Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два вымярэньні палітычнай прасторы Беларусі: стаўленьне да ўлады і стаўленьне да палітыкі як такой


Сьцісла

  • Палітычную прастору Беларусі можна апісаць як дзьвюхмерную — праз стаўленьне да суб’ектаў палітыкі і да палітыкі як такой.
  • Ёсьць групы зацятых праціўнікаў і прыхільнікаў улады, якія пры гэтым характарызуюцца вельмі высокай цікавасьцю да палітыкі, яны не стаміліся ад яе.
  • Вялікія групы грамадзтва вызначаюцца выразнай, пэўнай палітычнай пазыцыяй (за ці супраць улады), але вельмі нізкай цікавасьцю да палітыкі як такой.
  • Адзін з чыньнікаў гэтага падзеньня цікавасьці да палітыкі — рэакцыя на драматычныя і бурныя падзеі 2020 году, пэўная стома ад палітыкі.
  • І ўлада, і апазыцыя маюць немалыя грамадзкія рэсурсы падтрымкі на выпадак сытуацыі, калі цікавасьць да палітыкі ў грамадзтве ізноў рэзка падвысіцца, «стомленыя» — «адпачнуць», а тыя, хто «заснуў» — «прачнуцца».

Звычайна ў журналісцкіх публікацыях і навуковых дасьледаваньнях пра Беларусь ужываецца трохчленная клясыфікацыя палітычнага поля краіны — праціўнікі ўлады, яе прыхільнікі і сярэдзіна паміж імі.

Пра памеры гэтых групаў ёсьць розныя меркаваньні і ацэнкі (можна прыгадаць хаця б знакамітае «Саша 3%»), але такое аднамернае апісаньне палітычнай сфэры Беларусі застаецца нязьменным.

Але наколькі адэкватныя палітычнай рэчаіснасьці падобныя аднамерныя мадэлі?

Я зрабіў аналіз дадзеных онлайн-апытаньня гараджанаў Беларусі, праведзенага Chatham House у жніўні 2022 году. Была выбрана 21 пераменная, якая характарызуе стаўленьне рэспандэнтаў да розных аспэктаў палітычнага працэсу ў краіне. Разглядаліся пытаньні пра стаўленьне да ўлады, да пратэстаў 2020 году, да судовай сыстэмы, да спажываньня інфармацыі і гэтак далей.

Апісаньне статыстычных мэтадаў, ужытых пры дасьледаваньні, а таксама яго дакладныя вынікі прыводзяцца ў публікацыі на сайце праекту «Беларуская ініцыятыва» Chatham House.

Ня буду тут тлуміць чытачу галаву матэматычнымі дэталямі і падрабязнасьцямі, сфармулюю асноўныя высновы.

Сукупнасьць 21 пераменнай апісваецца фактычна двума паказьнікамі, двума вымярэньнямі, восямі палітычнага поля: стаўленьнем да субʼектаў палітыкі і да іх дзеяньняў, а таксама ўзроўнем зацікаўленасьці ў палітыцы, цікавасьцю да яе.

Пры гэтым адмысловы альгарытм дае аптымальны падзел усяго масіву апытаных на 5 групаў, кластэраў: «зацятыя праціўнікі ўлады» (19%), «незаангажаваныя праціўнікі ўлады» (19%), «памяркоўныя праціўнікі ўлады» (19%), «незаангажаваныя прыхільнікі ўлады» (28%), «зацятыя прыхільнікі ўлады» (15%).

У дужках — памеры кожнай групы.

Чальцы кожнага кластэра паводле свайго стаўленьня да палітыкі і яе субʼектаў бліжэй да чальцоў таго ж кластэра, чым да чальцоў іншых.

На графіку, які прыводзіцца ніжэй, пазначаныя сярэдзіны, цэнтры кластэраў, сярэднія значэньні адпаведных паказьнікаў у дзьвюхмернай прасторы.

У двух кластэрах — «зацятых праціўнікаў улады» і «зацятых прыхільнікаў улады» — вельмі высокі ўзровень вызначанасьці палітычных пазыцыяў: першыя ледзь не пагалоўна адмоўна ацэньваюць уладу і яе дзеяньні, другія — гэтак жа салідарна станоўча ацэньваюць уладу.

Пры гэтым абедзьве групы падобныя надзвычай высокай цікавасьцю да палітыкі, да палітычных навінаў, да абмеркаваньня палітыкі. У гэтым, інфармацыйным сэнсе яны заангажаваныя ў палітыку. Цяпер не выпадае вымяраць практычную, на ўзроўні дзеяньняў, ангажаванасьць у палітыку — на двары не 2020 год, калі наўпрост у палітыцы ўдзельнічалі мільёны беларусаў. Але пра ангажаванасьць у яе ў сэнсе цікавасьці, зацікаўленасьці гаварыць можна, і ў гэтых двух кластэрах яна найвышэйшая і прыблізна роўная. «Зацятыя» — і адны, і другія — ад палітыкі не стаміліся.

А вось «неангажаваныя праціўнікі ўлады» і «неангажаваныя прыхільнікі ўлады» — стаміліся. Для часткі зь іх гэта рэакцыя на вынікі 2020 году, для некага — на вайну, на жыцьцёвыя нягоды апошняга часу. А нехта зь іх не цікавіўся палітыкай як такой наагул ніколі ці даўно.

Але пры гэтым чальцы кластэраў «неангажаваных» маюць даволі выразныя палітычныя пазыцыі. Менш выразныя, чым у «зацятых», але даволі пэўныя.

Карыстаючыся спартовай аналёгіяй, ім сама «гульня» ня вельмі цікавая, яны — не адданыя «заўзятары», але ладная частка зь іх мае даволі цьвёрдае ўяўленьне, каторая «каманда» для іх свая.

Аднак узровень узаемаўзгодненасьці палітычных ацэнак і ўяўленьняў у «неангажаваных» ніжэйшы, чым у «зацятых».

Скажам, па пытаньнях аб ацэнцы дзеяньняў праваахоўных органаў пры здушэньні пратэстаў і аб справядлівасьці беларускай судовай сыстэмы «зацятыя» падтрымліваюць дзеяньні праваахоўнікаў у 2020 годзе і станоўча ацэньваюць беларускія суды.

А ў «неангажаваных прыхільнікаў улады» балянс адказаў на гэтыя пытаньні — адмоўны, яны ў сярэднім больш схільныя лічыць, што ў 2020 годзе праваахоўнікі перабіралі з жорсткасьцю, а беларуская судовая сыстэма несправядлівая. І ўсё ж па большасьці пытаньняў аб субʼектах беларускай палітыкі ацэнкі «заўзятых» і «неангажаваных» у сярэднім блізкія, толькі ў «неангажаваных» яны менш выразныя.

Нарэшце, апошняя група — «памяркоўныя праціўнікі ўлады». Гэта — «сярэдзіна ў квадраце», і ў фігуральным, і ў літаральным сэнсе. Чальцам гэтага кластэра якія б там ні было пэўныя палітычныя погляды ўласьцівыя ў найменшай ступені, у меншай, чым ва ўсіх 5 кластэраў. Але ў сярэднім яны ўсё ж хутчэй супраць улады, чым за яе. Аднак пры гэтым і цікавасьць да палітыкі як такой у іх сярэдняя — ня тое каб яна іх вельмі цікавіла, але і ня тое каб не цікавіла зусім.

Гэтая двухмерная структура грамадзкай сьвядомасьці цікавая і сама па сабе — як аспэкт таго, як уладкаванае беларускае грамадзтва. Аднак для розных палітычных сіл яна можа мець і практычнае значэньне, яна дае ўяўленьне аб рэзэрвах, якія могуць быць мабілізаваныя супрацьлеглымі сіламі беларускага палітычнага поля.

Палітычны зьмест вынікаў аналізу робіцца больш ясным у параўнаньні з альтэрнатывамі, якія маглі б мець месца. Магло б быць так, што долі прыхільнікаў і праціўнікаў улады сярод тых, хто не цікавіцца палітыкай, сярод «неангажаваных» дакладна такія ж, як і сярод тых, хто вельмі ёю цікавіцца, што зацікаўленасьць палітыкай як такой ніяк не зьвязаная з палітычнымі поглядамі апытаных.

Тэарэтычна магла б існаваць і адваротная альтэрнатыва — калі б тым, хто не цікавіцца палітыкай як такой, былі неўласьцівыя якія б там ні было палітычныя перавагі, preferences, калі б яны былі ані за ўладу, ані супраць яе.

Але рэальнасьць аказваецца іншай. Адно вымярэньне палітычнай прасторы ня зводзіцца да другога, але яны і ня цалкам незалежныя адно ад аднаго.

Палітычныя перавагі ў «неангажаваных», сапраўды, менш выразныя, чым у «зацятых». Але насамрэч яны даволі значныя. На першы погляд, гэта парадаксальна — нецікавая людзям палітыка, дык, здавалася б, не павінны быць цікавымі і «гульцы» гэтага поля і тое, што на ім адбываецца.

Але лёгіка грамадзкай думкі — іншая.

Частка тых, каго 2020 год мабілізаваў на падтрымку пратэсту і на ўдзел у ім, цяпер расчараваліся ў эфэктыўнасьці прамога сутыкненьня з уладай. Адпаведна, і мільгаценьне палітычных навінаў (а яны пераважна змрочныя і дэпрэсіўныя) іх ужо не натхняе і нават не цікавіць.

Але частка зь іх памятае, дзеля чаго яны і іх аднадумцы паўсталі ў 2020 годзе. І яны і цяпер ведаюць і памятаюць, хто для іх свае, а хто — праціўнік. У выніку значная апатыя, страта цікавасьці да палітыкі не спарадзілі сувымернага ня толькі росту сымпатыяў да ўлады, але нават нэўтралізацыі палітычных перавагаў.

Але падобныя ж працэсы адбываліся і ў іншай частцы грамадзтва. Сярод прыхільнікаў Лукашэнкі ў 2020 годзе быў страх, што ў выніку зьмены ўлады яны страцяць звыклы лад жыцьця, была і няпрыязь, і часам нават нянавісьць да ўдзельнікаў пратэстаў. Часам у гэтай групы такія настроі выліваліся і ў практычныя дзеяньні — ад удзелу ў праўладных мітынгах да пісаньня даносаў на неляяльных суседзяў і знаёмых (ня сам жа ГУБАЗіК пісаў сабе гэтыя даносы).

Але і прыхільнікі Лукашэнкі, як і яго праціўнікі, былі тады больш заангажаваныя ў палітыку ў інфармацыйным сэнсе — глядзелі БТ, чыталі праўладныя газэты, нават і апазыцыйныя інфармацыйныя рэсурсы — «а што там ворагі пішуць».

Цяпер і іх ладная частка страціла да палітыкі цікавасьць, маўляў, усё ж сьцішылася, здаецца, дык навошта чарговы раз слухаць расповеды Лукашэнкі, як ён з «красаўцамі» ўратаваў Беларусь у 2020 годзе?

Гэтыя людзі не абавязкова памянялі свае палітычныя пазыцыі. І ў многіх зь іх «свая каманда» засталася той жа, што і была. Але цікавасьць да «гульні», стома ад патоку палітычных навінаў, якія ня надта радуюць і іх таксама, узьнікла і ў многіх зь іх.

Ня тое каб «неангажаваныя прыхільнікі ўлады» так ужо абагаўлялі Лукашэнку і апантана ўхвалялі ўсё, што ён робіць. Скажам, брутальны гвалт 2020 году яны ў сярэднім не ўхваляюць. Але іх бок — гэта бок улады.

Гэтак жа і «неангажаваныя праціўнікі ўлады» не дʼябалізуюць Лукашэнку і ня тое каб сьвята верылі, што прэзыдэнт Ціханоўская ці Бабарыка зрабілі б зь Беларусі зіхоткі горад на пагорку. Але іх бок — гэта бок, які супраць існай улады.

Гэтыя высновы — ня толькі цікавая карціна існага стану грамадзкай думкі. Гэта і падстава для высноваў і прагнозаў на будучыню. У выпадку абвастрэньня палітычнай сытуацыі, у выпадку палітычнай мабілізацыі абодва бакі палітычнага супрацьстаяньня ў краіне маюць ладныя рэзэрвы.

Такая мабілізацыя адбылася ў 2020 годзе. «Неангажаваныя» заангажаваліся, «тыя, хто спаў», — прачнуліся, «стомленыя ад палітыкі» — «адпачылі», а абыякавыя да палітыкі зацікавіліся ёй. І паказьнікам таго былі не адно неймаверная колькасьць удзельнікаў пратэстаў, але і шалёная папулярнасьць, скажам, ТГ-канала NEXTA і іншых інфармацыйных рэсурсаў.

А цяпер «неангажаваныя» разам складаюць прыкладна палову грамадзтва (47%). Ці надоўга?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG