У кожным з гэтых рэгіёнаў улады ўвялі так званае веернае адключэньне электраэнэргіі. У лепшым выпадку спажыўцы маюць сьвятло сумарна 12 гадзін на содні — гэта азначае, што кожныя чатыры гадзіны электраэнэргію адключаюць на чатыры гадзіны.
Свабода вывучыла, як жывуць жыхары ўкраінскай сталіцы, калі сьвятла няма.
«Ранішнюю каву гатую вечарам»
Багдана не выяжджала з Кіева ад пачатку расейскага ўварваньня. Зь ёю мы пазнаёміліся раніцай, у чарзе па каву — сёньня ў яе будынку адключылі электраэнэргію тэрмінова, па-за плянам.
«У мяне электрычная пліта. Звычайна, калі паводле графіку адключаюць сьвятло з раніцы, то я гатую сабе ранішнюю каву напярэдадні і заліваю ў тэрмас, але сёньня сьвятло зьнікла зьнянацку. Вось цяпер знаёмімся з суседзямі ў чарзе па каву», — пажартавала яна.
Дзяўчына кажа, што ліхтарыкамі рознага тыпу яна запаслася, а вось купіць партатыўную газавую плітку ня сьцяміла.
«Але цяпер ужо давядзецца шукаць, падазраю, што цяпер яе цана істотна павялічылася», — ня выключыла Багдана.
На пытаньне, чым яна займаецца ўвечары, калі зьнікае сьвятло, Багдана адказала:
«У абмежаваньнях ёсьць свае плюсы. Цяпер я часьцей гуляю на сьвежым паветры».
Пасьля адключэньня сьвятла пáдае сувязь і зьнікае гарачая вада
У некаторых раёнах Кіева сьвятла няма цягам 7-12 гадзін.
«Праз пару гадзін адсутнасьці электраэнэргіі пáдае мабільная сувязь. Я не магу ня тое што прыняць званок ці патэлефанаваць камусьсці, а нават не магу атрымаць паведамленьне аб паветранай трывозе», — сказаў Свабодзе жыхар Кіева Сяргей.
Паводле яго, адключэньне электраэнэргіі выклікае зьніжэньне ціску ў водаправодзе, а гарачая вада амаль цалкам зьнікае.
«З кранаў цячэ ледзь цёплая вада. Гэта пакуль не крытычна, галоўнае, што вада ўвогуле ёсьць. Хаця на ўсялякі выпадак набіраю запасы вады — і пітной, і тэхнічнай», — паведаміў хлопец.
Але яго гэтыя складанасьці не палохаюць.
«Галоўнае перамагчы расейцаў і выгнаць акупантаў з нашай зямлі», — сказаў Сяргей. Ён ня можа выехаць з Украіны, бо ўсім мужчынам у прызыўным узросьце забаронена выяжджаць за межы.
Крамы працуюць, але ня ўсе
Калі адключаюць сьвятло, большасьць крамаў і гандлёвых цэнтраў не працуюць. Выключэньне — харчовыя крамы, вялікія і малыя. Большасьць зь іх маюць свае электрагенэратары. Адзіная праблема — разьлічыцца можна толькі гатоўкай. Таму, калі зьяўляецца электрычнасьць, кіяўляне вымушаныя шукаць дзейныя банкаматы, каб зьняць грошы.
Нягледзячы на перабоі зь сьвятлом, у Кіеве працуе і большасьць аўтазаправак. У найбольшых зь іх, дзе ёсьць кавярні і вялікія памяшканьні з інтэрнэт-сувязьзю, знаходзяць прытулак мясцовыя жыхары. Тут можна падсілкаваць свае прылады і працаваць дыстанцыйна на сваіх кампутарах. Пэрсанал ставіцца да такіх кліентаў з разуменьнем.
З вуліц зьніклі тралейбусы, мэтро працуе
Праз абмежаванасьць энэргарэсурсаў гарадзкія ўлады вымушаныя былі адмовіцца ад электрычнага наземнага транспарту. Але гэта не азначае, што транспарту стала менш. Замест тралейбусаў на маршруты выйшлі аўтобусы. У мэтро павялічылі інтэрвал руху цягнікоў, але яно працягвае працу. Мэтро спыняюць толькі на час паветранай трывогі, тады яно выкарыстоўваецца як бамбасховішча.
Банкі скарацілі колькасьць дзейных філіялаў, але працягваюць абслугоўваць кліентаў. У больш складаных умовах працуе прамысловасьць. Перавагі маюць харчовыя прадпрыемствы, мэдычныя і сацыяльныя ўстановы. Разам з тым усё больш дзяржаўных службоўцаў пераводзяць на дыстанцыйную працу. Такія ж рэкамэндацыі разаслалі на ўсе прадпрыемствы дзяржаўнай і камунальнай уласнасьці.
На вуліцах адключаныя ўсе рэклямы і нават дарожнае асьвятленьне. Не на ўсіх вуліцах працуюць сьвятлафоры. Пешаходы і кіроўцы цяпер вымушаны быць яшчэ больш уважлівымі да бясьпекі руху. Увечары аўтамабілі езьдзяць з найменшай хуткасьцю, але аварыяў, асабліва з гібельлю пешаходаў, у Кіеве пабольшала на 25%.
На выпадак поўнага блэкаўту не выключаюць эвакуацыі
Адразу пасьля атакі на энэргетычныя аб’екты ў Кіеве і Кіеўскай вобласьці ўлады заявілі, што горад і рэгіён могуць застацца без электрычнасьці ня менш як на два тыдні. Пэрыядычна зьяўляецца інфармацыя пра неабходнасьць эвакуаваць насельніцтва. Але прадстаўнікі ўлады потым усё гэта зьняпраўджваюць, хоць, магчыма, пляны дзеяньняў разглядаюцца з улікам найгоршых магчымых сцэнароў.
«Камунальнікі і энэргетыкі апэратыўна ліквідуюць пашкоджаньні сетак, робяць усё, каб жыхары мелі крытычна важныя паслугі. Але мы мусім быць падрыхтаваныя да розных варыянтаў разьвіцьця падзеяў, хоць і разьлічваем, што найгоршага не адбудзецца. Таму сёньня нагоды для панікі няма. Кіеў жыве і працуе. Вытрымка і воля кожнага з нас — гэта тое, што ворагу не ўдалося зьнішчыць і ня ўдасца! Эканомім электраэнэргію, дапамагаем адзін аднаму. Разам мы выстаім і пераможам», — заклікаў мэр Кіева Віталь Клічко.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.