Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейцы выламалі дзьверы ў кватэрах, рабуюць, забіраюць у людзей апошнюю ежу». Як беларус выбраўся з акупаванага Гастомеля


Гастомель
Гастомель

Аляксандар пасьля рэпрэсій у Беларусі перабраўся жыць ва Ўкраіну. Пажыўшы ў Кіеве, пераехаў у Гастомель, які ў час вайны трапіў у самую гушчу баёў і цяпер акупаваны расейцамі. Як гэта было — Аляксандар расказаў Свабодзе.

«Гастомель да вайны быў прыўкрасны, утульны, камфортны, мне ён вельмі падабаўся. 24 лютага мне патэлефанавалі сябры са словамі: „Усё, пачалося!“ — і празь некалькі гадзін над Гастомелем ужо ляталі расейскія верталёты. Пачаўся масіраваны абстрэл жылых кварталаў і аэрадрому Антонаў. Мы — я і мая дзяўчына — былі ў шоку і вырашылі ў першы дзень нікуды ня рухацца. Потым масты былі ўзарваныя, і выехаць ужо было немагчыма. Мы жылі ў жылым комплексе „Пакроўскі“. Цяпер ад яго мала што засталося», — расказаў Аляксандар.

Спачатку ў іх адключылі сьвятло.

Гастомель
Гастомель

«У нас дом залежыць ад электрычнасьці, то, адпаведна, не было на чым прыгатаваць ежу ці схадзіць у душ. Мы хадзілі гатаваць ежу ў суседні дом — там у іх быў газ першыя дні. Пасьля ўжо гатавалі ежу на вогнішчах. Мы з суседзямі жылі мірна, дружна, усе адзін аднаго падтрымлівалі. Загадчыца крамы адчыніла яе, каб мы ўзялі сабе ўсё неабходнае, пакуль пачнуць рабаваць расейцы. Па выніку наш жылы комплекс трапіў пад поўную акупацыю — у двары стаялі расейскія танкі і БТРы, па кватэрах хадзілі расейцы і рабавалі людзей», — кажа Аляксандар.

Гастомель
Гастомель
Ён зазначыў, што расейскія вайскоўцы ў іх доме выламалі абсалютна ўсе дзьверы — «шукалі тэрытарыяльную абарону». Патлумачылі гэта «мерамі бясьпекі».

«Яны забіралі ўсё, што хацелі. Забіралі ў людзей апошнюю ежу, ваду. Разьбівалі тэхніку, стралялі па людзях... Як зьдзек далі некаму „гуманітарную дапамогу“ — сухі паёк. Гэта пры тым, што ад людзей яны забіралі і выносілі скрынкі ежы», — кажа Аляксандар.

Пры бамбардаваньнях людзі сядзелі па падвалах. Часам вярталіся ў свае кватэры, каб узяць цёплыя рэчы. «Дзьверы былі выламаныя, у мяне яны скралі ноўтбук і фотаапарат. Можа што і яшчэ, я не глядзеў. Аналягічна было і ў іншых людзей. Адны расейцы казалі, што хочуць дахаты і ня ведаюць, што яны тут робяць. Іншыя заяўлялі людзям, што „мы вас ратуем“. Трэція казалі на нас: „Вы марыянэткі Захаду! Падсьцілкі Захаду, праз вас пакутуюць нашы дзеці, якім з Захаду прамываюць мазгі!“ Яны нас папікалі, што ў нас „багатыя кватэры“ і мы „шыкуем“», — кажа беларус.

Гастомель
Гастомель

Ён бачыў там і вайскоўцаў тэрміновай службы, і кантрактнікаў. «Там былі ўсе — ад кадыраўцаў і жыхароў усходняй часткі Расеі да, скажам так, пецярбуржцаў. Многія казалі, што яны ўжо пабывалі ў гарачых пунктах, то бок „працуюць“ тут за грошы», — дадаў Аляксандар.

Першы гуманітарны калідор быў сарваны — расейцы заблякавалі аўтобусы.

«Мы цудам адтуль выбраліся, і ўчора, 10 сакавіка, у 7 вечара былі ў Кіеве. 10 кілямэтраў людзі ішлі пешкі, у мінусавае надвор’е, у завіруху... Мы ішлі з Гастомеля і бачылі, як там падарвалі высокі дом. Ён гарэў каля 15 гадзін. Вакол ішлі баі. Я і цяпер не магу пакуль знайсьці слоў, каб апісаць усё, што там адбывалася. Ці было мне страшна? Канечне. Але калі над маёй галавой праляцела міна і са мной нічога ня здарылася, я падумаў, што яшчэ не прыйшоў мой час.

Гастомель
Гастомель

Было страшна. Але калі ты прачынаесься, побач — блізкі чалавек, калі ты здаровы і ёсьць што паесьці... Каштоўнасьці зьмяняюцца, патрэбы сыходзяць да мінімуму. Пакуль ракеты ня падаюць на Крэмль — гэта не вайна! Гэта генацыд, нацызм, гэта зьнішчэньне ўсяго жывога, усяго, што ёсьць ва Ўкраіне. Гастомель ужо непрыдатны для жыцьця... Там толькі прыватны сэктар застаўся. Усе дарогі заваленыя абломкамі, трупамі, падарванымі БТРамі, танкамі, вакол зьнішчаныя будынкі... Гэтая карціна нагадвае постапакаліпсіс», — кажа Аляксандар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG