Электрычнасьць апошнім часам рэгулярна адключалі ў Кіеве, Кіеўскай вобласьці і яшчэ шасьці вобласьцях Украіны. Сьвятла можа ня быць па 12 гадзінаў або нават цэлыя содні.
«Гэта новыя рэаліі і новая сучаснасьць, да якой вельмі цяжка прывыкнуць. Гэта закранае ўсе сфэры жыцця кіяўлян — працу, дом, побыт», — кажа жыхарка Кіева Раксалана Арыёнчык.
«Калі ўлады папрасілі ўкраінцаў эканоміць электраэнергію, мы істотна мінімізавалі яе выкарыстаньне ў побыце. Асабліва ўдзень, бо ў гэты пэрыяд нагрузка на электрасетку найбольшая. Неабходна было таксама скарэктаваць расклад дня, у тым ліку і графік працы», — расказвае пра ўплыў блэкаўту на штодзённасьць экспэрт у грамадзка-палітычных пытаньнях з Кіева Міхайла Радыё.
Генэратары замяняюць акумулятарамі
Украінскі гісторык і журналіст Раман Кабачый з жонкай жывуць то ў Кіеве, то ў вёсцы ў Кіеўскай вобласьці.
«У Кіеве ў апошнія тры дні сьвятло зусім не выключалі, а ў вёсцы мы рыхтаваліся да адключэньняў. Сьвечак і паўэрбанкаў у нас хапае», — расказвае Раман.
Адзін з найлепшых спосабаў на блэкаўт — свае генэратары. Аднак купіць іх ужо амаль немагчыма, дый цэны вырасьлі ўдвая і вышэй.
«Генэратары цяпер каштуюць шалёных грошай, і звычайныя людзі ня могуць іх сабе дазволіць. Трохватны генэратар раней каштаваў каля 30 тысяч грыўняў (800 даляраў), цяпер — 60–75 тысяч грыўняў (да 2 тысяч даляраў)», — расказвае жонка Рамана.
Замест генэратараў некаторыя купляюць вялікія акумулятары і апараты, якія забясьпечваюць бесьперабойны ток.
«Што гэта дае? У нас кацёл, які ацяпляе ўвесь дом. Дзякуючы акумулятару ён будзе працаваць, калі няма сьвятла, цягам пяці гадзін. Адначасова акумулятара хапае на тое, каб зарадзіць ад яго мабільныя тэлефоны», — кажа жыхарка Кіева.
Паўэрбанкі на сонечных батарэях зараджаюцца толькі на 20-30%
Паўэрбанкі ва Ўкраіне таксама амаль зьніклі з продажу.
«Максымальны аб’ём, які можна набыць, — гэта 20 тысяч міліампэр, а не „пяцідзясятка“ ці „сотка“, як мы хацелі. Калі будуць новыя пастаўкі электратэхнікі, невядома», — расказваюць суразмоўцы.
Што да паўэрбанкаў на сонечных батарэях, то яны малаэфэктыўныя, мяркуе Раман, бо зараджаюцца максымум на 25-30%. Праўда, у сям’і 5-6 звычайных паўэрбанкаў. Калі сьвятло выключалі амаль на содні, ім гэтага запасу хапіла на дваіх.
Міхайла расказаў, што празь перабоі з электрычнасьцю іхная сям’я купіла больш магутныя партатыўныя зарадныя прылады, чым мела раней. Таксама запасьліся сьвечкамі, запалкамі і цёплымі коўдрамі. Паўэрбанкі, як ён заўважыў, за два тыдні падаражэлі на 100–200 грыўняў (3–6 даляраў).
«Мы ўжо прызвычаіліся да думкі, што электрычнасьць можа зьнікнуць у любы час і на няпэўны тэрмін. Таму мы пастаянна стараемся кантраляваць наяўнасьць вады і зараджанасьць тэлефонаў, ноўтбукаў і паўэрбанкаў», — апавядае Міхайла.
Сьвечкі падаражэлі ў сто разоў
Сьвечкі ва Ўкраіне падаражэлі ў шмат разоў, да таго ж амаль зьніклі з продажу. Цяпер паліць сьвечкі эканамічна нявыгадна. Праз дэфіцыт сям’я замовіла 10 нідэрляндзкіх сьвечак за 200 грыўняў (каля 5 даляраў). Адной сьвечкі хапае максымум на адзін вечар, каб асьвятляць адзін пакой.
«Парафін — што гэта такое? У савецкія часы адна сьвечка каштавала 20 капеек», — абураецца Раман.
«Калі раней адна сьвечка каштавала 50–80 капеек за штуку, то цяпер можа каштаваць і па 50 грыўняў за штуку», — дадае ягоная жонка.
Раксалана прыводзіць іншыя лічбы. Зь ейных назіраньняў, цэны на дэфіцытныя тавары, сярод якіх сьвечкі, вырасьлі прыкладна на 50%.
Падчас блэкаўту выкарыстоўваюць і так званыя «франтавыя сьвечкі». Бяруць ужо выкарыстаны парафін з спаленай сьвечкі, да яго прымацоўваюць кардонку і падпальваюць. Такая канструкцыя даволі доўга гарыць.
Людзі запасаюцца таксама ліхтарыкамі і батарэйкамі да іх.
«Варта выключаць аўтаматычныя выключальнікі сьвятла, калі адключаюць электраэнэргію, каб абсталяваньне не згарэла потым пры ўключэньні», — дае параду Раксалана.
«Ніхто ня мог уявіць, што ґаза будзе некаму патрэбная»
Некаторыя замяняюць сьвечкі лямпамі-ґазьнічкамі, расказвае сям’я Кабачый.
«Але ґаза ва Ўкраіне цяпер таксама досыць дарагая. Ніхто ня мог уявіць, што яна будзе некаму патрэбны», — працягваюць суразмоўцы.
«Наш сябра пайшоў прынцыпова іншым шляхам. Ён падпальвае ў мэталічнай ёмістасьці алей, звычайны харчовы алей», — расказвае жыхарка Кіева.
Турыстычныя газавыя пліты могуць быць небясьпечныя
Адсутнасьць электраэнэргіі часам не дазваляе гатаваць ежу прывычным спосабам.
«У старых раёнах Кіева няма праблем з тым, каб гатаваць ежу безь сьвятла, бо ўсе маюць газавыя пліты. Але газ нельга выкарыстоўваць у будынках, вышэйшых за 9 паверхаў», — расказвае жыхарка ўкраінскай сталіцы.
Сям’я Міхайлы купіла пераносную газавую пліту і прадукты, якія доўга захоўваюцца. Людзі набываюць як стацыянарныя газавыя пліты, гэтак і маленькія турыстычныя газавыя пальнікі.
«Гэтая плітачка працуе ад балёнчыка з газам. На ёй, прыкладам, можна згатаваць ваду. Але мы баімся, што гэта небясьпечна, бо гэтыя балёны могуць выбухаць, асабліва калі іх няправільна падлучыць», — расказваюць у сям’і Кабачый.
«Мой сябар Вадзім ледзь не спаліў сваю кватэру, карыстаючыся дома такой газавай плітой», — дадае Раксалана.
Некаторыя ў вёсцы гатуюць ежу на вогнішчы на дварэ, у мангалах, так робяць у Марыюпалі і іншых акупаваных рэгіёнах Украіны, дзе няма доступу да інфраструктуры.
Раксалана раіць запасьціся лусьцікамі і паўфабрыкатамі, якія можна хутка прыгатаваць на пальніку, калі адключаць сьвятло. Або купіць ужо гатовыя стравы. Варта падрыхтаваць тэрмас з кіпнем або гарачай гарбатай.
У вёсках купляюць печкі-буржуйкі
Калі няма сьвятла, нехта застаецца без ацяпленьня. У сельскай мясцовасьці многія набываюць печкі-буржуйкі. У горадзе ў кватэрах іх забаронена ўсталёўваць, гэта небясьпечна.
«Нехта мае цьвёрдапаліўныя катлы, нехта паліць у печы дровамі», — расказвае Раман пра варыянты ацяпленьня па-за горадам.
«Людзі мерзнуць у дамах без ацяпленьня. У майго сябра зараз у кватэры ў Саламянскім раёне Кіева +14 градусаў. На дапамогу прыходзяць коўдры, тэрмакоўдры, цёплае адзеньне, грэлкі з тэрмасамі», — расказвае Раксалана.
Цэны на тэрмабялізну праз высокі попыт таксама вырасьлі.
Няма сьвятла — няма вады і сувязі
Адно з магчымых наступстваў блэкаўту — брак вады. І пітной, і мыцца. Сужэнцы Кабачый расказваюць, што яны нарыхтавалі ваду загадзя, у тым ліку у вялікіх плястыкавых бутлях.
Турыстычныя душы, які награюць ваду ад сонечнай энэргіі, зь іхных словаў, ва Ўкраіне не пашыраныя. Сонца не хапае, каб вада добра нагрэлася і можна было мыцца.
«Калі чалавек жыве ў доме бяз газавай пліты, то калі зьнікае сьвятло — зьнікае ўсё», — кажуць яны.
Безь сьвятла не працуюць станцыі мабільных апэратараў. Таму ў людзей зьнікае ня толькі інтэрнэт, але і магчымасьць проста пазваніць. Да кожнай мабільнай вежы апэратары спрабуюць падключаць генэратары.
«У нашай вёсцы генэратара хапае ўсяго на паўтары-дзьве гадзіны», — заўважаюць суразмоўцы.
Але людзі самаарганізоўваюцца. Старшыні сельскіх радаў арганізоўваюць пункты, дзе вяскоўцы могуць заладаваць свае тэлефоны, узяць кіпень. Суседзі ў горадзе таксама выручаюць адно аднаго, кажуць суразмоўцы.
Сьпіс таго, што варта падрыхтаваць на выпадак блэкаўту:
- Вада
- Сьвечкі
- Запалкі
- Генэратары
- Акумулятары
- Апараты для бесьперабойнага току
- Ліхтарыкі
- Батарэйкі
- Паўэрбанкі, у тым ліку на сонечных батарэях
- Газавыя лямпы
- Ґазьнічкі
- Газавыя пліты
- Турыстычныя газавыя пальнікі
- «Хуткая ежа», канапкі, паўфабрыкаты
- Тэрмабялізна, цёплае адзеньне
- Коўдры, тэрмакоўдры
- Грэлкі
- Тэрмас
- Печкі-буржуйкі
- Дровы
- Мангал
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.