Як паведаміла Міністэрства фінансаў Украіны, гэтыя зьмены накіраваныя на абарону ўкраінскай фінансавай сыстэмы ад дзеяньняў дзяржаў, якія ажыцьцяўляюць узброеную агрэсію супраць Украіны.
Апроч таго, ухваленьне гэтага закону абумоўлена неабходнасьцю адаптацыі нацыянальнага заканадаўства да стандартаў FATF (Група распрацоўкі фінансавых мераў барацьбы з адмываньнем грошай) і да патрабаваньняў дырэктыў Эўразьвязу.
Закон набудзе юрыдычную моц адразу пасьля ягонай публікацыі.
Што прадугледжвае закон
Згодна з законам, грамадзянам Беларусі і Расеі будзе забаронена ачольваць і кіраваць суб’ектамі гаспадараньня ва Ўкраіне. Яны ня змогуць займаць пасаду кіраўніка або намесьніка кіраўніка юрыдычнай асобы.
У той жа час грамадзяне Беларусі і Расеі могуць быць заснавальнікамі ўкраінскіх кампаній, але аўтаматычна такія асобы і кампаніі будуць уключацца ў пералік кліентаў з высокімі рызыкамі. Гэта азначае, што іх фінансавы маніторынг будзе пільнейшы.
Выключэньнем з гэтых абмежаваньняў будуць тыя грамадзяне Беларусі і Расеі, якія ваявалі на баку Ўкраіны і атрымалі статус удзельнікаў баявых дзеяньняў пасьля 14 красавіка 2014 году.
Кампаніі, заснавальнікамі ці канцавымі ўласьнікамі якіх зьяўляюцца грамадзяне Беларусі і Расеі, будуць абавязаныя здаваць у Дзяржаўную службу фінансавага маніторынгу справаздачы аб ажыцьцяўленьні любой апэрацыі, якая перавышае вартасьць 400 тысяч грыўняў (ад 10 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).
Такія ж патрабаваньні будуць дзейнічаць і датычна ўкраінскіх кампаній у выпадку, калі яны будуць ажыцьцяўляць апэрацыі з кампаніямі, зьвязанымі з рэзыдэнтамі Беларусі і Расеі, а таксама беларускімі ці расейскімі грамадзянамі — фізычнымі асобамі.
Які статус маюць беларускія кампаніі цяпер
Ад пачатку расейскага ўварваньня, якое Беларусь падтрымала, даўшы сваю тэрыторыю і вайсковую інфраструктуру для расейскіх войскаў і абстрэлаў, ва Ўкраіне арыштавалі маёмасьць і актывы шэрагу ўкраінскіх кампаній, заснавальнікамі і бэнэфіцыярамі якіх былі дзяржаўныя прадпрыемствы Беларусі. Сярод такіх прадпрыемстваў —
Іх ачольвалі грамадзяне Ўкраіны.
Цяпер дзейнасьць гэтых кампаній фактычна заблякаваная, бо праваахоўныя органы Ўкраіны арыштавалі іхныя банкаўскія рахункі, усю маёмасьць і актывы.
З пачатку расейскага ўварваньня ўлады Ўкраіны заблякавалі банкаўскія рахункі грамадзянам Беларусі, у тым ліку і тым, хто ўцёк ва Ўкраіну ад крымінальнага перасьледу ў Беларусі пасьля фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў.
Беларуска-ўкраінскія адносіны падчас вайны
- Беларусь і Ўкраіна захоўваюць дыпляматычныя адносіны, хоць усе беларускія дыпляматы выехалі з Украіны, а МЗС Беларусі прымусіў закрыць кансулят Украіны ў Берасьці і скараціць штат амбасады ў Менску. У Менску працягвае працаваць украінскі амбасадар Ігар Кізім.
- Улады Ўкраіны не прызналі легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта пасьля выбараў у жніўні 2020 году. Большасьць украінскіх СМІ называюць яго самаабвешчаным прэзыдэнтам Беларусі.
- Украіна не далучылася да санкцый, уведзеных краінамі Эўразьвязу супраць Аляксандра Лукашэнкі пасьля жорсткага разгону пратэстаў у жніўні 2020 году, а таксама да тых, што ўведзеныя ўжо ў сувязі з наданьнем Лукашэнкам беларускай тэрыторыі для расейскай агрэсіі.
- Улады Ўкраіны не праводзілі афіцыйных сустрэч са Сьвятланай Ціханоўскай як дэмакратычным лідэрам Беларусі.
- У Вярхоўнай Радзе дзейнічае дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь».
- Сьвятлана Ціханоўская 10 кастрычніка на фоне заявы Лукашэнкі аб разгортваньні вайсковай групоўкі Саюзнай дзяржавы ў Беларусі зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і прапанавала ўстанавіць прамое супрацоўніцтва з беларускай апазыцыяй.
- 20 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб увядзеньні пэрсанальных санкцый супраць шэрагу фізычных і юрыдычных асоб Беларусі.
У сьпісе — міністар абароны Віктар Хрэнін, кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо, генэральны пракурор Андрэй Швед, міністар унутраных спраў Іван Кубракоў, кіраўнік КДБ Іван Тэртэль, кіраўнік Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара, дзяржсакратар Рады бясьпекі Аляксандар Вальфовіч.
Пад украінскія санкцыі падпалі прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант, дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін, дырэктар Цэнтру сучасных сацыяльных тэхналёгій Сяргей Лушч.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.