Украінская выведка: ПВК «Вагнэр» рэкрутуе зьняволеных зь ВІЧ і гепатытам

Сымбалічныя кардонныя труны каля амбасады Расеі ва Ўкраіне з надпісамі «Груз 200 ПВК  „Вагнэр“» падчас мітынгу супраць расейскай агрэсіі на Данбасе. Кіеў, 2 чэрвеня 2018
Сымбалічныя кардонныя труны каля амбасады Расеі ва Ўкраіне з надпісамі «Груз 200 ПВК „Вагнэр“» падчас мітынгу супраць расейскай агрэсіі на Данбасе. Кіеў, 2 чэрвеня 2018

Расейская ПВК «Вагнэр» рэкрутуе зьняволеных, хворых на цяжкія інфэкцыйныя хваробы (у тым ліку ВІЧ і гепатыт C).

Пра гэта паведамляе Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

«Зьява ўжо набыла масавы характар. Так, толькі з адной папраўчай калёніі №5 у пасёлку Мэталабуд Ленінградзкай вобласьці ў ПВК „Вагнэр“ было „мабілізавана“ больш за сотню зьняволеных з пацьверджаным ВІЧ або гепатытам С.

Для „маркіроўкі“ інфікаваных баевікоў камандаваньне вагнэраўцаў прымушае іх надзяваць на руку чырвоныя бранзалеты пры наяўнасьці ВІЧ і белыя — у выпадку гепатыту», — адзначаюць ва ўкраінскім ведамстве.

Акрамя таго, паводле выведкі, ва Ўкраіне ўжо знайшлі палонных баевікоў зь ВІЧ і гепатытам.

У выведцы таксама дадаюць, што расейскія медыкі «сыстэмна адмаўляюцца» аказваць дапамогу параненым зь цяжкімі інфэкцыйнымі захворваньнямі.

Рэдакцыя Радыё Свабода ня можа апэратыўна праверыць гэтую інфармацыю з незалежных крыніц.

18 кастрычніка Генштаб УСУ заявіў, што, па ягоных дадзеных, «ПВК „Вагнер“» напалову складаецца са зьняволеных. У той жа дзень у Службе бясьпекі Ўкраіны дадалі, што войска РФ выкарыстоўвае мабілізаваных зьняволеных для выведкі ўкраінскіх пазыцый на перадавой.

У верасьні расейскі бізнэсовец Яўгеній Прыгожын упершыню публічна прызнаў сваю сувязь з так званай прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр», кампаніяй наймітаў, якія ўдзельнічаюць у войнах ва Ўкраіне, Сырыі і шэрагу канфліктаў у Афрыцы, у прыватнасьці ў вайне ў Лібіі. Раней шэраг журналісцкіх расьсьледаваньняў зьвязваў бізнэсоўца з гэтай групай, аднак ён гэта адмаўляў.

19 кастрычніка Прыгожын заявіў, што яго каманда інжынэраў будуе вялікую ўмацаваную лінію абароны (лінію Вагнэра) у акупаванай Расеяй Луганскай вобласьці.

У брытанскай выведцы лічаць, што такім чынам Расея рыхтуецца да абароны глыбока ад цяперашняй лініі фронту, каб, імаверна, стрымліваць хуткі контранаступ УСУ.

​
XS
SM
MD
LG