Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сядзяць у бэрлінскай і бабруйскай турмах. Параўноўваюць старшыня грамадзкай камісіі і былы палітвязень


Турма Тэгель у Бэрліне
Турма Тэгель у Бэрліне

Пра ўмовы ўтрыманьня у нямецкай і беларускай турмах расказваюць былы палітвязень Зьміцер Паліенка і старшыня грамадзкай камісіі назіраньня за турмамі пры Магілёўскім аблвыканкаме.

Нямецкі фонд міжнароднага прававога супрацоўніцтва (IRZ-Stiftung) паказаў супрацоўнікам Міністэрства юстыцыі і Генэральнай пракуратуры, у якіх умовах сядзяць асуджаныя ў найвялікшай турме Нямеччыны Tegel.

Разам з чыноўнікамі ў Нямеччыне пабывалі і чальцы грамадзка-назіральных камісіяў, сфармаваных абласнымі ўпраўленьнямі юстыцыі. Фармальна на іх ускладзеныя функцыі грамадзкага кантролю над папраўчымі ўстановамі.

Старшыня такой камісіі з Магілёва Тацяна Казлоўская была ў складзе дэлегацыі. Яна падзялілася з Свабодай уражаньнямі ад убачанага ў нямецкай турме.

Былы палітвязень Зьміцер Паліенка ў інтэрвію Свабодзе згадаў умовы адбываньня свайго пакараньня ў найбольшай беларускай калёніі, якая месьціцца ў Бабруйску. За кратамі ён правёў два гады.

Параўноваем.

Коратка пра турму Tegel

Турма Тэгель у Бэрліне
Турма Тэгель у Бэрліне
  • Пабудаваная ў 1898 годзе. Да Другой усясьветнай вайны яна была вайсковай. Ад 1943 году ў ёй гаспадарыла гестапа, а за часамі сацыялістычнай Нямеччыны ўтрымлівалі палітвязьняў;
  • Займае плошчу, роўную 17 футбольным палям. Агароджаная паўтаракілямэтровай сьцяною 5-мэтровай вышыні;
  • Разьлічаная на 938 асуджаных. Утрымліваецца 817;
  • Асуджаныя вырабляюць адзежу, абутак і аксэсуары зь фірмовым кляймом Haeftling. Прадаюцца вырабы ў турэмнай краме і праз сайт;
  • Зарабляюць вязьні да 400 эўра;
  • У дзень расходы на аднаго асуджанага складаюць 146 эўра.

Каротка пра Бабруйскую папраўчую калёнію № 2

  • Дзеіць ад 1964 году. Плошча — 18 гектараў. Сядзяць блізу 3 тысяч асуджаных;
  • Акрамя Зьмітра Паліенкі, тут сядзеў праваабаронца Алесь Бяляцкі;
  • Падзеленая на жылую і рабочую зоны. Спэцыялізуецца на мэтала- і дрэваапрацоўцы. Вырабляе мэблю і спартовы інвэнтар, у тым ліку хакейныя клюшкі. Ёсьць швейны цэх;
  • Паводле праваабаронцаў, заробак беларускіх асуджаных пасьля ўсіх адлічэньняў складае ад 0,5 да 5 рублёў за месяц. Асуджаны ня мае працоўнай дамовы з адміністрацыяй, бо яна не зьяўляецца наймальнікам;
  • Утрыманьне асуджанага абыходзіцца ў 111 рублёў на месяц (па Беларусі).

Побыт асуджаных у турме Tegel

Тацяна Казлоўская кажа, што асуджаныя сядзіць у аднамесных камэрах. У кожнай ложак, шафа, стол, тэлевізар, унітаз. Ёсьць тэлефон. Званкі ў любую краіну каштуюць 1 эўрацэнт за хвіліну. Адміністрацыя запэўнівала, што тэлефонныя размовы асуджаных не праслухоўваюцца, а перапіска не цэнзуруецца.

Тацяна Казлоўская
Тацяна Казлоўская

У камэрах, дадае яна, могуць сядзець і па двое, але калі ёсьць на гэта згода кожнага зь іх, а таксама калі адзін зь нявольнікаў схільны да суіцыду. Тое ж тычыцца і хворага сядзельца. Да яго падсаджваюць сукамэрніка, каб той змог у час выклікаць дапамогу.

Усе камэры па пад’ёму адначасова адчыняюцца і па адбоі зачыняюцца. На кухні кожны асуджаны бярэ сабе ежу. Харчаваньне трохразовае.

Асуджаны ў любы час можа наведаць душ. У ім два адсекі, але мыецца вязень адзін. Другі душ зроблены на выпадак, калі першы зламаецца.

Тыя асуджаных, зь якімі гутарыла Тацяна, на ўмовы ўтрыманьня ня скардзіліся. Гаварыла яна з асуджанымі без нагляду супрацоўнікаў турмы.

Паводле яе, асабліва небясьпечныя асуджаныя (тыя хто пакараны на пажыцьцёвае пакараньне, а таксама хто ўчыніў цяжкое злачынства) утрымліваюцца ў асобным корпусе. Яго беларускай дэлегацыі не паказалі.

Паводле нямецкага заканадаўства, пажыцьцёвікам праз 14 гадоў суд пераглядае меру стрыманьня. Яшчэ праз год паводле рашэньня суду іх могуць перавесьці на ак званае «прэвэнтыўнае пакараньне» зь мякчэйшымі рэжымам.

Для асуджаных на пажыцьцёвае зьняволеньне, адрозна ад нявольнікаў «агульнага рэжыму», ёсьць доўгатэрміновыя спатканьні

Побыт асуджаных у Бабруйскай калёніі

Па словах Зьмітра Паліенкі, Бабруйская калёнія перапоўненая асуджанымі. У сакавіку 2017 году, калі ён трапіў у яе, нявольнікаў было 3,5 тысячы. За час яго адседкі колькасьць вязьняў крыху зьменшылася.

Зьміцер Паліенка, архіўнае фота
Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

У калёніі сфармаваныя атрады па 100 і болей чалавек. Для 100 асуджаных ягонага атраду было 5 прыбіральняў і ўмывальнікаў.

Душ дазваляўся раз на тыдзень. Каб памыцца, асуджаныя награвалі ваду і мыліся над умывальнікамі ці ў асобнай кабінцы, у якой абмывалі ногі.

Тэлефанаваць даюць толькі родным чатыры разы на месяц. Калі асуджаны мае статус злоснага парушальніка рэжыму, то апэратыўнік правярае нумар і слухае гутарку. Зьміцер кажа, што ён быў пад кантролем і ягоныя тэлефанаваньні праслухоўвалі.

У калёніі татальная цэнзура, адзначае ён. Калі цэнзару ліст асуджанага не спадабаўся, яго могуць ня выпусьціць з калёніі.

На рэжым утрыманьня скардзяцца многія, прыгадвае Зьміцер, але агучваць свае нараканьні не наважваюцца. Калі асуджаны напіша ліст у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, то на яго аказваецца ціск.

Сам Зьміцер двойчы пісаў скаргі ў Дэпартамэнт, калі ў яго былі праблемы з нагамі. Гэтыя лісты, кажа ён, з калёніі не выпускалі. У бальніцу яго павезьлі, калі пра немач стала вядома на волі і пра яе напісалі сродкі масавай інфармацыі.

Бабруйская калёнія, архіўнае фота
Бабруйская калёнія, архіўнае фота

Для асуджаных у Беларусі дужа важныя доўгатэрміновыя спатканьні, кажа Зьміцер. Заставацца з роднымі цягам трох дзён дазваляюцца адзін раз на тры месяцы. Паводле яго, такое спатканьне даюць тым, хто мае заахвочваньні ад адміністрацыі. Найчасьцей асуджаныя маюць суткі на спатканьне.

Зьміцер адзначае, што за час адбыцьця пакараньня трое сутак на спатканьне яму не далі, хаця ён пісаў заявы. «Прыдумлялі спагнаньні і кідалі ў штрафны ізалятар», — згадвае ён.

Заробак асуджанага ў нямецкай турме — 400 эўра

У турме асуджаныя ходзяць на працу. Пляну няма. Заробак — 15 эўра за дзень. За месяц выходзіць 400 эўра.

«Асуджаныя кажуць, што на волі такія грошы маюць за гадзіну», — адзначае яна. Заробленае трацяць на свае патрэбы.

Заробак у бабруйскай калёніі — 2 пачкі цыгарэт

Як і нямецкія вязьні, беларускія таксама абавязаныя працаваць. Паводле Зьмітра, самы вялікі заробак —1 мільён 200 тысяч недамінаваных рублёў (120 рублёў дамінаваных) — мелі асуджаныя, якія плацілі алімэнты. Такую катэгорыю адпраўлялі на цяжкую, але высокааплатную працу. З гэтай сумы, паводле Зьмітра, нявольніку заставалася палова.

Зьміцер працаваў у швейным цэху. Работу аплочваў, кажа ён, «супрацоўнік калёніі двума пачкамі цыгарэт на месяц».

Зьміцер мог патраціць на сябе ў турэмным шапіку 49 рублёў. На гэтыя грошы мог купіць два блёкі цыгарэт і «нечага паесьці».

Бабруйская калёнія, архіўнае фота
Бабруйская калёнія, архіўнае фота

З асуджанымі ў Нямеччыне працуюць псыхолягі

З асуджанымі працуюць псыхолягі на ўсіх этапах зьняволеньня, — апавядае Тацяна. Кожны мае індывідуальны плян адбыцьця пакараньня, які складаецца з улікам прычыны злачынства.

Адмыслоўцы робяць выснову, ці псыхалягічна ўстойлівы нявольнік, ці схільны да суіцыду. Яны даюць парады, што трэба падправіць у індывідуальным пляне адбыцьця пакараньня. Ён абнаўляецца адзін раз на шэсьць месяцаў.

Псыхолягі ж даюць ацэнку, ці гатовы асуджаны да волі. Іхныя парады становяцца падставаю для таго, каб суд сваёй пастановай пакінуў асуджанага на «прэвэнтыўным зьняволеньні» на няпэўны час.

«Рэжым „прэвэнтыўнага пакараньня“ значна мякчэйшы за асноўнае адбытае пакараньне», — так запэўніваюць супрацоўнікі турмы і падкрэсьлівае суразмоўца.

У бабруйскай калёніі чыталі лекцыі

Калі ў асуджаных ёсьць жаданьне, то ён можа сустракацца з псыхолягам. Абавязковай такой нормы няма, кажа Зьміцер.

«Дзеля таго, каб асуджаныя сталі на шлях выпраўленьня, раз на тыдзень іх зьбіралі ў кіназалі і чыталі лекцыі, як кепска рабіць злачынствы», — прыгадвае ён.

У бабруйскай турме, архіўнае фота
У бабруйскай турме, архіўнае фота

Нямецкая калёнія: часопіс і допісы ў «Твітары»

Асуджаныя выдаюць глянцавы часопіс на нямецкай мове з накладам 7,5 тысячы асобнікаў. Кіраўніцтва калёніі, кажа Тацяна, ня можа ўплываць на яго зьмест. У выданьні нявольнікі пішуць пра сваё жыцьцё, праблемы. Выходзіць часопіс 4 разы на год. Яго можна атрымаць на волі праз падпіску і электронную пошту.

Начальнік калёніі, адзначае суразмоўца, даведваецца пра навіны турмы і з допісаў асуджаных у «Твітары», якія тыя часам разьмяшчаюць зь недазволеных тэлефонаў.

У Бабруйскай турме — насьценная газэта на загад начальніка атраду

У кожным атрадзе ёсьць свая насьценная газэта. Яе выдаюць на загад начальніка атраду.

Легальнага доступу асуджаных у інтэрнэт няма. З мабільнымі тэлефонамі дужа строга, згадвае Зьміцер. Пра іх нават баяцца гаварыць. Калі тэлефон знаходзяць, то вінаватага адразу адпраўляюць у памяшканьне камэрнага тыпу да 100 сутак і робяць зь яго злоснага парушальніка рэжыму.

Доступ да асуджаных у Нямеччыне

Нямецкае заканадаўства, кажа Тацяна, абавязвае, каб пры кожнай турме былі незалежныя ад адміністрацыі грамадзкія рады. Яны дапамагаюць асуджаным адаптавацца да ўмоваў адбыцьця пакараньня, а таксама сочаць, каб правы вязьняў не парушаліся. Склад рады фармуецца з разьліку: 1 раднік на 100 асуджаных. У радзе пры турме Tegel 10 чалавек.

Старшыня такой рады, адзначае Тацяна, мае права наведаць калёнію і канкрэтнага асуджанага ў любы час, не інфармуючы кіраўніцтва. Старшыня прайшоў інструктаж аб правілах знаходжаньня ў папраўчай установе, і адказнасьць за ўласную бясьпеку — ягоны клопат. Найчасьцей у турме яго суправаджае ахоўнік.

Тацяна Казлоўская апавядае пра свае ўражаньні ад нямецкай турмы
Тацяна Казлоўская апавядае пра свае ўражаньні ад нямецкай турмы

Выяўленыя праблемы і скаргі асуджаных старшыня рады даводзіць дырэктару турмы раз на тыдзень на сустрэчы зь ім і кантралюе, каб яны былі вырашаныя.

Па словах Тацяны, праваабарончыя арганізацыі таксама могуць наведваць турму без папярэдняга інфармаваньня яе кіраўніцтва. Існуюць суполкі, якія дапамагаюць былым асуджаным рыхтавацца да жыцьця на волі. Тым, каму па вызваленьні няма дзе жыць, даюць пакой у інтэрнатах альбо здымаюць для іх кватэру.

Бабруйская калёнія: да візыту «гасьцей» рыхтуюцца

Паводле Зьмітра, у Беларусі аналягічных грамадзкіх радаў, як у Нямеччыне, няма.

Каб трапіць на тэрыторыю калёніі, неабходна, кажа ён, загадзя паведаміць пра такія намеры. Адміністрацыя да такога візыту рыхтуецца. Асуджаных, якія могуць паскардзіцца, ізалююць. Гутаркі «візытэраў» з асуджанымі адбываюцца пад наглядам супрацоўнікаў калёніі.

Пра тое ж гаворыць і Тацяна Казлоўская. Паводле яе, каб прадстаўнікам грамадзка-назіральнай камісіі трапіць у калёнію, неабходна зьвярнуцца праз упраўленьне юстыцыі да кіраўніцтва. У звароце паведаміць, калі зьбіраемся прыехаць, а таксама ўзгадніць мэту візыту. Чаканьне дазволу расьцягваецца на доўгі час, іншым разам на месяцы.

У бэрлінскіх турмах палова асуджаных — іншаземцы

У пяці бэрлінскіх турмах, калёніі для непаўналетніх, арыштанцкім доме для маладых асуджаных і калёніі адкрытага тыпу зьняволена звыш 4058 асуджаных. 2063 зь іх — іншаземцы (найбольш туркаў).

Нямала асуджаных ня ведаюць нямецкай мовы. Для іх арганізаваныя навучальныя курсы.

У бабруйскай калёніі сядзіць багата чачэнцаў

Зьміцер у калёніі сутыкаўся з грамадзянамі Ўкраіны, а таксама чачэнцамі. Іх было блізу трох дзясяткаў.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі адбываюць пакараньні да 1 тысячы іншаземцаў. Адзначаецца, што праблемаў зь імі няма.

Колькасьць асуджаных у Беларусі і Нямеччыне

Ілюстрацыйнае фота. Вязьні беларускай турмы
Ілюстрацыйнае фота. Вязьні беларускай турмы

​На 1 кастрычніка 2018 году ў месцах пазбаўленьня волі Беларусі ўтрымлівалася 32,5 тысячы асуджаных. На 100 тысяч насельніцтва прыпадае 322 вязьні.

У нямецкіх турмах 64 350 нявольнікаў. На 100 тысяч насельніцтва — 77 асуджаных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG