Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыцына ў руінах: Вайна, рэпрэсіі, неаказаньне дапамогі за кратамі, эміграцыя, легалізацыя


Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

У эфіры Свабоды Прэміюм падсумоўваем вынікі 2022 году ў мэдыцыне, сыстэме аховы здароўя Беларусі, вынікі году як для пацыентаў, так і для беларускіх мэдыкаў.

Экспэрты — з Адэсы акушэр-гінэколяг, доктар ультрагукавой дыягностыкі Станіслаў Салавей, адзін з арганізатараў незалежнага прафсаюзу беларускіх мэдыкаў, з Варшавы гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка, каардынатарка Фонду мэдычнай салідарнасьці, з Чэскага Крумлава — анколяг Надзея Пятроўская, былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі.

Мэдыкі і вайна

— Прапаную пачаць падсумаваньне вынікаў году для беларускіх мэдыкаў і беларускай мэдыцыны з шырокай тэмы — мэдыкі і вайна. У Беларусі лячылі як расейскіх салдатаў, так і параненых імі ўкраінцаў. Беларускія мэдыкі знаходзяцца ва Ўкраіне, лечаць людзей на фронце і ва ўмовах бамбаваньня і адключэньня сьвятла. Як вы, Станіслаў, у Адэсе...

Станіслаў Салавей
Станіслаў Салавей

Станіслаў Салавей: У мэдыкаў асабліва няма выбару. Спадзяюся, што ніколі мы не даведаемся, што доктар любой краіны адмовіў чалавеку ў аказаньні тэрміновай мэдычнай дапамогі. Я не ўяўляю, як можна не лячыць. Вайна — найгоршае, што можа адбывацца ў сьвеце. Навіны пра эпідэмію халеры ў Марыюпалі, зьнішчэньне шпіталяў, абстрэлы радзільняў немагчыма камэнтаваць, як і ваенна-палявую хірургію ў сучасных умовах.

Беларускія дактары лячылі і параненых расейскіх салдатаў, і ўкраінцаў, якія трапілі пад расейскія абстрэлы. Тэрміновая дапамога павінна быць аказаная незалежна ад таго, злачынца гэта, гвалтаўнік ці забойца. Мы — дактары. Мы лечым.

— Надзея, вы ў свой час разважалі пра аказаньне/неаказаньне нетэрміновай мэдычнай дапамогі сілавікам, якія катавалі людзей. Многія рэчы цяпер адбываюцца пад падпіскай пра невыдаваньне і пад пагрозай крымінальнай справы... Якія тут могуць быць этычныя пытаньні?

Надзея Пятроўская
Надзея Пятроўская

Надзея Пятроўская: Канфідэнцыйнасьць закладзеная ў аснову прафэсіі, вучыць гэтаму доктара ня трэба. Мы ўсмоктваем гэта падчас вучобы на самым пачатку ў нашых альма-матэр. Калі ўлады патрабуюць нейкіх дадатковых гарантыяў, я б задумалася пра тое, што дзеяньне, да якога прымушаюць доктара, можа быць не зусім сумяшчальным з маральна-этычнымі нормамі. Можа, гэта спроба схаваць маштаб пашкоджаньняў ці магчымасьць знайсьці блізкіх людзей, якім аказвалі дапамогу ў мэдычнай установе. Інфармацыю не выдаюць нават родным. Працаваць пад руляй аўтамата — гэта найгоршае, што можа адбыцца ў сучасным сьвеце.

— Лідзія, што вам вядома як прадстаўніцы Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці і аб працы лекараў Беларусі, зьвязанай з вайной, так і аб магчымай мабілізацыі дактароў?

Лідзія Тарасенка: Мы імкнемся распаўсюдзіць інфармацыю, з аднаго боку, а з другога боку, спрабуем абараніць тыя шляхі, якімі мы гэтую інфармацыю атрымліваем, абараніць людзей, якія нам яе вольна ці міжвольна расказалі. Таму я заўсёды зь вялікай асьцярожнасьцю абыходжуся з гэтай інфармацыяй, каб «не спаліць паролі і яўкі».

Мы сапраўды ведаем, што напачатку ўварваньня (вайна ідзе з 2014 году) у лютым 2022 году на тэрыторыю Беларусі актыўна везьлі параненых расейскіх салдатаў. У некаторыя беларускія клінікі нават прывозілі мэдычны пэрсанал з Расеі. Нам вядома, што цягам 2-3 месяцаў гэтая тэндэнцыя зьменшылася. Што цяпер адбываецца ў шпіталях, сказаць цяжка, але відавочна, што колькасьць параненых расейскіх вайскоўцаў не такая вялікая.

Нам невядома, каб кагосьці зь беларусаў адправілі на вайну, акрамя наймітаў. Дактарам прыходзяць позвы на зборы — як мужчынам, так і жанчынам. Позвы прыходзяць людзям рознага ўзросту, і далёка не прызыўнога. Трывогу выклікае, што людзям выдаюць мабілізацыйныя прадпісаньні. Кажуць, маўляў, мы зьверылі вашы дадзеныя, і ў выпадку мабілізацыі вы будзеце абавязаны зьявіцца ў гэтую вайсковую частку.

Такога ніколі не было. І зьверкі дадзеных ніколі не было. Я ня ведаю, дзе мой вайсковы білет, за ўвесь час працы ў Беларусі мне пра яго ніхто і ніяк ніколі не згадаў. Усе мэдыкі вайсковаабавязаныя. Калі не заканчвалі вайсковую катэдру, то званьне — шараговец. Гэта ня значыць, што мэдыкі пойдуць у першых шэрагах на вайну, калі Беларусь афіцыйна ўступіць у яе.

Мне невядомыя выпадкі, каб мэдыкаў адпраўлялі ў нейкія лягеры. Але былі адзінкавыя выпадкі, калі маладога спэцыяліста, якога разьмеркавалі ў мэдычную ўстанову, потым пераразьмеркавалі ў вайсковую частку.

Палітвязьні і турэмная мэдыцына

— Другая важная тэма — палітвязьні і мэдыцына. Хваробы за кратамі, турэмная мэдыцына, найбольш крытычныя выпадкі, катаваньні, неаказаньне дапамогі.

Станіслаў Салавей: Пакуль Канстытуцыя гарантуе мэдычную дапамогу ўсім людзям, у тым ліку пазбаўленым волі. Незалежна ад прычыны зьняволеньня ім павінна быць аказана мэдычная дапамога. Улады актыўна працягваюць выкарыстоўваць неаказаньне мэдычнай дапамогі як спосаб ціску на вязьняў, якія лічацца нядобранадзейнымі. Думаю, што пасьля аднаўленьня правоў і свабодаў у нашай краіне мы даведаемся, што гэта тычылася на толькі палітвязьняў, але і вязьняў, нялюбых лягернай адміністрацыі з асабістай няпрыязі, па нейкіх артыкулах ці праз тое, што ёй падабалася зьдзекавацца. Пазбаўляюць мэдычнай дапамогі тых, хто ня можа пастаяць за свае правы.

Неаказаньне дапамогі палітвязьням стала стандартам, як і брак перадачаў, перапоўненыя камэры. Гэта пазбаўленьне чалавека элемэнтарных жыцьцёвых умоваў — прагулак, душу, лістоў, перадачаў, сустрэчащ з блізкімі, штрафныя ізалятары. У гэтым шэрагу і турэмная мэдыцына.

Магчымасьць аказаць мэдычную дапамогу ў турме ёсьць, гэта ад пачатку прадугледжана. Гэта адбываецца на загад. Я лічу, што дактары і фэльчары, якія працуюць у пэнітэнцыярнай сыстэме, з чыёй маўклівай згоды гэта адбываецца, папраўдзе робяць службовае злачынства. І яны за гэта маюць панесьці пакараньне. Выкананьне злачыннага загаду — таксама злачынства.

Гісторыі, калі людзей даводзяць да прабадных язваў, да страты прытомнасьці, — гэта сьведчаньні катаваньняў празь неаказаньне мэдычнай дапамогі. Можна згадаць таксама, як у 2020 годзе людзей наўмысна заражалі ковідам, калі хворага ня толькі не ізалявалі, а зьмяшчалі ў іншыя камэры, каб ён заразіў як мага болей людзей. Вельмі спадзяюся, што мэдыкі, якія працуюць у турэмных арганізацыях, адкажуць за тое, што яны не аказваюць мэдычную дапамогу.

— Асобная тэма — анкалягічныя хваробы за кратамі. Як раней лячылі вязьняў-анкапацыентаў, ці лячылі, а што цяпер? Як турма правакуе, пагаршае ракавыя хваробы?

Надзея Пятроўская: Калі я працавала ў дарослай анкалёгіі, у некалькіх аддзяленьнях былі палаты для пацыентаў, якія адбывалі пакараньне. Там былі краты на вокнах і нешта кшталту паста для ахоўнікаў. Не скажу, што ўвесь час, але гэтыя палаты былі занятыя, людзі праходзілі лячэньне. Вязьня прывозілі на курс хіміятэрапіі ці апраменьваньня, і пад аховай пацыент атрымліваў лячэньне.

Хачу нагадаць, што анкалягічныя хваробы — гэта хваробы старэйшай узроставай групы, а сярэдні ўзрост цяперашніх палітвязьняў, думаю, не перавышае 50-55 гадоў. Таму я не сказала б, што гэта частая праблема. Больш сур’ёзнай праблемай ёсьць інфэкцыйныя хваробы за кратамі. Ковід за кратамі быў сур’ёзнай праблемай. Цяпер гэта і сухоты. Найцяжэй людзям з хранічнымі хваробамі, такімі, як дыябэт, асабліва інсуліназалежны. Што да непасрэдна анкалягічных пацыентаў, то вялікі іх працэнт цярпіць на балявы сындром, і ва ўмовах неаказаньня мэдычнай дапамогі пры выразных болях гэта варыянт катаваньня.

— Лідзія, давайце пагаворым пра найбольш гучную гісторыю — Марыі Калесьніквай. Вы як гастраэнтэроляг як пракамэнтуеце, чаму ўзьнікла такая хвароба, як прабадная язва, ці магчыма рэабілітавацца ва ўмовах турмы?

— Чаму язва ўзьнікае цягам жыцьцядзейнасьці і чаму яна ўзьнікла ў нечалавечых умовах беларускай турмы? Язва ўзьнікае з розных прычынаў. Найчасьцей у гэтым вінаватая інфэкцыя Helicobacter pylori. Даўна даказаная віна гэтай бактэрыі ва ўзьнікненьні язвы і нават ракавых хваробаў страўніка. Ёсьць таксама такія фактары, як стрэс і курэньне. Часам мы ня ведаем, чаму ў чалавека разьвіваецца язва. Можа быць генэтычная схільнасьць да таго, каб вельмі хутка разбураліся фактары ўнутранай абароны.

Чаму яна разьвілася ў Марыі Калесьнікавай, якая знаходзіцца ў катавальні? Відавочна, таму, што чалавека катавалі. Ці была ў яе Helicobacter pylori, мы ня ведаем. Яна, здаецца, ня курыць, але кураць людзі вакол яе. Што да стрэсу, ня ведаю, у каго можа быць болей стрэсу — хіба што ў абаронцаў «Азоўсталі» можа быць болей стрэсу ці столькі ж.

Таму ня дзіва, што чалавек у беларускай турме нечым пачынае хварэць — у кагосьці інфаркт, у кагосьці прабадная язва. Натуральна, віна за гэта ляжыць на нашай так званай дзяржаве, на людзях, якія яе ўтрымліваюць за кратамі. Беднага гелікабактэра асабліва абвінавачваць не прыходзіцца. У тое, што можна праходзіць рэабілітацыю ва ўмовах беларускай турмы, я ня веру.

Беларуская мэдыцына ў руінах

— Наступная тэма для абмеркаваньня вельмі шырокая — сытуацыя з мэдыцынай у Беларусі. Звальненьні мэдыкаў, ад’езд мэдыкаў, справа артапэдаў, праца ва ўмовах закрытай краіны і пад санкцыямі. Заробкі. Пандэмія. 50-гадовы тэрмін адпрацоўкі. Разбурэньне прыватнага сэктару мэдыцыны. Праверкі ў шпіталях. Станіслаў, вы як адзін са стваральнікаў незалежнага прафсаюзу мэдыкаў адсочваеце сытуацыю. Сфармулюйце каротка і ёміста сьпіс найважнейшых праблемаў.

Станіслаў Салавей: Справа артапэдаў. Абняць і плакаць. Значыць, шмат гадоў ува ўсіх гарадах і вобласьцях дзейнічала банда, якая не была раскрытая. Дактарам спрабуюць інкрымінаваць фінансавыя злачынствы, і таму іх усіх затрымліваюць і садзяць у турму, спыняючы аказаньне мэдычнай дапамогі ва ўнікальным, вельмі запатрабаваным кірунку, дзе чарга на апэрацыю доўжыцца гадамі. Усіх гэтых людзей садзяць у турму і ставяць «выдатную» ўмову — ці ты пагаджаесься, што ты злачынца, і выходзіш, плаціш, колькі мы табе скажам, і працуеш там, дзе мы скажам. Ці сядзі за кратамі, пакуль мы будзем разьбірацца. Гэта форма рабства. Інакш ня скажаш.

Іншыя праблемы. Павялічылі нормы перапрацовак. Абмежавалі 1800 гадзінамі дадатковай працы. Адток дактароў спрабуюць запаволіць тым, што не выдаюць дакумэнтаў, неабходных для пераезду. Пастаўлена задача зрабіць 5-гадовую адпрацоўку пасьля вучобы.

Толькі ў Польшчы за год уладкаваліся больш за 1000 беларускіх дактароў, паводле словаў міністра аховы здароўя. Гэта ня наш міністар, няма падставаў думаць, што ён хлусіць. Толькі 1000 дактароў зьехалі ў Польшчу за год — пры тым, што колькасьць лекараў-практыкаў, калі нават верыць статыстыцы міністэрства здароўя Беларусі, каля 40 тысяч. Гэта катастрофа, інакш ня скажаш.

Сытуацыя з прыватнай мэдыцынай падпадае пад катэгорыю «плаці грошы». Мэта — адціснуць грошы з прыватных цэнтраў за ўсякую цану. Ад каго заўгодна і як заўгодна. Хочаце працаваць — плаціце грошы, ня хочаце працаваць — не плаціце грошы. Апаратуру прадаць вы ня можаце, зь бізнэсу сысьці вы ня можаце. Там было ў выпадку з лябараторыямі «Сінэво», калі яны паспрабавалі прадаваць апаратуру, і выявілася, што нельга было прадаваць. Зьяўляюцца закладнікі — ці ты працуеш, ці ты ўсё губляеш. А калі працуеш, то плаціш столькі, колькі табе скажуць, і тады, калі табе скажуць.

Пра заробкі. Сярэдні заробак у галіне, паводле міністра Піневіча, — 2300 рублёў. Яны называюць тое, што людзі атрымліваюць. Але з улікам таго, што, па самых сьціплых падліках, агучаных міністэрствам, нават у Менску каэфіцыент 1,3 з хвосьцікам, то 2300 рублёў агучваецца не як заробак на стаўку, а як тое, што мэдыкі павінны атрымліваць. Міністар наўпрост казаў, што можна працаваць у дадатковай, у сумежнай спэцыяльнасьці.

Прамаўчу, што ў сумежнай спэцыяльнасьці трэба прайсьці навучаньне як мінімум паўгода, каб мець легальнае права працаваць. А ня так, як у невялікіх гарадках, калі хірург — ён жа ўроляг, ён жа практоляг, ён жа ЛОР і траўматоляг, нэўрахірург, дзіцячы хірург і ўвогуле ўсё. Фармальна гэта супрацьзаконна, але каго гэта хвалюе. Працуйце болей.

Лідзія Тарасенка: Ужыву мэтафару — усё накрылася медным тазам. Мы да гэтага ішлі ўпарта і сыстэматычна. Ковід і вайна нам дапамаглі. Дрэнна ўсё. Немагчыма выказацца пра гэта паліткарэктна. Нястача мэдычнага пэрсаналу — канстатацыя факту, наступства таго, што ў краіне бясконцыя рэпрэсіі. З мэдыкамэнтамі ў нас ня меншая прабема, чым з дактарамі, ёсьць праблема з забесьпячэньнем абсталяваньнем — тамографамі ды іншым.

Мэдыцына мае азначэньне — карная. Увесь дзяржаўны апарат толькі і ўмее, што караць, пазбаўляць, забараняць. Мэдыцына ў краіне разваленая. Хіба што няма ліхаманкі Дэнге і іншых трапічных хваробаў дзякуючы клімату. Крыніцы вады чыстыя, але гэта ніяк не заслуга дзяржавы. Сыстэма аховы здароўя — у руінах.

Беларускія мэдыкі ў сьвеце

— Дзе чакаюць беларускіх мэдыкаў? Чым можна ганарыцца? Надзея, пачнем з вас, вы толькі што пацьвердзілі ў Чэхіі свой беларускі дыплём доктара. Гэта былі няпростыя два гады для вас. Наколькі гэта складана і магчыма?

Надзея Пятроўская: Пацьверджаньне дыплёму лекара ў Эўразьвязе — працэс доўгі і складаны. Зьвязана гэта ў першую чаргу зь недаверам да мэдычнай адукацыі на постсавецкай прасторы. У Чэхіі працуюць шмат дактароў з Украіны, і большасьць рыхтавалася да пераезду і пацьверджаньня дыплёму за некалькі гадоў. Мой пераезд, як і маіх калег у рамках праграмы Medevac-2, быў вымушаным і незаплянаваным.

Многім з нас дапамаглі знайсьці працу і жыльлё. За гэта вялікі дзякуй арганізатарам. Але пацьвярджэньне сваёй прафэсійнай прыдатнасьці тут было задачай, якую кожны вырашаў сам. Падрыхтоўка патрабавала вялікіх намаганьняў. Іспыт быў цяжкі, але стаўленьне экзамэнатараў добразычлівае. З удзельнікаў Medevac-2 многія здалі іспыты зь першай спробы. Гэта сьведчыць аб дастаткова высокім узроўні падрыхтоўкі беларускіх дактароў.

Лідзія Тарасенка: Мы можам ганарыцца тым, што 2020 год многіх з нас зьмяніў. Людзі застаюцца людзьмі, застаюцца беларусамі, гатовыя працягнуць адзін аднаму руку дапамогі. Людзі нясуць сваю беларускасьць у розных крутых праектах, якія робяць беларусы.

Праграміст Павал Лібер зрабіў вельмі круты праект з дактарамі еЗдароўе, сэрвіс дыстанцыйных кансультацыяў, — адну з найбольш удалых плятформаў, якая дазваляе атрымліваць дапамогу онлайн. Два гады таму, калі гэта пачыналася, дыстанцыйныя кансультацыі разглядаліся толькі як дадатак да наведваньня лекара, але цяпер, з разьвіцьцём тэхналёгіяў, гэтыя рэчы робяцца мэйнстрымам.

Згадаю і Беларускі фонд мэдычнай салідарнасьці. Мы разам з камандамі «народных амбасадараў», валянтэраў, дактароў склалі і складаем дапаможнікі для легалізацыі беларускіх дактароў і мэдсёстраў у розных краінах. У нас ёсьць дапаможнікі для Літвы, Чэхіі, Польшчы і Швэцыі. Чэскі гайд мы зрабілі ў супрацы з арганізацыяй дактароў-эмігрантаў «Доктар Чэхаў». Беларусы разьяжджаюцца, на жаль, але беларусы застаюцца беларусамі, на шчасьце, і робяць крутыя рэчы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG