Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узгадваючы турэмную баланду


Вязьні пра кашу з камбікорму, юшку з саліцёрам, лягерныя кубкі, талеркі ды лыжкі.

Тэма сёньняшняй праграмы — турэмная ежа, якую арыштанты з даўняга часу клічуць «баландай». Само гэтае слова ў перакладзе зь літоўскай і латыскай моваў азначае разнавіднасьць лебяды, зь якой традыцыйна гатавалі бацьвіньню ды салаты. У часы ГУЛАГу баландай, за яе цёмны колер, звалася рэдкая поліўка, у якой, паводле апісаньняў Салжаніцына ды Шаламава, плавалі шкілеты ды вочы дробнай рыбы, мерзлая капуста ды трошкі крупаў. Нягледзячы на ўсю неспалучальнасьць і незасваяльнасьць прадуктаў, баланда была той неабходнай цёплай стравай, якая стымулявала працу страўнікава-кішачнага тракту, падганяла энэргетычны абмен у арганізьме арыштанта. Пры гэтым, як нагадвае савецкая лягерная літаратура, вязень памятаў: «зэка губіць не малая пайка, а вялікая».

Сёньня, як сьведчаць былыя сядзельцы беларускіх турмаў, падобныя супы рыхтуюць і ў папраўчых установах краіны. Але «баландай» (апошнім часам у гэтага слова зьявіўся сынонім «палажняк» — ад расейскага «положено») сёньня завуць любую турэмную ежу.


Ці варта карміць зэкаў


Што такое цяперашняя беларуская турэмная пайка? Як трэба дзяржаве карміць зэкаў і ці варта гэта рабіць увогуле? Такія ці вельмі падобныя пытаньні, у адказах на якія адбіваецца стаўленьне грамадзкасьці да тых, хто сядзіць за кратамі, мы ўсё часьцей знаходзім у допісах нашых слухачоў ды чытачоў на форумах праграмы ды ў сацыяльных сетках. Прывяду некаторыя тыповыя


Ігар: «Я за тое, каб да крымінальнікаў ставіліся гэтаксама бяз жалю і гуманізму, як і яны, калі забівалі, рабавалі, гвалцілі, кралі. Няўжо такія людзі павінны разьлічваць на вытанчанае харчаваньне, кшталту морапрадуктаў, ікры, стэйкаў? Працаваць у турме палова зь іх ня хоча, сядзяць на шыі ў падаткаплатнікаў. Мая думка: чым ёсьць, тым няхай і кормяць».

Дзяніс: «Нават да таго, хто апусьціўся да жывёльнага ўзроўню, трэба ставіцца па-людзку. Да таго ж ёсьць закон. У ім выразна прапісаныя нормы і ўмовы ўтрыманьня. І закон гэты трэба выконваць. Калі існуе суцэльнае парушэньне закону, уключна з праваахоўнікамі, як можна выправіць правапарушальніка? Менавіта сама сыстэма і правакуе рэцыдыў. Чалавек пераконваецца ў тым, што сядзіць не за злачынства, а за тое, што трапіўся. Ненармальна гэта ўсё».

А вось якія думкі на гэтую тэму выказваюць удзельнікі нашага апытаньня — мінакі на магілёўскіх вуліцах.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:14 0:00
Наўпроставы лінк

Пераважная большасьць апытаных выказаліся за тое, што карміць трэба, як і ўвогуле ставіцца да гэтых людзей, па-людзку, што харчаваньне павінна быць недарагім, але годным і адпавядаць тым нормам, якія афіцыйна зацьверджаныя ўрадам краіны з улікам рэкамэндацыяў лекараў-дыетолягаў.

Таксама былі выказаныя меркаваньні, што рэкамэндацыі наўрад ці выконваюцца і што дзеля таго, каб яны выконваліся трэба менш саджаць людзей у турму.

У адпаведнасьці з пастановай Саўміну № 1564 ад 21 лістапада 2006 году, на кожнага асуджанага павінна прыпадаць:

  • мяса (ялавічына, сьвініна, бараніна 1-й катэгорыі) —150 г,
  • рыбы — 100 г,
  • гародніны — 350,
  • бульбы — 500 г.


У талерцы вязьня чаго толькі ня знойдзеш


Удзельнікі нашай праграмы, былыя палітвязьні — супрацоўнік «Плятформы» Мікіта Ліхавід і вэтэран МУС Сяргей Парсюкевіч, а таксама колішні асуджаны ПК-5 Ігар Міхнавец, — мяркуюць, што ў некаторых папраўчых установах зацьверджаныя Саўмінам нормы не выконваюцца і на 30%.
Мае суразмоўцы кажуць, што за час свайго зьняволеньня яны амаль ня бачылі прыкметаў некаторых афіцыйна зацьверджаных у рацыёне вязьняў прадуктаў — напрыклад, таго ж мяса. Выключэньне, праўда, складалі дні, калі калёнію наведвала камісія Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Зь іншага боку, у талерках часта прысутнічала тое, на што чалавечы страўнік ніяк не разьлічаны.

Ігар Міхнавец адзначае, што ў кашу, якую летась падавалі арыштантам у Івацэвічах, увогуле ўваходзіў камбікорм. Калі вязьні перадалі на радыё зьнятую зь мяшка, што трапіў у агульны прадуктовы кацёл іхняй сталоўкі, этыкетку, кашу сталі гатаваць інакш.

«Сапраўды, тая каша была нейкая незвычайная. Калі глядзіш у талерку, то бачыш там сама меней 5 гатункаў крупаў. Сечка, авёс, ячмень, нейкае іншае зерне. Такіх крупаў ты не сустрэнеш у прадуктовых крамах. Як толькі на Свабодзе ды ў СМІ зьявілася інфармацыя пра гэта, тут жа ў сталоўцы зьявілася іншая каша. Сталі даваць прасяную кашу. Зразумела, адміністрацыя пачала гэта ўсяляк абвяргаць, ды сядзельцаў гэта ані не зьдзівіла. Яны бачылі і не такое. Напрыклад, мяхі з аўсом, дзе стаяла — для корму коней. Ці скрыні з рыбай для пушных зьвяроў. На зоне гэтым нікога ня зьдзівіш».

Паводле Мікіты Ліхавіда, «у сваёй талерцы вязень нярэдка можа знайсьці ўсё што заўгодна»:

«У Наваполацкай калёніі быў зэк, які знайшоў у рыбе саліцёра. Ён панёс гэта прадстаўнікам адміністрацыі, і тыя параілі яму, каб ён гэтага не агучваў, бо інакш у яго будуць праблемы. Зэкі, зразумела, даведаліся пра гэты факт… Але што зробіш? Есьці хочацца, хоць многае ў пайцы ўвогуле ня можа быць прызначана для харчаваньня людзей».

Як сьведчыць Сяргей Парсюкевіч, у калёніі небясьпечна есьці нават хлеб турэмнай выпечкі. Як правіла, папраўчыя ўстановы дзеля эканоміі пякуць уласны хлеб ды іншыя мучныя вырабы:

«Хлеб той каштаваў мне аднаго зуба, бо там быў каменьчык. Падобнае здаралася ня толькі з маімі зубамі. Макароны, якія яны робяць, у палец таўшчынёй. Яны кепска правараныя. Вельмі часта іх або такую ж кашу перамешваюць з варанай кількай. Незразумела, што ты ясі — косьці, галовы, кашу… Незразумела, як гэта ўвогуле можна есьці. Калі няма падтрымкі з волі ў выглядзе харчовых пасылак, няма магчымасьці атаварыцца ў шапіку, то гэта цяжка… Я, паколькі на мне вісела запазычанасьць, мог набыць прадуктаў на адну базавую велічыню. Ведаў „эканаміста“, на якім была запазычанасьць у 140 мільярдаў, бо палічылі ўвесь абарот фірмы, якой ён кіраваў 10 гадоў. Карацей, чалавек увесь тэрмін, які належала яму там сядзець, будзе атаварвацца на адну базавую велічыню. Цяпер гэта 100 тысяч, год таму ўвогуле было 35».

Адрозна ад эўрапейскіх краінаў, дзе вязьні ды супрацоўнікі турмаў ядуць, як кажуць, з аднаго катла, у беларускіх папраўчых установах харчаваньне строга разьдзельнае. Нават вязьні, якія працуюць у гаспадарчым блёку і маюць дачыненьне да кухні (баландзёры), маюць зусім іншы рацыён.

«Яны пякуць для сябе рознае печыва, якога астатнія зэкі ня бачаць, смажаць на патэльнях яечні (звычайны арыштант атрымлівае 2 вараныя яйкі на тыдзень — па сутнасьці, гэта адзіная бялковая ежа), смажаць мяса, якое нам замяняюць соевай каўбасой», — адзначае Ігар Міхнавец.


Пачуцьцё голаду зьвязана ня толькі зь недахопам ежы


Нягледзячы на тое, што катаваньняў голадам, паводле беларускіх законаў, у краіне няма, пачуцьцё голаду ў няволі добра знаёмае многім нават самым нерасьпешчаным сядзельцам.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч
У інтэрвію для радыё Наста Дашкевіч цытуе ўрывак зь ліста свайго мужа — палітвязьня Гарадзенскай турмы Зьмітра Дашкевіча: каб заглушыць голад, той падсілкоўваецца чорным хлебам з алеем. Так робяць у турме тыя вязьні, якія не атрымліваюць харчовых перадачаў, а атаварвацца могуць толькі на адну базавую велічыню (100 тысяч рублёў). Яны прыйшлі да высновы, што на гэтую суму найбольш мэтазгодна набываць алей ды цыбулю. У гэтых прадуктах, як і ў чорным хлебе, ёсьць шэраг неабходных вітамінаў, мікраэлемэнтаў.

«Варта адзначыць, — дадае Наста, — што Зьміцер ня бачыць у гэтым нейкай бядоты. Ён піша, што яму яшчэ пашанцавала, бо ў 30-я гады палітзэкі хлеб вадой запівалі. Ён мяркуе, што час ягоных смачных страваў наперадзе».

Колішні вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі, чыя кніга пра выжываньне ў турме неўзабаве выйдзе ў «Бібліятэцы Свабоды», тлумачыць знаёмае большасьці арыштантаў пачуцьцё голаду ня толькі скупасьцю арыштанцкай пайкі, але і агульным псыхалягічным станам чалавека за кратамі. У стане стрэсу, суму ды трывогі асуджаны імкнецца, так бы мовіць, заесьці свае перажываньні. Моцнае, часам няспыннае пачуцьцё голаду выклікае і вымушаны хранічны недасып. У гэтым выпадку ў арганізьме зьніжаецца выпрацоўка гармону лептыну, які адказвае за кантроль над уласным апэтытам. Чалавеку ўвесь час хочацца есьці, няважна што, абы толькі напхаць жывот. Усё гэта вядзе да сур’ёзных парушэньняў абмену рэчываў, якія вонкава праяўляюцца ў рэзкіх скачках вагі. На самым пачатку зьняволеньня вязень можа рэзка страціць пару дзясяткаў кіляграмаў, а потым гэтак жа рэзка набраць столькі ж і нават болей. Глыбінныя наступствы збою ў мэтабалізьме яшчэ больш сур’ёзныя, чым вонкавыя.

«Са свайго досьведу ведаю, што правільна падабранае харчаваньне — гэта адзін з галоўных шляхоў да аднаўленьня арганізму», — піша прафэсар Бандажэўскі ў сваёй новай кніжцы. Ён падкрэсьлівае важнасьць карэкцыі ўласнага харчаваньня ва ўмовах няволі ў бок тых прадуктаў, якія найлягчэй засвойваюцца арганізмам. Важным фактарам, каб прытупіць пачуцьцё голаду, прафэсар называе адпаведна падабраныя фізычныя нагрузкі ды іншыя заняткі кшталту чытаньня, ліставаньня і г.д.

(Пра гэта ў аўдыёвэрсіі праграмы)


Якога году посуд у вязьніцах?


А цяпер пра тое, з чаго харчуюцца вязьні — дакладней кажучы, якім карыстаюцца посудам.

У адкрытым лісьце ў Генпракуратуру РБ ад 31 кастрычнiка 2012 году палітвязень Зьміцер Дашкевіч напісаў, што асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартаю ў турме, катэгарычна забаронена мець пры сабе лыжку, а таму людзі мусяць есьці футараламі ад зубных шчотак, а адміністрацыя тлумачыць, што ў камэры няма магчымасьці належным чынам памыць лыжку. Тым часам «адміністрацыя выдае кожнаму ў камэру алюмініевы кубак і патрабуе ад вязьня трымаць яго ня проста чыстым, а бліскучым. І, трэба зазначыць, вязьні трымаюць — гадзіну-дзьве на дзень, як вучыць адміністрацыя, шаруюць яго газэтамі (у карцэр ніхто не жадае)».

Пра падобную сытуацыю ў віцебскім СІЗА расказваў нашай праграме і былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч. Ён дадае, што праблемы алюмініевага посуду палягаюць ня толькі ў яго чысьціні:

«Алюміній — вельмі цеплаправодны мэтал. Калі ў такі посуд наліваецца штосьці вельмі гарачае, то ўзяцца за яго немагчыма. Калі ўзяў той жа кубак голымі рукамі, то будзе апёк на целе, калі данёс да рота — апёк губ. Што да алюмініевых лыжак, то зь імі ўвогуле бяда. Яны пастаянна гнуцца, ламаюцца… Да таго ж у турмах няма такога: гэта твая лыжка, а гэта — мая. Яны заўсёды складаліся да кучы, а потым — хто што ўзяў. Нярэдка вязьням дастаюцца абламаныя лыжкі, амаль бяз ручкі, і ты ледзь можаш пальцам прыхапіць такую…У большасьці калёніяў харчуюцца менавіта з алюмініевага посуду. У ім жа гатуюць і ежу».
Сяргей Парсюкевіч пра «кругаль»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:09 0:00
Наўпроставы лінк

Апошнім часам лічыцца, што менавіта алюмініевы посуд найбольш шкодны з усіх мэталічных. Спэцыялісты ў галіне харчаваньня настойліва раяць не гатаваць у ім кіслую ежу, напрыклад, з капусты, не варыць кісялёў, не тушыць прадукты, не кіпяціць малако, бо ўстаноўлена, што гэты посуд актыўна рэагуе з сольлю, содай і кіслотамі. Усё гэта можа прывесьці да харчовага атручэньня. На зоне падобныя рэкамэндацыі выконваюцца з дакладнасьцю да наадварот.

Ігар Міхнавец: «Наколькі вядома, на прадпрыемствах грамадзкага харчаваньня на волі такі дзюралюмініевы посуд, у прыватнасьці лыжкі, забаранілі. Дык усе гэтыя лыжкі, прычым не карыстаныя, а новыя (хто іх выпускае?) перакінулі ў зоны, а лыжкі зь нержавейкі з калёніяў забралі. Матывуючы тым, што лыжку са сталі можна „затачыць“ і каго-небудзь парэзаць. Нібыта тут сядзяць такія ідыёты?! Парэзаць пры жаданьні можна кавалкам шкла — форткі ж ніхто не забараніў! Дык вось гэтыя алюмініевыя лыжкі, калі па іх пацерці нейкім жалезам, зь іх пачынае сыпацца алюмініевае пілавіньне… На волі гэта забаранілі, бо шкодна для здароўя, а ў турмах карыстацца можна. Відаць…»

Тое, што падобны таксычны посуд у турмах будзе заменены на менш шкодны, у праваабаронцы Мікіты Ліхавіда выклікае вялікі сумнеў:

«Аднаму сядзельцу ў Наваполацку ўвесь час траплялася адна і тая ж алюмініевая талерка. На ёй стаяла кляймо нейкай установы царскай Расеі — двухгаловы арол і г.д — 1898 году. Але! На складзе было поўна зусім новых, яшчэ ані разу ня выкарыстаных алюмініевых талерак, вырабленых у 1936 годзе. Гэтага посуду дастаткова, каб ім маглі карыстацца яшчэ некалькі пакаленьняў беларускіх вязьняў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG