Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнку на Захадзе ўсё яшчэ пакідаюць адтуліну, каб ён мог дыхаць і манэўраваць», — былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта


Арцём Праскаловіч
Арцём Праскаловіч

Арцём Праскаловіч на мінулым тыдні стаў намесьнікам прадстаўніка Аб’яднанага кабінэту па транзыце ўлады Паўла Латушкі. Праскаловіч будзе адказваць за юрыдычныя пытаньні ў справе перасьледу прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.

Да гэтага ён 14 гадоў працаваў на дзяржаўнай службе — у судзе Партызанскага раёну Менску, Міністэрстве юстыцыі, Адміністрацыі прэзыдэнта. Праскаловіч звольніўся 13 жніўня 2020 году ў знак пратэсту.

У інтэрвію Свабодзе былы чыноўнік расказаў пра свае працы — будучую і ранейшую.

«Трыбунал рэальны»

— Арцём, раскажыце, калі ласка, пра сваю новую пасаду. Якія паўнамоцтвы вы там будзеце мець? Якія кірункі дзейнасьці закрываць?

— Пра паўнамоцтвы можна было б разважаць у сыстэме сталага дзяржаўнага кіраваньня, дзе міністар ці намесьнік міністра мае сваю службовую інструкцыю, межы, кірункі, задачы. Для гэтага ў іх ёсьць і адказнасьць, і інструмэнтарый. Цяпер жа казаць, што ў мяне ёсьць нейкія паўнамоцтвы, не даводзіцца. Усе мы разумеем, што рэсурсы як чалавечыя, гэтак і фінансавыя, гэтак і сапраўднага кіраваньня дзяржавай, абмежаваныя.

Цяпер новы суб’ект на палітычнай сцэне — Аб’яднаны кабінэт — мае магчымасьць набіраць далейшую легітымнасьць. І на больш высокім узроўні прагаворваць розныя пытаньні. Калі з прадстаўніком НАК (Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва) не захоча сустракацца ўмоўны генэральны пракурор нейкай краіны, то з прадстаўніком Кабінэту гэтая імавернасьць значна ўзрастае. І гэта магчымасьць данесьці нашы думкі і праблемы.

Мой кірунак дзейнасьці — працяг прававога ціску ўсімі магчымымі сродкамі, у першую чаргу прыцягненьне да міжнароднай адказнасьці ў рамках адмысловага Трыбуналу, прызнаньне рэжыму Лукашэнкі (альбо асобных службовых асобаў) тэрарыстычным, пачатак справы ў Міжнародным крымінальным судзе ці Міжнародным судзе ААН.

— Два гады прайшло ад моманту самых гарачых падзей у Беларусі, рэпрэсіі нікуды не зьнікаюць. Але ці ёсьць яшчэ шанцы зладзіць Трыбунал па тых падзеях?

— Усё рэальна. Прысуд па справе зьбітага нідэрляндзкага «Боінга» таму прамое сьведчаньне. Восем гадоў прайшло, але прысуд ёсьць. Калі гэтым займацца, то выніку, магчыма, і ня будзе, але калі не займацца, то выніку ня будзе дакладна. Акрамя беларусаў, за беларусаў ніхто не падумае і нічога ня зробіць.

«Ніхто ня хоча адкрываць ва Ўкраіне паўночны фронт»

— Вы не паднялі тэму прызнаньня Беларусі акупаванай краінай. Гэтую ідэю вылучаў Павал Латушка, пад кіраўніцтвам якога вы цяпер працуеце. Гэта значыць, ад яе адмовіліся?

— У цэлым гэтае пытаньне на парадку дня ў Кабінэту стаіць, яго таксама можна разглядаць як элемэнт прававога ціску на рэжым. Гэта палітыка-прававое пытаньне, але наўрад ці я буду на ім бліжэйшы час сканцэнтраваны. Мы сустракаліся з прадстаўнікамі навуковай супольнасьці, абмяркоўвалі гэтае пытаньне. Тут ёсьць і свае плюсы, і свае мінусы.

— Пытаньне ўдзелу беларускай дзяржавы ў вайне ва Ўкраіне ці будзе адпрацоўвацца неяк?

— Несумненна. Гэты тэзіс заводзіцца на ўсіх магчымых сустрэчах. На жаль, мы ня бачым на гэта рэакцыі з боку партнэраў. Мы лічым, што Лукашэнку пакідаюць адтуліну, каб ён мог дыхаць і меў магчымасьць манэўраваць, а таксама ня зьдзейсьніў апошні крок — увод сухапутных беларускіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны. Для ўсяго сьвету відавочна, што Лукашэнка робіць, але ніхто ня хоча адкрываць ва Ўкраіне яшчэ раз паўночны фронт. Мы працягнем пра гэта казаць, а партнэры працягнуць мець гэта на ўвазе і прымаць рашэньне, зыходзячы са сваіх інтарэсаў.

Арцём Праскаловіч
Арцём Праскаловіч

— НАК працягвае працу ці ўсе перайшлі ў Кабінэт?

— Безумоўна, працягвае. Але мы бачым, што рэсурсы НАК выкарыстоўваюцца ў працы Кабінэту. Гэта нармальна. Пра гэта і ішла размова, каб аб’яднацца ідэямі, рэсурсамі, досьведам. Людзі працягваюць знаходзіцца ў абедзьвюх структурах. Ня ўсе прадстаўнікі НАК увайшлі ў Кабінэт. Некаторыя людзі з НАК будуць таксама ў Каардынацыйнай радзе. На парадку дня не стаіць пытаньне расфармаваньня структур і стварэньня нейкага паўнавартаснага ўраду на 200 чалавек, аб’яднаўшы ўсіх. Магчыма, да гэтага і прыйдзе калісьці, але я спадзяюся, што мы раней пераможам.

«Датычнасьць да прамога зла»

— Ці не шкадуеце аб сваім рашэньні сысьці з Адміністрацыі?

— Не, яно даўно насьпявала з самых розных прычын. Проста, калі б ня жнівень 2020 году, то яно было б шараговым і бытавым, а тут усе зоркі сышліся ў адным месцы.

— Што стала апошняй кропляй?

— Я мог абсалютна эмацыйна абстрагавацца ад таго, што адбываецца на вуліцах Менску, я мог не ацэньваць вынікі галасаваньня і фальсыфікацыі. Я юрыст, які 12 гадоў займаўся сфэрай праваахоўнай дзейнасьці, рэфармаваньнем. І я ведаў, што сілавікі перавышаюць свае паўнамоцтвы. Як 2+2 мне было зразумела: калі Лукашэнка захаваецца ва ўладзе, то ім за гэта нічога ня будзе. Я разумеў, што на маім месцы, даючы нейкую аналітыку, мне давядзецца апраўдваць вінаватых, а таксама абвінавачваць невінаватых. Я павінен быў так выкручваць закон, што чалавек, які прыйшоў на мірны пратэст, станавіўся б вінаватым па крымінальных ці адміністрацыйных артыкулах. Пасьля б пачалася рэформа заканадаўства, якая б давала сілавікам беспрэцэдэнтныя паўнамоцтвы. Усё тое, што мы назіралі ў далейшыя гады.

Канечне, калі ты займаесься нарматворчасьцю, то ты не вырашаеш наўпрост лёс чалавека так, як судзьдзя ці пракурор, але гэта таксама датычнасьць да прамога зла. Я зьбіраўся сыходзіць і так, падчас выбарчых падзей я быў у адпачынку, па выхадзе плянаваў звольніцца. Але 13 жніўня, праплакаўшы ў абдымках з жонкай некалькі дзён, вырашаючы, ці рабіць гэта публічна, выйшаў на працу, каб звольніцца. Яшчэ вярнуў частку грошай за адпачынак. Тады я зрабіў свой выбар. Я спадзяваўся, што публічнае звальненьне неяк паўплывае на іншых людзей. І людзі, якія далучаліся да НАК, потым прызнаваліся, што на іх гэта адбівалася. Ва ўсіх тады была вялікая надзея, але многія так і не зрабілі той крок, для таго каб сытуацыя зьмянілася.

«У Адміністрацыі ўмеюць псыхалягічна націснуць на цябе»

— То бок вы ня бачылі, што адбывалася ў Адміністрацыі ў першыя дні пасьля выбараў?

— Я адмыслова браў адпачынак на тыя дні, бо разумеў, што будзе горача. І мне б давялося рэагаваць, рыхтаваць прававыя пазыцыі па розных пытаньнях, зьвязаных з пратэстам. Магчыма, камэнтаваць нешта ў СМІ. Людзі ў Адміністрацыі працуюць, якія ўмеюць псыхалягічна націснуць, і яны б змаглі гэта зрабіць. Адпачынкам я разьвязваў сабе рукі, што ня буду мець ні да чога дачыненьня.

8 жніўня я дзяжурыў, сядзеў у прыёмнай кіраўніка Адміністрацыі. Сытуацыя была напружаная, у кабінэтах усе разумелі, што Лукашэнка прайграў. Даводзілася чуць клясычныя фразы: «Чаго ж ім там не хапае». Гучала таксама, што цалкам прайграная інфармацыйная прастора.

— Кіраўнік Адміністрацыі Ігар Сергеенка вас неяк накачваў перад выбарамі?

— Што ў Міністэрстве юстыцыі, што ў Адміністрацыі на агульным зборы агульнымі словамі расказваюць пра тое, што «вы ведаеце, якая адказная кампанія». Казалі, што можаце схадзіць прагаласаваць датэрмінова, за каго галасаваць, мы вам ня кажам, але вы павінны самі разумець. Адміністрацыя прэзыдэнта — гэта ўсяго 150 чалавек, не такі вялікі орган, каб рабіць на яго нейкую стаўку. Пры тым я і яшчэ 2–3 чалавекі там былі выключэньнем, бо трапіць на такі высокі ўзровень і ня быць адданымі кіраўніку дзяржавы было складана. Таму не было сэнсу ў такой ідэалягічнай накачцы. Як студэнтаў ці вайскоўцаў нас за ручку ніхто не вадзіў галасаваць.

— Вы адпрацавалі, выходзіць, з трыма кіраўнікамі Адміністрацыі (Косінцам, Качанавай, Сергеенкам). Розьніца ў іх падыходах была?

— Пасьведчаньне службовае яшчэ ад Кабякова атрымліваў. Натуральна, яны розьніліся ў падыходах. Сергеенка быў найбліжэй да разуменьня прававой сфэры, па некаторых пытаньнях зь ім можна было размаўляць на адной мове. Разумееце, хто чым усё жыцьцё займаўся, там яму і прасьцей арыентавацца. Кожны кіраўнік адрозьніваўся сваімі мэтадамі кіраваньня, патрабаваньнямі да стылістыкі напісаньня тэкстаў.

Усё адно наверсе адзін чалавек, а яго патрабаваньні ўсім вядомыя, і зь ім складана працаваць пры любым кіраўніку Адміністрацыі. Калі адбывалася лібэралізацыя і сыгналы «давайце тут і там адпусьцім», то прасьцей працавалася, а калі гайкі закручваліся, то, натуральна, складаней. Апошнія гады два мяне трымалі як спарынг-партнэра, як чалавека, які можа выказаць альтэрнатыўны пункт гледжаньня. Часам здаралася, калі ўсе думалі, што трэба падаваць інфармацыю Лукашэнку ў рэпрэсіўным духу, а ён на нарадзе адказваў: «Ну што ж мы так душым». І тыя кіраўнікі з нарады маглі скарыстацца нейкімі маімі тэзісамі, каб агучыць альтэрнатыўныя думкі. Гэта было зручна. Мне не даручаліся пытаньні, дзе рашэньне адназначна прынятае і яно будзе нэгатыўна ўспрынятае грамадзтвам. Мне даваліся тэмы хутчэй ня востра палітычныя.

«Я пісаў тэзісы для Лукашэнкі»

— Вы асабіста рыхтавалі даклады для Лукашэнкі?

— Канечне. Гэта і напісаньне тэзісаў, якія ён потым прамаўляе на Ўсебеларускім народным сходзе і падчас звароту да парлямэнту, і аналітычная інфармацыя. Кожны закон, указ ідзе з дакладной запіскай, якую я рыхтаваў, а потым карэктавалі два-тры чалавекі наверсе.

— У жніўні 2020 году СМІ справядліва пісалі, што вы былі «ключавым юрыстам» Адміністрацыі?

— Не, ну што вы (сьмяецца). Я быў намесьнікам начальніка аднаго з упраўленьняў — гэта ўзровень намесьніка міністра. Уявіце, каб з палітычных прычын сышоў намесьнік міністра юстыцыі. Здаецца, ніводнага чалавека ў такім статусе тады не сышло. Узровень у мяне быў, але на адным сходзе вам маглі сьпяваць дытырамбы, што вы правая рука Лукашэнкі, а калі нешта не атрымлівалася, то ніхто ў выразах не саромеўся.

— Адкуль у вас такая добрая беларуская мова?

— Я дзевяць гадоў вучыўся ў беларускамоўных школах. Беларуская літаратура ніколі адрынаньня не выклікала. Іншая праблема, што са сканчэньнем школы ўжываньне беларускай мовы было мінімальнае. Ад 25 сакавіка 2022 году я цалкам перайшоў на беларускую мову, дзеці таксама патроху пераходзяць на трасянку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG