Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі аказваць дапамогу, то лепей сваім, чым ворагам», — каардынатарка Фонду мэдсалідарнасьці пра беларускіх мэдыкаў падчас вайны


Гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка, каардынатарка Фонду мэдычнай салідарнасьці, расказала ў эфіры Свабоды Premium пра тое, як беларускія мэдыкі дапамагаюць украінцам у вайну — працуюць у зоне баявых дзеяньняў, у шпіталях, валянтэраць, даюць бясплатныя кансультацыі. Размова ішла таксама і пра новых пацыентаў у мэдыкаў у Беларусі — параненых расейскіх вайскоўцаў і параненых імі ўкраінцаў, якіх прывозяць у беларускія шпіталі.

Сьцісла

  • Больш за 150 беларускіх мэдычных работнікаў гатовыя ехаць дапамагаць Украіне ў гэтай вайне. Спрабуем выбудаваць сыстэму каардынацыі, каб усе разумелі, хто што робіць.
  • Калі зьяжджалі ў 2020 годзе зь Беларусі, мы адчувалі сябе непатрэбнымі, нас літаральна выштурхоўвалі з краіны. Ва Ўкраіне ты адчуваеш сябе патрэбным, адчуваеш удзячнасьць гэтай краіне, і ня дзіўна, што многія застаюцца.
  • Практычна ўсе ініцыятывы, якія ўзьніклі ў Беларусі на хвалі пратэстаў 2020 году, аказаліся як ніхто гатовыя да гэтай сытуацыі. еЗдоровье — адна з плятформаў, што згрупавалася і пачала нарошчваць свой патэнцыял.

«Пад бамбаваньне ня трапіла, мне пашанцавала»

— Лідзія, праз палітычны перасьлед вы зьехалі зь Беларусі восеньню 2020 году. Працавалі паводле спэцыяльнасьці ў Кіеве, цяпер вы ў Варшаве. Раскажыце, як вы ўцякалі ад вайны? Што перажылі?

Гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка
Гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка

— На фоне таго, што адбываецца цяпер у Марыюпалі ці ў тым жа Кіеве, адкуль я зьехала, мая гісторыя нічым не адметная. У мяне ўсяго толькі трое сутак заняло дабрацца да Варшавы на аўтамабілі, пад бамбаваньне ня трапіла. Напэўна, мне пашанцавала. У Польшчы мне нядрэнна на фоне той гуманітарнай катастрофы, што разгортваецца і ў Беларусі, і ва Ўкраіне. Мае базавыя патрэбы закрытыя.

У мяне засталася мая ранейшая праца, часткова магу працаваць онлайн, чаму неверагодна рада, бо захоўваецца нейкая сувязь з нармальным жыцьцём. Я таксама працягваю працаваць у Фондзе мэдычнай салідарнасьці, і характар працы моцна зьмяніўся.

«У беларускіх мэдыкаў даволі моцнае жаданьне дапамагаць Украіне»

— Даволі шмат беларускіх дактароў знайшлі прытулак і працу ва Ўкраіне. Што вам вядома пра тое, як склаўся іх лёс у ваенны час? Як шмат беларускіх мэдыкаў вымушаныя былі ўцякаць? Хто застаўся? Ці ў бясьпецы яны?

— У абсалютных лічбах цяжка сказаць, колькі людзей зьехалі, а колькі засталіся. Мы спрабавалі палічыць, колькі мэдыкаў прыехала ва Ўкраіну з 2020 году. Гэта было каля 100 мэдыкаў, якія засталіся ва Ўкраіне працаваць. На сёньня можна вельмі прыблізна сказаць, што палова зь іх зьехала. Мы рабілі апытаньне ў сваім чаце. Выбарка адносна нерэпрэзэнтацыйная, усё дынамічна мяняецца — нехта зьяжджае, а нехта вяртаецца. Мэдыкі едуць валянтэрыць ва Ўкраіну ня толькі дактарамі, але і добраахвотнікамі, у войску ёсьць беларускія людзі.

— Мы бачым пасты ў сацсетках Максіма Ачарэтняга, былога галоўнага лекара 3 дзіцячага клінічнага шпіталя ў Менску, які працягвае працаваць рэаніматолягам у Адэсе...

— У беларускіх мэдыкаў даволі моцнае жаданьне дапамагаць Украіне. Калі зьяжджалі ў 2020 годзе зь Беларусі, мы адчувалі сябе непатрэбнымі, цябе літаральна выштурхоўвалі з краіны. Ва Ўкраіне ты адчуваеш сябе патрэбным, адчуваеш удзячнасьць гэтай краіне, і таму ня дзіўна, што многія застаюцца нават і ў гэтай вельмі складанай сытуацыі. Так, мэдыкі засталіся ў Адэсе, і ня толькі Ачарэтні, проста ў яго яшчэ ёсьць сілы неяк у сацсетках гэта адлюстроўваць. Маладая беларуская доктарка з Адэсы паехала проста на лінію фронту ў якасьці фэльчара, парамэдыка, які там патрэбны болей, чым лекар. Мэдыкі застаюцца, гэта іх сьвядомы выбар, бо яны хочуць заставацца на баку добрай сілы.

«Я вельмі спадзяюся вярнуцца»

— Атрымаць працу беларускім лекарам ва Ўкраіне было адносна проста, не было моўнага бар’еру, пацьвярджэньне мэдычнай адукацыі ішло прасьцей, тады як у краінах ЭЗ беларускім лекарам трэба здаваць новыя іспыты на мовах краінаў, і працаўладкаваньне па прафэсіі выглядае нашмат больш складаным. Перад якім выбарам цяпер стаяць беларускія дактары, якія сталі двойчы ўцекачамі? Перад якім выбарам вы стаіце?

— Я не зьбіраюся ў агляднай будучыні праходзіць нейкую легалізацыю, я вельмі спадзяюся вярнуцца. Паводле апытаньня, праведзенага ў нашым чаце, палова беларускіх дактароў, якія выехалі з Украіны, хацелі б вярнуцца. І гэта ня тое самае, што эміграцыя 2020 году зь Беларусі.

«Цяпер шмат запытаў на псыхоляга»

— Вядома, што беларускія дактары цяпер дапамагаюць і ўкраінскім уцекачам праз плятформу еЗдоровье. Раскажыце пра гэта.

— Гэтая плятформа і практычна ўсе ініцыятывы, якія ўзьніклі ў Беларусі на хвалі пратэстаў 2020 году, аказаліся як ніхто гатовыя да гэтай сытуацыі, калі можна ўжыць слова «гатовыя» ў дачыненьні да чарговых узрушэньняў. еЗдоровье — адна з плятформаў, што згрупавалася і пачала нарошчваць свой патэнцыял. Значна больш мэдыкаў сталі прыходзіць на гэтую плятформу, павялічылася колькасьць запытаў.

Плятформа першапачаткова была зробленая на валянтэрскіх асновах, дактары не атрымліваюць рэгулярнага заробку са сваіх кансультацый, бо ўсё грунтуецца на данатах, а гэта добрая воля пацыентаў. Цяпер плятформа актыўна рэклямуе сябе на ўкраінскім рынку, бо, як паказала практыка, яна больш зручная, чым процьма тэлеграм-чатаў.

Ня ўсе могуць ісьці на фронт, пэдыятру няма чаго там рабіць, таму ж гастраэнтэролягу, але хочацца дапамагаць. І людзі ва Ўкраіне сталі арганізоўвацца ў тэлеграм-чаты, каб кансультаваць. А гэта ня самая зручная форма, і еЗдоровье аказалася якраз да месца для такіх мэтаў, для валянтэрскай працы. Паколькі плятформа ананімная, ня ведаю, якая частка пацыентаў з Украіны. Ведаю, што цяпер шмат запытаў на псыхоляга.

«Гісторыя зь перасоўнымі мабільнымі крэматорыямі падобная да праўды»

— Вы каардынатарка Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці. Паводле вашай інфармацыі, якая сытуацыя ў Беларусі, у якіх умовах працуюць дактары ў часе вайны ва Ўкраіне? Я маю на ўвазе новых пацыентаў — параненых расейскіх вайскоўцаў і параненых імі ўкраінцаў, якіх прывозяць у беларускія шпіталі і лечаць у надзвычай сакрэтнай атмасфэры...

— Насамрэч інфармацыі няшмат, яна ўрывачная, бо відавочна, што мэдыкі баяцца. Мэдыкі звальняюцца. Даходзіць да таго, што малады спэцыяліст на адпрацоўцы можа, не паведамляючы, не зьявіцца на працы ў панядзелак. Мы ведаем пра шэраг такіх выпадкаў. Так, паступаюць параненыя, у асноўным у Гомельскай вобласьці. Пра іх колькасьць я маю мала інфармацыі. Гісторыя зь перасоўнымі мабільнымі крэматорыямі падобная да праўды.

— Як мэдык як бы вы адчувалі сябе, калі б зараз знаходзіліся на працы ў гомельскім шпіталі?

— Я б там не знаходзілася. Калі б я туды трапіла, то вельмі хутка адтуль бы ўцякла. Пакуль дактароў да батарэі не прыкоўваюць. Калі ўжо аказваць дапамогу на вайне, то лепей сваім, чым ворагам.

— Як вайна паўплывала на ад’езд лекараў зь Беларусі? Асабліва мужчынаў?

— Вельмі складана атрымаць дакладныя лічбы. Можна меркаваць, што сытуацыя становіцца ўсё больш некіраванай. Апастыль перасталі рабіць у Менску. Я думаю, што хуткасьць адтоку кадраў павялічылася. Але ўжо даўно людзі працуюць за дваіх, і нікога не цікавіць якасьць, абы было ціха.

«Мы сабралі заяўкі ад мэдычных работнікаў, якія гатовыя працаваць ва Ўкраіне»

— У чым вы бачыце асноўную задачу Фонду мэдычнай салідарнасьці? Уся ўвага цяпер да Ўкраіны, а ў Беларусі ўсё такія ж рэпрэсіі, усё гэтак жа сядзяць палітвязьні, гэтак жа затрымліваюць, катуюць, звальняюць людзей.

— На жаль, мы прыйшлі да сытуацыі, калі мы на парозе падзеяў, якія адбываліся толькі ў фільме паводле Толкіена, калі ідзе сакральная бітва Дабра са Злом. Прыблізна тое самае цяпер адбываецца. Кожны дзень можа стаць горш, але мы спадзяёмся на лепшае і працягваем рабіць тое, што рабілі. Ясна, што характар працы зьмяніўся. Калі раней мы спрабавалі палепшыць умовы легалізацыі, дапамагчы з афармленьнем дакумэнтаў, патлумачыць людзям, як паводзіць сябе ў новай краіне, усё гэта страціла сэнс цяпер.

Цяпер размова ідзе пра наладжваньне гуманітарных шляхоў, лягістыкі для гуманітарнай дапамогі, для мэдыкамэнтаў. Мы сабралі заяўкі ад мэдычных работнікаў, якія гатовыя працаваць ва Ўкраіне, аказваць дапамогу там, дзе гэта спатрэбіцца. Пакуль украінскае Мінздароўя не дало адмашкі, каб людзі ехалі.

Цяпер усе сілы сканцэнтраваныя вакол Украіны. Гэта ня дзіўна. Думаю, што нікому з уцямных беларусаў ня крыўдна, што раптам увага пераключылася. Хаця ў Беларусі працягваюць сядзець людзі, працягваюцца катаваньні. Тыя, хто хацеў, пра гэта чуе і памятае. Зразумела, што калі гэты канфлікт скончыцца перамогай Дабра, то тады і для нас ёсьць шанец, як ніколі рэальны, на зьмены да лепшага.

Больш за 150 беларускіх мэдычных работнікаў гатовыя ехаць дапамагаць Украіне ў гэтай вайне. У гэтай справе заўсёды каардынатар — Мінздароўя, мэдыкі самі па сабе, сабраўшы рэчы, ня могуць ехаць. Мы спрабуем выбудаваць сыстэму каардынацыі, каб усе разумелі, хто што робіць.

«Хачу, каб Дабро перамагло Зло»

— Маглі б вы пракамэнтаваць такую зьяву, што ў беларускіх шпіталях зьявіліся намесьнікі па бясьпецы, па рэжыме і кадрах, не спэцыялісты ў мэдыцыне, а людзі ў пагонах, якія займаюцца чысткамі мэдыкаў, што ўдзельнічалі ў пратэстах, і ўсімі рэчамі, зьвязанымі з так званым ідэалягічным кантролем? Наколькі гэта шырока распаўсюджана?

— Я ведаю, што такія намесьнікі ёсьць. Справаздачы пра гэта, натуральна, не даюць. Ведаю канкрэтныя бальніцы, дзе яны зьявіліся, але выглядае, што гэта даволі шырока распаўсюджана.

— Чаго вы цяпер найбольш прагнеце?

— Хачу, каб Дабро перамагло Зло. Хачу, каб ва ўсім гэтым канфлікце мы ня толькі захавалі фізычныя жыцьці, а каб мы адстаялі права быць чалавекам, каб чалавецтва ўрэшце вывучыла ўрокі гісторыі. Мне жудасна думаць, што яшчэ жывыя сьведкі фашызму ў сярэдзіне 20 стагодзьдзя, і мы так хутка наступілі на тыя ж граблі, і так многа людзей упляліся ў гэты пякельны карагод. Калі мы бачым, што самалёт ляціць, каб бамбіць радзільню, усё роўна знаходзіцца дастаткова людзей, якія кажуць, што яны ў гэта ня вераць. Я хачу, каб у выніку чалавек застаўся чалавекам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG