«Улічваючы нядаўні ракетны ўдар Расеі па збожжавым тэрмінале ў Мікалаеве, ня можам выключыць плянаў Расеі скарыстацца такім калідорам для нападу на Адэсу і поўдзень Украіны. Менавіта таму неабходнымі зьяўляюцца дзейсныя гарантыі бясьпекі для аднаўленьня суднаходзтва. Такія гарантыі маюць быць нададзеныя шляхам пастаўкі Ўкраіне адпаведнай зброі для абароны ўзьбярэжжа ад пагроз з мора і шляхам далучэньня ваенна-марскіх сіл трэціх краін для патруляваньня адпаведнай часткі акваторыі Чорнага мора», — адзначаецца ў заяве Міністэрства замежных спраў Украіны.
У замежнапалітычным ведамстве Ўкраіны заявілі, што шануюць высілкі Турэччыны дзеля разблякаваньня ўкраінскіх марскіх партоў. Але адпаведных дамоўленасьцяў аб гэтым між Украінай, Турэччынай і Расеяй няма:
«Любыя дамоўленасьці, якія ня будуць улічваць інтарэсы Ўкраіны, мы будзем адхіляць».
У МЗС Украіны паведамілі аб пачатку паставак украінскага збожжа аўтамабільным, чыгуначным і рачным транспартам.
«Мы робім усё магчымае, але комплексна вырашыць гэтае пытаньне можна толькі праз разблякаваньне ўкраінскіх партоў. Заклікаем усіх зацікаўленых партнэраў разам з Украінай сканцэнтраваць высілкі на пошуку збалянсаванага рашэньня, якое здыме расейскую блякаду з партоў і пры гэтым будзе прадугледжваць дакладныя гарантыі бясьпекі для ўкраінскага чарнаморскага ўзьбярэжжа і адпаведных гуманітарных калідораў», — падкрэсьлілі ў МЗС Украіны.
Што гаварылі пра гэта Зяленскі і Пуцін
3 чэрвеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Масква ня будзе перашкаджаць вывазу збожжа з Украіны. Ён прапанаваў зрабіць гэта праз акупаваныя Расеяй парты Марыюпалю і Бярдзянску, парты, якія кантралююцца Украінай, і па чыгунцы праз Румынію, Польшчу і Беларусь.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 6 чэрвеня заявіў, што Ўкраіна не гатовая разглядаць пытаньне экспарту ўласнага збожжа празь Беларусь.
«Што да Беларусі: гэтая інфармацыя адкрытая. Нам прапаноўвалі ехаць празь Беларусь чыгункай. Мы нават разумеем, які аб’ём. Але мы разумеем, для чаго нам гэта прапаноўвалі. Мы пакуль не гатовыя ісьці па гэтым фармаце і дапамагаць нашым „дружалюбным“ суседзям», — заявіў Зяленскі.
ААН заклікала Расею дазволіць вывезьці збожжа з украінскіх партоў
Расея і Ўкраіна ўваходзяць у пяцёрку найбуйнейшых вытворцаў збожжа ў сьвеце. Пасьля пачатку ўварваньня расейскага войска ва Ўкраіну цэны на прадукты харчаваньня сталі рэзка падымацца. Уздым цэнаў на збожжа і на паліва адбіваецца на кошце любой ежы. Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заяўляў у траўні, што галодная сьмерць на тле вайны пагражае 49 мільёнам жыхароў 43 краін сьвету.
ААН заклікала Расею дазволіць вывезьці збожжа з украінскіх партоў. Гэтая тэма абмяркоўвалася на перамовах Пуціна з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам і прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.