Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмяротнасьць, гандаль, бюджэт. Як улады ўтойваюць дзяржаўную статыстыку


Сядзіба Белстату. Архіўнае фота
Сядзіба Белстату. Архіўнае фота

З 2020 году з адкрытай статыстыкі прапалі вялікія масівы інфармацыі: экспарт падсанкцыйных тавараў, сьмяротнасьць ды іншае. Глядзім, да чаго гэта вядзе і навошта гэта беларускім уладам.

Што зьнікла зь дзяржаўнай статыстыкі

З пачатку палітычнага крызісу 2020 году беларускія ўлады пэрыядычна закрываюць усё новыя і новыя зьвесткі аб эканамічным, сацыяльным і палітычным жыцьці ў Беларусі. Глядзім, што ўжо схавалі.

Сьмяротнасьць

Беларуская дзяржаўная служба статыстыкі Белстат так і не апублікавала зьвесткі аб сьмяротнасьці жыхароў Беларусі за 2020 год. Апошнія лічбы колькасьці народжаных, памерлых, а таксама шлюбаў і разводаў апублікаваныя толькі за студзень—сакавік — яшчэ да пачатку эпідэміі каранавірусу ў Беларусі.

За студзень—сакавік 2020 году ў Беларусі памерлі 31039 чалавек. Раней гэтыя зьвесткі Белстат публікаваў рэгулярна.

Колькасьць пэнсіянэраў

Белстат не апублікаваў у зборніку «Сацыяльна-эканамічнае становішча Рэспублікі Беларусі ў студзені—лістападзе 2021 году» колькасьць пэнсіянэраў. У папярэдніх зборніках ведамства разьмяшчала такую інфармацыю з спасылкай на Міністэрства працы.

Экспарт нафтапрадуктаў

Экспарт нафтапрадуктаў — адна з асноўных крыніц прытоку валюты ў Беларусь. Раней гэтая статыстыка была даступная ў разьдзеле «Замежная эканамічная дзейнасьць»: публікаваліся як апэратыўныя зьвесткі, так і падсумаваньні за год.

Экспарт угнаеньняў

Другая крыніца прытоку валюты ў Беларусь — калійныя ўгнаеньні. Зьвесткі пра іх зьніклі з афіцыйнай статыстыкі ў ліпені. Раней яны зьяўляліся рэгулярна — як гадавыя, так і апэратыўныя.

Аўтобусы, трактары, самазвалы

Раней база Белстату мела 19 пазыцыяў адпаведна катэгорыям тавараў. Цяпер — 14. Зьніклі таксама апэратыўныя зьвесткі аб продажы плястмасаў, гумы і вырабаў зь іх. Няма дадзеных аб машынах, абсталяваньні і мэханізмах, а таксама аб гуказапісвальнай апаратуры. Таксама прапалі зьвесткі аб продажы за мяжу сродкаў наземнага транспарту, а гэта аўтобусы, трактары, грузавікі — асноўныя вырабы беларускай прамысловасьці.

Дадзеныя аб выкананьні бюджэту

У ліпені Мінфін Беларусі перастаў даваць на сваім сайце дадзеныя аб выкананьні бюджэту, а таксама выдаліў папярэднія публікацыі на гэты конт. Міністар сказаў, што «гэтую інфармацыю могуць выкарыстоўваць для інсінуацый».

Дэталізацыя ЗВР

Нацбанк перастаў публікаваць дэталізаваную статыстыку аб золатавалютных рэзэрвах: што зьмянілася, колькі грошай у якой валюце.

Абмежавалі доступ да некаторых парталаў з-за мяжы

У 2022 годзе ўлады Беларусі закрылі доступ да шэрагу парталаў з-за мяжы. Напрыклад, сайту Нацбанку, МУС, КДБ ды іншых.

Перасталі прадаваць дадзеныя

Раней Белстат прадаваў пашыраныя дадзеныя сваіх аглядаў і дасьледаваньняў, цяпер такой практыкі няма.

Ці можа статыстыка хлусіць

Паводле старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, у статыстыцы даволі цяжка нахлусіць, таму беларуская ўлада «проста хавае дадзеныя».

«Беларускі ўрад намагаецца не хлусіць, а хаваць статыстыку. Многія лічбы складана падрабіць. Апошні раз дзяржорганы адкрыта хлусілі, калі Міністэрства аховы здароўя публікавала дадзеныя пра ковід. Потым урад пачаў проста ўтойваць дадзеныя. Пакуль Белстат ні разу не лавілі на адкрытай хлусьні», — кажа Леў Львоўскі.

Навошта закрываць статыстыку

На думку Льва Львоўскага, урад мае некалькі прычынаў закрываць статыстыку. Па-першае, там спадзяюцца, што «калі агучваць толькі пазытыўныя лічбы, то ў іх павераць і зрэшты так і будзе».

«Раман Галоўчанка пастаянна агучвае нейкія пазытыўныя лічбы, ігнаруючы іншыя паказчыкі эканомікі. Лёгіка такая, калі ня будзе нэгатыву, то ўсё будзе пазытыўна. Таксама ў Беларусі ёсьць крымінальны артыкул за распаўсюд зьвестак, якія няправільным чынам паказваюць эканамічны стан. Закрываючы дадзеныя, урад робіць значную частку аналітыкі па-за законам. А таксама Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі і шукае шляхі абыходу санкцый. Утойваньне інфармацыі дапамагае ў гэтым. Калі выявіцца, што Беларусь нарасьціла экспарт нафтапрадуктаў, значыць, аўтары санкцый зразумеюць, што патрэбныя дадатковыя. Калі выявіцца, што, наадварот, Беларусь мала экспартуе, то ўсе зразумеюць, што санкцыі сапраўды моцна ўплываюць на эканоміку», — кажа Леў Львоўскі.

Эканаміст Леў Львоўскі
Эканаміст Леў Львоўскі

Львоўскі дадае, што да закрытых дадзеных вельмі абмежаваны доступ, «інакш яны ўцякуць», а гэта значыць, што многія чыноўнікі проста працуюць усьляпую.

«Калі, напрыклад, нейкі бізнэсовец адкрывае сетку піцэрый у нейкім раёне, то яму трэба бачыць эканамічную статыстыку; яе трэба ведаць і банкам, калі яны даюць крэдыты», — даводзіць Леў Львоўскі.

Ці працуе хоць нейкая сацыялёгія ў Беларусі

Раз-пораз незалежныя сацыёлягі ўсё ж публікуюць дадзеныя з Беларусі, але большасьць гэтых арганізацый знаходзіцца за межамі краіны. Паводле сацыёляга, старшага аналітыка Цэнтру новых ідэяў Генадзя Коршунава, у такіх дасьледаваньнях трэба зьвяртаць увагу на мэтадалёгію.

«Сапраўды, вельмі мала інфармацыі, якая б давала рэпрэзэнтатыўную і аб’ектыўную інфармацыю аб усім грамадзтве, — гаворыць Генадзь Коршунаў. — Аднак дадзеныя дасьледаваньняў, якія праводзяцца шчыра і навукова, маюць сваю вартасьць. Адзінае, трэба разумець, што гэта не карціна ўсяго грамадзтва, а толькі некаторай ягонай часткі».

Сацыёляг Генадзь Коршунаў
Сацыёляг Генадзь Коршунаў

Коршунаў зьвяртае ўвагу на тое, што існуе тры вядомыя цыклі дасьледаваньняў. «Народнае апытаньне» дасьледуе настроі пратэставай часткі грамадзтва. Там ёсьць паказьнікі, як грамадзтва зьмянялася два гады. Сацыёляг зазначае, што трэба разумець, што гаворка ідзе толькі аб пратэставай частцы грамадзтва. Ёсьць таксама Chatham House, які працуе амаль два гады і ў дасьледаваньнях якога відаць, як дадзеныя зьмяняюцца ў дынаміцы.

«Яны таксама паказваюць ня ўсё грамадзтва, а тое, як зьмяняецца масавая сьвядомасьць сярод гарадзкой часткі насельніцтва, якая мае доступ да інтэрнэту, — кажа Коршунаў. — Ёсьць дасьледаваньні прафэсара Вардамацкага. Там прадстаўлена нібыта ўсё грамадзтва, але гэта тэлефонныя апытаньні. Ахоп шырэйшы, але падчас тэлефоннага апытаньня ўплывае фактар страху. Людзі могуць маніць значна больш», — гаворыць Генадзь Коршунаў.

Ён зьвяртае ўвагу на тое, што на падставе такіх дасьледаваньняў можна атрымаць карціну, якая інфармуе пра ўсё грамадзтва агулам.

«Трэба разумець, каго рэпрэзэнтуе канкрэтнае дасьледаваньне. Гэта можа быць і асобны горад. Напрыклад, у апытаньнях СМІ фігуруе толькі іх аўдыторыя, але гэта таксама карысныя зьвесткі. Калі такія апытаньні праводзяцца рэгулярна, то можна бачыць тэндэнцыі. Трэба зважаць і на мэтады, якімі карысталіся падчас дасьледаваньня. Калі мы маем зьвесткі нейкага дасьледаваньня, то трэба зьвяртаць увагу на час дасьледаваньня, калі яно рабілася; на тое, якую частку грамадзтва рэпрэзэнтуе дасьледаваньне і на мэтад, з дапамогай якога зьбіралася інфармацыя», — кажа Генадзь Коршунаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG