Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Энэргетыкі — тыя ж войскі, але на іншым фронце». Зь якімі праблемамі сутыкнулася Ўкраіна пасьля расейскіх атак на энэргааб’екты


Ліквідацыя наступстваў расейскай атакі на аб'ект энэргетыкі ў Кіеўскай вобласьці. Кастрычнік 2022
Ліквідацыя наступстваў расейскай атакі на аб'ект энэргетыкі ў Кіеўскай вобласьці. Кастрычнік 2022

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба перакананы, што наўмыснае зьнішчэньне Расеяй цывільнай інфраструктуры варта разглядаць як складнік генацыду і ваеннае злачынства.

Расея з 10 кастрычніка мэтанакіравана наносіць удары па аб’ектах інфраструктуры, найперш, па энэргетычных, якія забясьпечваюць спажыўцоў ня толькі электраэнэргіяй, але і цяплом.

Перад надыходам зімы гэта асабліва небясьпечна, калі ўсё больш грамадзян застаюцца без жыльля, а тыя, хто з жытлом — без цяпла, сьвятла і вады.

Пад рызыкай — сацыяльныя аб’екты і найперш, — мэдычныя ўстановы.
Толькі за два дні ў кастрычніку Расея зьнішчыла больш як 40 % энэргетычнай генэрацыі Ўкраіны, і амаль 50 % — цеплавой. Але гэта пакуль не спыніла Расею. Кожны панядзелак ва Ўкраіне пачынаецца з масаваных атак расейцаў на электрастанцыі, падстанцыі і ЦЭЦ.

Свабода прааналізавала, як Ўкраіна спраўляецца з новымі выклікамі расейскай вайны на ўзроўні грамадзян, уладаў і энэргетычнага сэктару.

Адключаюць сьвятло па тры разы на дзень

Кіяўлянка Кацярына працуе дыстанцыйна, таму наяўнасьць сьвятла для яе — гэта ня проста камфортны побыт, але і магчымасьць захаваць працу ва ўмовах вайны. Але цяпер сваё працоўнае месца яна вымушана пераносіць з дому з-за частага адключэньня электраэнэргіі.

Блэк-аўт у Кіеве. Від ноччу на Сафійскі сабор. 31 кастрычніка 2022
Блэк-аўт у Кіеве. Від ноччу на Сафійскі сабор. 31 кастрычніка 2022

«Учора я, напрыклад, працавала на аўтазапраўцы, а сёньня — на аўтамабільным сэрвісе. Большая частка прадпрыемстваў сфэры абслугоўваньня маюць уласныя генэратары. Галоўнае толькі, каб у гэты час не было паветраных трывог, бо тады ўсе наведнікі мусяць пакінуць памяшканьні і перамясьціцца ў бясьпечныя месцы ці бомбасховішчы, а зь імі ёсьць пэўныя праблемы. Ну і галоўнае мець дастатковую колькасьць паўэр-бэнкаў, каб заўсёды мець запас энэргіі для сваіх прыладаў — тэлефону і ноўтбуку», — расказала Кацярына Свабодзе аб арганізацыі сваёй працы.

Яна кажа, што ў будынку, дзе яна жыве, электрычнасьць выключаюць па тры разы.

«Ёсьць графік адключэньняў, на які я магу арыентавацца. Кожны дзень адключэньні ў розны час прыкладна на тры гадзіны — сёньня ў мяне не было сьвятла з апоўначы да трэцяй гадзіны раніцы, з 9-й да 12-й і ня будзе ўвечары з 18-й да 21-й. Галоўнае, каб не было новых абстрэлаў, бо тады можа быць аварыйнае адключэньне і на больш трывалы час», — патлумачыла Кацярына.

«І, дарэчы, мне яшчэ пашанцавала — нягледзячы на тое, што Расея атакавала найбольшую ЦЭЦ у маім раёне, у мяне за гэты час не было праблем з вадой — была і гарачая, і нават ацяпленьне. Больш складана тым, у каго электрапліта. Увогуле, украінскія энэргетыкі — сапраўдныя героі, тыя ж вайскоўцы, толькі на іншым фронце. Нават у дзень абстрэлу, а ён быў тады вельмі моцны, яны да вечара ўжо змаглі аднавіць сьвятло практычна ва ўсім раёне», — адзначыла жанчына.

Расейскі абстрэл аб'екта інфраструктуры ў Кіеве. 31 кастрычніка 2022
Расейскі абстрэл аб'екта інфраструктуры ў Кіеве. 31 кастрычніка 2022

Паводле яе, менавіта пасьля абстрэлаў 10 кастрычніка кіяўляне кінуліся на кірмашы па ліхтарыкі і паўэр-бэнкі. «Попыт і чэргі адразу павялічыліся. Разам зь імі і цэны, а магутныя прылады пакуль ўвогуле зьніклі», — кажа Кацярына.

Дзяўчына кажа, што цяпер эканоміць электрычнасьць:

«Я адключыла бойлер для падагрэву вады, ня ежджу ў ліфце, бо думаю, што тым, хто жыве на апошніх паверхах, і маламабільным ён больш патрэбны. І стараюся як мага пазьней уключаць сьвятло. Тэлевізар таксама не ўключаю. Усю неабходную інфармацыю атрымліваю з інтэрнэту», — падзялілася яна.

Эканомія энэргіі павялічвае час для аднаўленьня сетак і станцый

Энэргетыкі і ўлады заклікаюць грамадзян максымальна зьмяншаць спажываньне электрыкі ў пікавыя гадзіны. Паводле іх, эканомія дазваляе павялічыць час для рамонтнікаў, бо яна вымушаны залучаць рэзэрвовыя сеткі, якія могуць ня вытрымаць вялікіх нагрузак.

Сьвечкі зноў сталі патрэбныя
Сьвечкі зноў сталі патрэбныя

Экспэрты мяркуюць, што арганізоўваць ракетныя атакі на энэргетычныя аб’екты расейскім войскам дапамагалі іхныя энэргетыкі. Паводле іх, Расея наносіла ўдары такім чынам, каб разарваць украінскую энэргетыку на ізаляваныя шматкі — у першую чаргу абстрэльваліся падстанцыі, якія зьвязваюць усю энэргасыстэму і дазваляюць перанакіроўваць патокі з прафіцытных у дэфіцытныя рэгіёны, а ў другую — ужо электрастанцыі і ЦЭЦ. Вузлавыя падстанцыі вельмі цяжка абараніць, бо іх шмат.

Нягледзячы на тое, што ўкраінскія энэргетыкі рыхтаваліся да такіх удараў, маштабы пашкоджаньняў патрабуюць усё больш абсталяваньня на замену зьнішчаным.

Наступствы расейскага ракетнага нападу на Кіеў. 10 кастрычніка 2022
Наступствы расейскага ракетнага нападу на Кіеў. 10 кастрычніка 2022

ДТЭК, адна з найбольшых ва Ўкраіне кампаній, якая абслугоўвае энэргагенэрацыю, ужо заявіла аб дэфіцыце абсталяваньня і запчастак для аднаўленьня магутнасьцяў.

«Мы ўжо вычарпалі запасы тэхнікі, якія былі ў нас на складах пасьля першых двух хваляў атак з 10 кастрычніка», — заявіў выканаўчы дырэктар ДТЭК Дзьмітро Сахарук.

Вядома аб некалькіх выпадках гібелі ўкраінскіх энэргетыкаў у часе расейскіх атак. Апошні раз у выніку паўторнага абстрэлу 18 кастрычніка ЦЭЦ-6 у Кіеве загнулі два яе супрацоўнікі. Гэта найбольшая ва Ўкраіне цеплаэлектрацэнтраль.

Украіна зьвярнулася па дапамогу да эўрапейскіх кампаній

Дзяржава актыўна далучылася да працэсу, каб дапамагчы энэргетыкам. Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба паведаміў, што ўжо ёсьць дамоўленасьці з урадамі і энэргетычнымі кампаніямі 12 краін аб пастаўках дэфіцытнага абсталяваньня.

Такую дапамогу Ўкраіна запытала ў рамках Эўрапейскага мэханізму цывільнай абароны і цэнтру крызіснага рэагаваньня NATO.

«Мы ўжо дамовіліся аб пастаўках абсталяваньня ад урадаў і кампаній 12 краін: Ізраілю, Гішпаніі, Італіі, Літвы, Нямеччыны, Паўночнай Македоніі, Польшчы, Рэспублікі Карэя, Славаччыны, Славеніі, Фінляндыі і Францыі. Агулам вядзецца аб 950 адзінках энэргетычнага абсталяваньня. Першыя партыі дапамогі ўжо ва Ўкраіне, рэшту чакаем найбліжэйшым часам», — паведаміў Дзьмітро Кулеба.

Камісар Эўразьвязу ў пытаньнях энэргетыкі Кадры Сімсан у часе свайго візыту ў Кіеў паведаміла, што Эўракамісія выдзеліць 25,5 мільёна эўра Ўкраіне, каб вырашыць тэрміновыя патрэбы ў рамонце абсталяваньня і інфраструктуры праз Фонд энэргетычнай падтрымкі Ўкраіны.

Зьнішчэньне энэргетыкі — парушэньне правілаў вайны

Мэтанакіраванае і сьвядомае зьнішчэньне энэргетычных аб’ектаў, што прызнае і сама Расея, парушае артыкул 48 Дадатковага пратаколу да Жэнэўскіх канвэнцый аб абароне ахвяр міжнародных узброеных канфліктаў ад 1977 году.

Гэтая норма прадугледжвае, што пры вядзеньні ваенных дзеяньняў бакі мусяць адрозьніваць цывільныя і вайсковыя аб’екты. Міжнароднае гуманітарнае права забараняе напады на цывільныя аб’екты, якія забясьпечваюць жыцьцядзейнасьць грамадзян.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба перакананы, што наўмыснае зьнішчэньне Расеяй цывільнай інфраструктуры варта разглядаць як складнік генацыду:

«Наўмысныя расейскія ўдары супраць цывільнай крытычнай інфраструктуры Ўкраіны — гэта ваенныя злачынствы. Улічваючы іхную сыстэмнасьць і камэнтары, якімі гэта суправаджаюць расейская прапаганда і афіцыйныя асобы, гэтыя ўдары варта лічыць часткай генацыду ўкраінскага народу. Канвэнцыя аб генацыдзе 1948 году дакладна на гэта паказвае: наўмысны ўплыў на ўмовы пражываньня пэўнай групы з разьлікам на яе фізычнае зьнішчэньне, часткі ці ўсёй — гэта генацыд», — падкрэсьліў Дзьмітро Кулеба.

Сьледчыя і пракуроры Ўкраіны заводзяць крымінальныя справы па кожным факце абстрэлу цывільных аб’ектаў паводле факту ваеннага злачынства, зьвязанага з парушэньнем правілаў і звычак вядзеньня вайны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG