«Прывезьлі расейскіх вайскоўцаў — 2003 году нараджэньня, восеньскі прызыў. Хто без вачэй, хто без вушэй, хто з вывернутымі кішкамі», — паведамляюць з Мазыра.
«Яшчэ некалькі дзён таму наш шпіталь часткова аддалі пад раненых. Адразу аддалі па дваццаць месцаў у аддзяленьні, цяпер, відавочна, больш. Вязуць ня толькі параненых, але і трупы. Трупы прывозяць на „КамАЗах“, параненых — на невялікіх „ПАЗах“. Скупляюць рытуальныя рэчы — труны, вянкі», — паведаміў жыхар Мазыра.
Ёсьць інфармацыя, што шпіталі ў Мазыры і Нароўлі «ўзмоцняць» мэдыкамі зь іншых рэгіёнаў вобласьці.
У Гомлі параненых прымаюць прынамсі ў трох шпіталях — абласным, Цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны і ў Касьцюкоўцы. «Тыя „КамАЗы“, якія часта ганяюць па Гомлі, з крыжамі — гэта перавозка ня раненых, а трупаў. Іх вязуць у тым ліку ў морг 3-га шпіталя ў Гомлі», — кажа гомелец.
Таксама мясцовыя паведамляюць, што найперш мэдычную дапамогу аказваюць расейскім вайскоўцам.
«У Гомельскім абласным шпіталі арганізавалі мабільныя брыгады для дапамогі расейскім параненым. Мэдыкі на «хуткіх» езьдзяць у Камарын, забіраюць там параненых і вязуць у абласны шпіталь. Параненым расейцам — першапачатковая дапамога. У нас некалькі людзей хварэлі на ковідныя пнэўманіі — нельга было дапрасіцца мэдычнай дапамогі. А тут аж у Камарын пагналі «хуткія», — паведаміла крыніца.