Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крычалі „Жыве Беларусь“ і вывешвалі самаробныя бел-чырвона-белыя сьцягі ў акенцах». Падрабязнасьці бунту ў бабруйскай калёніі ў 2020 годзе


Бабруйская калёнія, ілюстрацыйнае фота
Бабруйская калёнія, ілюстрацыйнае фота

Сталі вядомыя падрабязнасьці пасьлявыбарнага бунту ў бабруйскай калёніі, які адбыўся 13–16 жніўня 2020 году.

Пра падрабязнасьці хваляваньняў сярод вязьняў бабруйскай калёніі паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Вясна» нагадвае, што ў ноч з 12 на 13 жніўня 2020 году зьняволеныя ў калёніі, як і тыя беларусы, якія знаходзіліся на мірных акцыях пратэсту па ўсёй Беларусі, вырашылі выказаць сваю нязгоду зь дзейнай уладай. У інтэрнэце зьяўляліся відэа і аўдыё, на якіх чуваць крыкі «Сыходзь!» і шум з будынка калёніі.

Адным днём хваляваньні не абмежаваліся.

«Бунт быў вельмі моцны, — расказаў праваабаронцам адзін з былых вязьняў калёніі. — Ён быў такі, што каля калёніі нават стаялі вайскоўцы. Людзі і «Жыве Беларусь» крычалі, і вывешвалі самаробныя бел-чырвона-белыя сьцягі ў акенцах. Настолькі быў моцны бунт, што падыходзілі вайскоўцы і казалі: «Цішэй, супакойцеся, мы выканаем усё, што вы патрабуеце». Ніхто ня спаў пасьля адбою, хадзілі, выносілі ложкі на вуліцы. Туды прывозілі сваякоў і матуль. Але ўрэшце, калі бунт быў здушаны, людзі пачалі зьнікаць. Некаторых пераводзілі на «крытыя». Ведаю, што шэсьць чалавек, якія нібыта ўзначальвалі гэты пратэст, былі пераведзены на «крытую» да канца тэрміну. А тэрміны ў іх па пяць-шэсьць гадоў. Некаторыя прайшлі праз штрафныя ізалятары. І тэрміны ім працягвалі да 50 сутак.

Пасьля бунту былі зьменены ўсе лякацыі. На тэрыторыі нават не было платоў, і вязьні хадзілі як хацелі. А цяпер паставілі паміж лякацыямі платы з калючым дротам. Прыкладна за месяц яны ўсё гэты зладзілі. Паставілі электронныя замкі і камэры відэаназіраньня. Пасьля бунту начальнік калёніі рабіў сход, дзе зьбіраліся ўсе вязьні ў клюбе, і сказаў: «Адзінае, што я зразумеў, што людзі павінны адсюль выходзіць».

Паводле іншага былога зьняволенага, у хваляваньнях у Бабруйскай калёніі ўдзельнічалі больш за тысячу чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG