Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш за ўсё людзям цяпер патрэбная вызначанасьць». Тры гісторыі пра беларусак, якія дапамагаюць у часы вайны


Кракаў
Кракаў

Як беларусы ва ўсім сьвеце дапамагаюць Украіне? Хтосьці зьбірае харчовыя і аптэчныя наборы і шле ў гарачыя пункты, дзе людзі апынуліся ў блякадзе, бязь ежы, вады і лекаў. Хтосьці аказвае псыхалягічную дапамогу, хтосьці дапамагае разгубленым людзям зарыентавацца ў чужой краіне

Сабралі тры гісторыі пра тое, як беларускі дапамагаюць у часы вайны ў Закарпацьці, Кракаве, Бэрліне.

«Зьбіраем пакункі экстранай дапамогі ахвярам вайны»

Маргарыта Варга-Мельнічук родам зь Берасьця, выйшла замуж за ўкраінца і пераехала да мужа ў Закарпацьце. У жніўні 2020 году была ў родным горадзе, калі там пачаліся пратэсты, цяжарнай выходзіла на маршы

«Чым магла, я змагалася за Беларусь, а цяпер хачу дапамагчы Ўкраіне. У мяне было моцнае жаданьне самой ехаць у гарачыя пункты, самой ваяваць і валянтэрыць на вайне. Але майму дзіцяці толькі 10 месяцаў, таму вырашыла дапамагаць адсюль», — кажа Маргарыта.

У Закарпацьці, дзе жыве яе сям’я, пакуль спакойна. Сюды прыяжджае багата ўцекачоў. Людзі ставяцца да іх па-рознаму: адзін дом прымае 10 чалавек, другі — нікога, працягвае жанчына.

Маргарыта Варга-Мельнічук
Маргарыта Варга-Мельнічук

«У нас у вялікім доме цяпер каля 30 чалавек. Людзі прыехалі з Чарнігава, Кіева, Бучы, Адэсы. Гэтыя людзі выбраліся літаральна ў першы-другі дзень вайны, ім пашанцавала. Калі пачаліся ваенныя дзеяньні, эвакуавацца было ўжо цяжка», — кажа яна.

У першыя дні вайны маладая жанчына кінула кліч сярод сяброў, знаёмых, сабралі грошы, хто колькі можа, закупілі харчы ў крамах і на складах, пачалі іх фасаваць па пакунках і адпраўляць. Потым да мясцовых жыхароў далучыліся і тыя, хто ўцёк ад вайны. Яны зьбіраюць камплекты экстранай дапамогі ахвярам вайны ва Ўкраіне.

«Кожны дзень чалавек 40 прыходзіць дапамагаць: частка мясцовых, частка саміх уцекачоў. Так працягвалася некалькі дзён. А цяпер мы сутыкнуліся з тым, што склады, сховішчы апусьцелі. Дзе раней мы закупляліся, харчы скончыліся. Дый цэны істотна ўзьняліся.

Таму цяпер я шукаю людзей у Эўропе, якія гатовыя дапамагаць, шукаю і тых людзей, якія гатовыя перавозіць, якія маюць магчымасьць перасякаць мяжу, туды-сюды езьдзіць, а гэта ня ўсе могуць.

Калі ёсьць беларусы, якія гатовыя дапамагаць, я ведаю, чым канкрэтна трэба дапамагаць. Няхай зьвяжуццаз намі.

Гаворка ня толькі пра фінансы. Калі яны за мяжой — ёсьць магчымасьць кантактаваць, няхай далучаюцца, мы ведаем, куды трэба накіроўваць дапамогу.

Калі беларусы ў гарачых пунктах і ім патрэбная дапамога, мы зможам дапамагчы», — кажа Маргарыта Варга-Мельнічук.

Акрамя пакункаў з харчамі і аптэчнымі наборамі, валянтэры цяпер зьбіраюць каністры і заліваюць іх палівам.

«Адзін пакунак — гэта адзін чалавек, выратаваны ад голаду, 1 каністра — гэта адна машына, яка зможа эвакуавацца», — дадае Маргарыта.

«Заставацца ўбаку маё праваабарончае сумленьне не дазволіла»

Беларуска Алена Лапцёнак з праваабарончага цэнтру «Вясна» цяпер у Кракаве, адным з найбліжэйшых гарадоў, куды едуць аўтобусы, машыны, цягнікі з украінска-польскай мяжы.

«Уцекачы — у асноўным жанчыны зь дзецьмі, сталыя людзі і людзі ў інвалідных вазках. Заставацца ўбаку маё праваабарончае сумленьне не дазволіла.

Я прыехала на пачатку сакавіка і трапіла адразу ў вір падзеяў. Ехала з Варшавы ў Кракаў, у адваротны бок. Не зразумела спачатку, чаму на пэроне падскочылі хлопцы з бэджыкамі „валянтэры“ і пачалі дапамагаць.

Кракаў
Кракаў

На наступны дзень я зразумела, што таксама павінна дапамагаць. Далі кантакт беларускі, якая тут даўно. Хутка ўключылася. Запыталася, якая патрэбна дапамога. Ёсьць дзяжурствы на вакзале, і дапамагаць трэба ўначы, бо людзей мала. Я сама — „сава“, мне няцяжка ўначы быць бадзёрай. Паступова прызвычаілася».

Алена Лапцёнак кажа, што хоць і мае якасную тэхніку, рука не падымаецца нацэльваць яе на змучаных людзей, якія правялі ў дарозе па пяцёра сутак. Аднак лічыць, што варта дакумэнтаваць усё. Людзям цяжка зарыентавацца, паўсюль чэргі: у прыбіральню, у пункт бясплатнай раздачы хуткага харчаваньня, у касы, на рэгістрацыю часовага жытла.

«Польшча — у эпіцэнтры транзыту. Людзі хочуць ехаць далей, у Нямеччыну ці іншыя краіны. Вакзал гудзе кругласуткава. Рух вельмі вялікі.

У валянтэраў розныя пункты. Ёсьць каля касаў, каб камунікаваць з касірамі. Ёсьць пункты, дзе часовы адпачынак паміж рэйсамі. Людзі стомленыя. Сьпяць хто як: покатам, на чамаданах, посьцілках, на прыступках, вырубаюцца ў любой позе. Праблемы ва ўсім.Няма польскіх сімак, іх трэба рэгістраваць.

Ёсьць людзі, якія ў дарозе правялі 5 дзён. Літаральна сёньня цяжарная жанчына з двума дзецьмі просіць пакласьці на адпачынак. Эмацыйна кажа: «Я прыехала зь пекла — з Харкава, але лепш бы я засталася там, на вайне!» Тут яна разгубілася, застаўшыся бяз грошай, кажа валянтэрка.

Яна прызнаецца, што са многімі цяжка камунікаваць, бо валянтэры — не псыхолягі, хоць зь імі і праводзілі інструктаж, як сябе паводзіць. Стараецца камунікаваць далікатна, ня лезьці ў душу, не задаваць лішніх пытаньняў, але выслухаць, калі яны самі хочуць выгаварыцца.

«Ёсьць людзі, якія прайшлі такі складаны шлях, пераадолелі цяжкасьці, але яны заяўляюць: „Я хачу назад!“ Ім здаецца, што там не такая небясьпека, як невядомасьць наперадзе. Адна справа, што разбамбілі Харкаў, і там страшна, людзі там без вады, безь сьвятла, бязь ежы. Але частка ўкраінцаў едзе з рэгіёнаў, дзе ваенных дзеяньняў няма, яны паддаліся страху. А калі зразумелі, што цяжка, гатовыя ехаць назад.

Днямі чула, як расплакалася сталая кабета. Яны выехалі з дачкой і двума ўнукамі-падлеткамі ад іншай дачкі, якая загінула ў Харкаве пад абстрэламі. Дзецям сказалі, што маці прыедзе пазьней, — баяцца іх рэакцыі. Сама жанчына пасьля апэрацыі гляўкомы, нават швы не пасьпела зьняць, з раненьнем хрыбетніка, ходзіць цяжка, з кіем. Людзі пяцёра сутак ня мытыя, усю бамбёжку праляжалі на падлозе. Трэцяя дачка засталася ў Кіеве. Цяпер невядомасьць», — кажа Алена Лапцёнак.

Але ёсьць яшчэ адна праблема, на якую яна зьвяртае ўвагу як праваабаронца.

«Падыходзяць людзі, якія прапануюць адвезьці ў Нямеччыну, Данію, Італію... Маўляў, „мы прывезьлі гуманітарны груз і гатовыя кагосьці кудысьці адвезьці“. Сёньня на вакзале ў Кракаве зьявіліся плякаты пра рабства і гандаль людзьмі. Таксама думаеш, перажываеш», — кажа яна.

Стварыла тэлеграм-канал псыхалягічнай дапамогі валянтэрам, прыняла сям’ю з Украіны

Беларуска Алена Станкевіч-Жданоўская 7 гадоў жыве зь сям’ёй у Нямеччыне. Алена — псыхоляг. Актыўнічаць зь беларускай дыяспарай Бэрліну пачала ў жніўні 2020 году. Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Алена зрабіла канал у Тэлеграме для дапамогі валянтэрам, якія працуюць з украінцамі.

«Валянтэры — людзі з гарачым сэрцам, яны вельмі хутка ўключаюцца ў працу і не заўважаюць, што неўзабаве эмацыйна пачынаюць выгараць і што ім самім патрэбная дапамога. Таму я і стварыла такі канал для тых, хто сустракае людзей, хто зьбірае рэчы, дапамагае зарыентавацца ўцекачам, людзям, якія апынуліся ў складаным становішчы», — расказвае Натальля.

Яна кажа, што ў Нямеччыну паехала вельмі шмат уцекачоў з Украіны, і ў асноўным людзі трапілі ў Бэрлін.

«Бэрлін перапоўнены. У Цэнтры прыёму ўцекачоў дзясяткі тысяч людзей. Таму мы рэгулярна возім ежу ў цэнтар прыёму бежанцаў у Бэрліне. Вазілі мяса, грэчку.

Сыстэма прыёму, лягістыка будуецца сёньня, на месцы, людзі не былі падрыхтаваныя да такога разьвіцьця падзей. Таму цяпер ёсьць хаос, нявызначанасьць.

Натальля зь сям’ёй на акцыі ў падтрымку Ўкраіны ў Бэрліне
Натальля зь сям’ёй на акцыі ў падтрымку Ўкраіны ў Бэрліне

Але матэрыяльна нямецкі ўрад робіць шмат: дае гарантыі бясплатнага жытла, страхаваньне, вырашае сацыяльныя пытаньні — дзеці ідуць у школы і садкі.

Немцы, нямецкае грамадзтва вельмі добра і пазытыўна ставіцца да ўкраінцаў. У Бэрліне ў выходныя выйшла паўмільёна на марш у падтрымку Ўкраіны.

І мы бачым, як немцы прыносяць рэчы, грошы, у навінах пастаянна ўсё гэта асьвятляецца. Відавочна, што большасьць немцаў на баку Ўкраіны. Пастаянна зьяўляюцца новыя ініцыятывы, акцыі», — расказвае Алена.

Сям’я Станкевічаў-Жданоўскіх прыняла ў сваім доме сям’ю з Украіны. Тата застаўся ваяваць, а маці зь дзецьмі дабралася да Бэрліну.

«Людзі ў стрэсе, у разгубленасьці, у шоку. Жанчына, якая жыве ў нас, раней зь сям’ёй жыла ў Кіеве. І літаральна ўчора яна сарвалася і кажа: „Хто б мог падумаць, што мы да такога дажывем, што была праца, было жытло, было шчасьлівае жыцьцё, а тут раптам адным ранкам усё абрынулася!“ Больш за ўсё людзям цяпер патрэбна вызначанасьць», — перакананая беларуска, псыхоляг Алена Станкевіч-Жданоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG