Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваюцца абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. Украіна кажа, што беларускія войскі рухаюцца да мяжы. Хроніка расейскай агрэсіі 28 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • 28 лютага Кіеў і Масква правялі перамовы на мяжы Беларусі і Ўкраіны. Бакі «вызначылі шэраг прыярытэтных тэмаў» і дамовіліся правесьці другі раўнд перамоваў
  • Расея працягвае ракетныя абстрэлы Кіева, Харкава, Чарнігава ды іншых гарадоў, скінула вакуўмныя бомбы на Ахтырку. Абстрэлы вядуцца ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Падчас расейскіх абстрэлаў у Марыюпалі загінула 6-гадовая дзяўчынка.
  • За чатыры дні расейскай агрэсіі ва Ўкраіне загінулі 352 цывільныя асобы і яшчэ 1 684 атрымалі раненьні.
  • ЭЗ перадасьць Украіне летальную зброю на 450 млн эўра
  • Паводле ААН, ужо больш за 368 тысяч чалавек выехалі з Украіны ў суседнія краіны. На мяжы вялікія чэргі.
  • 27 лютага больш за 700 беларусаў затрымалі падчас стыхійных пратэстаў пад антываеннымі лёзунгамі.
  • Эўразьвяз пашырыў санкцыйны сьпіс беларускіх чыноўнікаў яшчэ двума дзясяткамі прозьвішчаў
  • Эўразьвяз закрые паветраную прастору для расейскіх самалётаў, а авіякампаніі адмяняюць рэйсы ў Расею.
  • Лукашэнка прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Хроніка вайны 27 лютага
01:17 1.3.2022

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што ня бачыць прычын баяцца ядзернай атакі Расеі

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што ня бачыць прычыны для амэрыканскіх грамадзян хвалявацца наконт ядзернай вайны на фоне ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. На адпаведнае пытаньне, якое Байдэну задалі пасьля яго выступу ў Белым доме, ён адказаў кароткім «не», паведамляе The Hill.

ЗША таксама заявілі, што не плянуюць зьмяняць узровень ядзернай боегатоўнасці пасьля таго, як у нядзелю, 27 лютага, Расея прывяла свае «сілы ядзернага стрымліваньня» ў стан павышанай гатоўнасьці, паведамляе Reuters.

«Мы не зьмянілі нашых уласных папярэджаньняў, і мы не зьмянілі нашай уласнай ацэнкі ў гэтым пытаньні. Але мы таксама павінны цьвяроза ацаніць тое, як ён (Уладзімір Пуцін. — РС) выкарыстоўвае пагрозы», — заявіла прэс-сакратар Белага дому Джэн Псакі ў інтэрвію MSNBC.

01:16 1.3.2022

Эўразьвяз пашырыў санкцыйны сьпіс беларускіх чыноўнікаў яшчэ двума дзясяткамі прозьвішчаў

Амбасадары краін Эўразьвязу 28 лютага вырашылі накласьці візавыя санкцыі на 22 беларускіх высокапастаўленых вайскоўцаў і чыноўнікаў Міністэрства абароны.

Свабода атрымала гэты санкцыйны сьпіс, афіцыйная публікацыя якога заплянаваная на 1 сакавіка. Чакаецца таксама, што 1 сакавіка амбасадары краін ЭЗ прымуць рашэньне адносна дадатковых эканамічных санкцый супраць Беларусі ў сувязі зь яе ўдзелам у вайне Расеі супраць Украіны.

01:02 1.3.2022

Беларускія адвакаты і юрысты выступілі з заявай супраць вайны ва Ўкраіне

«Мы нязгодныя з тым, што тэрыторыя Беларусі стала пляцдармам для разьмяшчэньня расейскіх войскаў, якія вядуць баявыя дзеяньні ва Ўкраіне, і нашая краіна ўцягнутая ў гэты канфлікт, – напісалі беларускія юрысты і адвакаты ў адмысловай заяве. – Прынцыпамі міжнароднага права, замацаванымі ў Статуце ААН, Дэклярацыі аб прынцыпах міжнароднага права 1970 года і Хэльсынскім заключным акце Нарады па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе 1975 году зьяўляюцца прынцып непрымяненьня сілы і пагрозы сілай, прынцып вырашэньня міжнародных спрэчак мірнымі сродкамі, прынцып непарушнасьці дзяржаўных межаў, прынцып тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў, прынцып павагі правоў чалавека і асноўных свабод. Дадзеныя прынцыпы міжнароднага права павінны няўхільна выконвацца».

23:58 28.2.2022

Расея ў ААН назвала свае пачатковыя патрабаваньні, каб спыніць вайну

Гатоўнасць Украіны правесці «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю» будзе крокам да канца спецыяльнай ваеннай аперацыі. Пра гэта заявіў у панядзелак на прэс-канферэнцыі сталы прадстаўнік Расеі пры ААН Васіль Небензя, якога цытуе ТАСС.

23:49 28.2.2022

Украіна кажа, што беларускія падразьдзяленьні рухаюцца да мяжы Украіны на Валынскім кірунку

«Некаторыя падразьдзяленьні найбольш баяздольных падразьдзяленьняў Узброеных сіл Беларусі пачалі рух да Дзяржаўнай мяжы Украіны на Валынскім кірунку. Акрамя таго, тэрыторыя Беларусі далей выкарыстоўвацца для правядзеньня баявых вылетаў армейскай, апэратыўна-тактычнай і спэцыяльнай авіяцыі УС РФ для выкананьня задач на тэрыторыі нашай краіны», — гаворыцца ў зводцы Генштаба Узброеных сіл Украіны.

23:34 28.2.2022

Украіна абяцае расейскім вайскоўцам, якія добраахвотна здадуцца ў палон, поўную амністыю і грашовую ўзнагароду

Пра гэта заявіў міністар абароны краіны Аляксей Рэзьнікаў.

«Мы прапануем расейскім салдатам выбар: загінуць на несправядлівай вайне альбо поўную амністыю і 5 мільёнаў рублёў кампэнсацыі (каля 45 тысяч даляраў). У выпадку, калі яны добраахвотна складуць зброю і здадуцца ў палон», — напісаў Рэзьнікаў.

Ён паведаміў, што грошы для гэтай акцыі зьбіраюць лідэры ІТ-індустрыі ўсяго сьвету.

22:43 28.2.2022

Звольнены міністар абароны Баўгарыі Стэфан Янэў

Кабінэт міністраў адправіў яго ў адстаўку на нечарговым паседжаньні ўраду Баўгарыі. Адначасова ўрад прагаласаваў за разьмяшчэньне ў краіне войскаў іншых краін NATO.

У студзені Янэў, вядомы сымпатыямі да Баўгарскай сацыялістычнай партыі — спадкаемцы камуністаў — выступаў супраць гэтага разьмяшчэньня. Ён прапанаваў забясьпечваць абарону краіны нацыянальнымі ўзброенымі сіламі, што выклікала шквал незадаволеньня сярод грамадзян Баўгарыі. Пазьней Янэў прапанаваў не называць уварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну вайной, паколькі, як ён тлумачыў, гэтага тэрміну ўнікае сам Пуцін.

22:06 28.2.2022

Пуцін абавязаў экспартэраў прадаваць 80% валютнай выручкі і забараніў расейцам залічваць валюту на замежныя рахункі

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у адказ на ўведзеныя супраць Расеі санкцыі падпісаў указ «Аб ужываньні спэцыяльных эканамічных мераў у сувязі зь недружалюбнымі дзеяньнямі ЗША і замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў, якія далучыліся да іх».

21:52 28.2.2022

Эўрапейская фэдэрацыя гандболу адхіліла беларускія і расейскія зборныя і клюбы ад удзелу ў спаборніцтвах пад эгідай арганізацыі

Рашэньне прынялі ў сувязі з ваеннай сытуацыяй ва Украіне і з спасылкай на нядаўнія рэкамэндацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту, патлумачылі ў арганізацыі.

Акрамя таго, судзьдзяў і афіцыйных асобаў з Расеі і Беларусі ня будуць вылучаць на будучыя матчы, а лектараў і ўдзельнікаў фэдэрацыі з Расеі і Беларусі ня будуць запрашаць на мерапрыемствы.

21:34 28.2.2022

Міністэрства абароны адказала на звароты грамадзян аб магчымым удзеле беларускіх вайскоўцаў у вайне ва Ўкраіне

У ведамстве заявілі, што ўдзелу ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» беларускія вайскоўцы на тэрыторыі Ўкраіны не прымаюць.

«Вайскоўцы выконваюць задачы адпаведна пляну падрыхтоўкі Ўзброеных Сілаў па прызначэньні ў 2021/2022 навучальным годзе толькі ў межах граніц Рэспублікі Беларусь і ўдзелу ў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі на тэрыторыі Украіны не прымаюць», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства абароны Беларусі.

21:09 28.2.2022

У Кіеве ад заўтра забараняюць продаж алькаголю

Пра гэта ў звароце абвясьціў мэр Кіева Віталь Клічко. Ён таксама заклікаў уладальнікаў крамаў і гандлёвых сетак не падвышаць цэны на харч, тавары першай неабходнасьці і лекі, сказаўшы, што гэта «горш за марадэрства». Сёньня ў Кіеве камэнданцкая гадзіна ад 20.00 да 7.00 раніцы.

21:00 28.2.2022

FIFA і UEFA забаранілі ўсім расейскім клюбам і зборным удзел ва ўсіх спаборніцтвах

Гэта значыць, што расейская зборная ня зможа гуляць ў адборачных матчах чэмпіянату сьвету ў наступным месяцы, а жаночая — у чэмпіянаце Эўропы гэтым летам.

Маскоўскі «Спартак» выкінулі зь Лігі Эўропы, а UEFA спыніла супрацоўніцтва з расейскай кампаніяй «Газпром» як спонсарам.

20:05 28.2.2022

Вялікая Брытанія ўвядзе яшчэ адзін пакет санкцыяў супраць Расеі

Мэтай новага пакету брытанскія ўлады назвалі адключэньне Расеі ад міжнароднай фінансавай сыстэмы SWIFT. Санкцыі ўводзяцца супраць Цэнтральнага банку Расеі «ў адказ на ўварваньне ва Ўкраіну». Акрамя таго будуць замарожаныя актывы банкаў ВГБ, «Совкомбанк» і «Внешэкономбанк» у Вялікай Брытаніі.

19:51 28.2.2022

Аднавіліся ўдары па Кіеве

Карэспандэнтка тэлеканалу Белсат Любоў Лунёва ў жывым эфіры паведаміла з Кіева, што аднавіліся абстрэлы гораду.

19:46 28.2.2022

Украіна пра вынікі перамоваў у Беларусі: «вызначылі шэраг прыярытэтных тэмаў»

Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк заявіў аб завяршэньні першага раўнду перамоваў з Расеяй, якія праходзілі на тэрыторыі Беларусі.

«Украінская і расейская дэлегацыі правялі сёньня першы раўнд перамоваў, асноўнай мэтай якіх было спыненьне агню на тэрыторыі Ўкраіны і баявых дзеяньняў. Бакі вызначылі шэраг прыярытэтных тэмаў, у якіх намеціліся пэўныя рашэньні. Каб гэтыя рашэньні атрымалі нейкія магчымасьці ўвасабленьня і лягістычнага разьвязаньня, бакі вяртаюцца для кансультацыяў у свае сталіцы», — заявіў Падаляк.

Паводле яго, бакі абмеркавалі магчымасьць другога раўнду перамоваў, на якіх гэтыя тэмы «атрымаюць практыку разьвіцьця».

Прадстаўнік Расеі Ўладзімір Мядзінскі ў сваю чаргу паведаміў:

«Знайшлі пэўныя пункты, у якіх можна прагназаваць агульныя пазыцыі». Паводле яго, наступная сустрэча мае адбыцца на беларуска-польскай мяжы найбліжэйшымі днямі.

19:35 28.2.2022

Украінская дэлегацыя заявіла, што перамовы з Расеяй скончыліся

Цяпер бакі разьяжджаюцца ў сталіцы, каб абмеркаваць далейшыя рашэньні зь кіраўнікамі дзяржаваў, паведамляе «Настоящее время».

Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк заявіў аб завяршэньні першага раўнду перамоў з Расеяй, якія праходзілі на тэрыторыі Беларусі.

«Украінская і расейская дэлегацыі правялі сёньня першы раўнд перамоў, асноўнай мэтай якіх было спыненьне агню на тэрыторыі Ўкраіны і баявых дзеяньняў. Бакі вызначылі шэраг прыярытэтных тэм, па якіх намеціліся пэўныя рашэньні.Дзеля таго, каб гэтыя рашэньні ўжо маглі атрымаць нейкія магчымасьці імплемэнтацыі і лягістычнага рашэньня, бакі вяртаюцца для кансультацый у свае сталіцы», — заявіў Падаляк.

Паводле яго, бакі абмеркавалі магчымасьць правядзеньня другога раўнду перамоў, на якіх гэтыя тэмы «атрымаюць практыку разьвіцьця».

19:35 28.2.2022

Акцыі EPAM за сёньня абваліліся на амаль 40%

Акцыі буйной амэрыканскай ІТ-камраніі EPAM, якае мае свой офіс і ў Беларусі, на сёньняшніх таргах упалі на 38% працэнтаў. З 24 лютага, г. зн. ад пачатку нападу Расеі на Ўкраіну, яны абваліліся амаль удвая. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал dev.by «Главные ИТ-новости Беларуси».

19:24 28.2.2022

«Ні Расею, ні беларускія войскі ня пусьцім». Жыхары ўкраінскага паселішча Дабранка зьвярнуліся да беларусаў на мяжы

Жыхары ўкраінскага паселішча Дабранка выйшлі з акцыяй да аднайменнага пункту пропуску зь Беларусьсю, каб перадаць беларусам, што не дазволяць увайсьці на сваю тэрыторыю ні расейскім, ні беларускім войскам.

Спачатку адзін з жыхароў гучна пракрычаў: «Беларусы! Вы чуеце нас? Перадайце, калі ласка! Дабранка вас тут не чакае! Ні Расею, ні беларускія войскі мы не прапусьцім!».

Другі дадаў: «Гэць дадому!». Жыхары Дабранкі чакалі адказу, але ім так ніхто і не адказаў. На завяршэньне акцыі мясцовыя жыхары ўключылі гімн Украіны.

Дабранка знаходзіцца ў Рэпкінскім раёне Чарнігаўскай вобласьці, а ў ім — памежны пункт пропуску. Беларускі пункт пропуску называецца Паддабранка (у Гомельскім раёне).

19:22 28.2.2022

Зяленскі падпісаў заяўку на ўступленьне Ўкраіны ў ЭЗ

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў заяўку на сяброўства яго краіны ў Эўразьвязе. Пра гэта паведаміў Telegram-канал Вярхоўнай Рады Украіны.

18:09 28.2.2022

Як зараз выглядае мапа тэрытарыяльнага кантролю Ўкраіны

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG