы мядзьведзь») па-нарвэску (227 старонак!) і глынуў яго за адзін вечар… Лічу лішнім пісаць тут нейкія апраўданьні… Тэкст коміксу напісала Мая Лундэ, вядомая і ў шырокім сьвеце нарвэская пісьменьніца, якая піша цікавыя кніжкі для дзяцей і дарослых. Мяне, як вы зразумелі, больш цікавяць тыя для дзяцей.

Ну, а так, для душы, а не для забіцьця часу, я похапкам чытаў вершы з розных анталёгій і зборнікаў, у тым ліку з грунтоўнай анталёгіі беларускай жаночай паэзіі, укладзенай Вальжынай Морт. Некаторыя вершы я спрабаваў перакласьці на падляскую. Усім тым, хто дачытаў да гэтага месца, бонусам хай будзе кароткі верш валійскага паэта Р. С. Томаса «Старая мова». Верш, вядома, пра родную мову аўтара, але ён падыдзе і да беларускай або падляскай:

Anglijo, što ty zrobiła, kob mova mojich baťkôv
stała čužynciom na mojich hubach,
znevahoju dla ucha, putom na jazykovi,
kotory kłav by novy dumki na viêčnu muzyku?
Odkažy mniê. Kuznia, u jakôj koliś praciovali,
stojit bez daj diêła, pylava husto pokryła statki.
Hołuby metal ručajôv, žyły miêdi i zołota v liêsi
ostajutsie preč nerozkrytymi; opadaje zbrontana
filigrań listkôv, chto voźmetsie obnoviti
jich švôrny vzôr? Koli vesnoju pročnutsie serci
mołodych diti do spiêvu, jakaja bude jich piêsnia?

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG