Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заявіў, што наступствы ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну могуць зачапіць 1,6 мільярда жыхароў плянэты.
«Уплыў вайны на харчовую бясьпеку, энэргетыку і фінансы мае сыстэмны і сур’ёзны характар, які набірае абароты», — заявіў Антонію Гутэрыш, прэзэнтуючы другую справаздачу ААН аб наступствах вайны ва Ўкраіне.
Як паведамляе «Голас Амэрыкі», генэральны сакратар ААН дадаў, што «вайна пагражае выклікаць беспрэцэдэнтную хвалю голаду і галечы, пакінуўшы пасьля сябе сацыяльны і эканамічны хаос».
Паводле Антонію Гутэрыша, сёлета харчовы крызіс зьвязаны «з адсутнасьцю доступу» да асноўных прадуктаў харчаваньня, а ў наступным годзе «можа быць зьвязаны з нястачай ежы».
«Ёсьць толькі адзін спосаб спыніць буру, што насоўваецца: расейскае ўварваньне ва Ўкраіну мусіць быць спыненае», — падкрэсьліў генэральны сакратар ААН.
Антонію Гутэрыш заклікаў калег знайсьці шлях, які дазволіць бясьпечна і надзейна экспартаваць прадукты харчаваньня ўкраінскага паходжаньня праз Чорнае мора і бесьперашкодны доступ на сусьветны рынак для расейскіх прадуктаў харчаваньня і ўгнаеньняў.
У справаздачы ААН адзначаецца, што прыкладна 94 краіны, у якіх жывуць каля 1,6 мільярда грамадзян, «сур’ёзна могуць пацярпець як мінімум ад аднаго аспэкту крызісу і ня ў стане зь ім справіцца».
Кіеў 7 чэрвеня абвясьціў умовы, пры якіх магчыма аднаўленьне паставак украінскага збожжа на вонкавы рынак.
«Неабходнымі зьяўляюцца дзейсныя гарантыі бясьпекі для аднаўленьня суднаходзтва. Такія гарантыі маюць быць нададзеныя шляхам пастаўкі Ўкраіне адпаведнай зброі для абароны ўзьбярэжжа ад пагроз з мора і шляхам далучэньня ваенна-марскіх сіл трэціх краін для патруляваньня адпаведнай часткі акваторыі Чорнага мора», — адзначалася ў заяве Міністэрства замежных спраў Украіны.
3 чэрвеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Масква ня будзе перашкаджаць вывазу збожжа з Украіны. Ён прапанаваў зрабіць гэта праз акупаваныя Расеяй парты Марыюпалю і Бярдзянску, парты, якія кантралююцца Украінай, і па чыгунцы праз Румынію, Польшчу і Беларусь.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 6 чэрвеня заявіў, што Ўкраіна не гатовая разглядаць пытаньне экспарту ўласнага збожжа празь Беларусь.
Расея і Ўкраіна ўваходзяць у пяцёрку найбуйнейшых вытворцаў збожжа ў сьвеце. Пасьля пачатку ўварваньня расейскага войска ва Ўкраіну цэны на прадукты харчаваньня сталі рэзка падымацца. Уздым цэнаў на збожжа і на паліва адбіваецца на кошце любой ежы. Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заяўляў у траўні, што галодная сьмерць на тле вайны пагражае 49 мільёнам жыхароў 43 краін сьвету.