Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэрыторыя будзе ператвораная ў пясчанае балота». Ці рэальнае затапленьне Херсонскай вобласьці


Кахоўская ГЭС
Кахоўская ГЭС

Экспэрты разыходзяцца ў думках пра наступствы магчымага разбурэньня дамбы Кахоўскай ГЭС. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што расейскае войска замінавала дамбу.

У выпадку яе падрыву ў зоне хуткага затапленьня апынуцца больш як 80 населеных пунктаў, у тым ліку Херсон, адзначыў ён.

Акупацыйныя ўлады Херсонскай вобласьці, наадварот, абвінавачваюць у плянах разбурыць дамбу ўкраінскую армію. Крамлёўскія прапагандысты палохаюць патопам цывільнае насельніцтва правага берага, матывуючы людзей перасяляцца на левы бераг, у Крым і Расею. Пры гэтым паказваюць мапу, на якой затапленьне пагражае менавіта леваму берагу.

Пра магчымыя наступствы разбурэньня дамбы «Настоящему времени» расказаў экспэрт Прычарнаморскага цэнтру палітычных і сацыяльных дасьледаваньняў Уладзімір Малчанаў.

Кахоўская ГЭС, здымак са спадарожніка Maxar 26 лютага 2022
Кахоўская ГЭС, здымак са спадарожніка Maxar 26 лютага 2022

— Чытаў вашы камэнтары пра магчымы падрыў Кахоўскай ГЭС. Лічыце, гэта расейцам будзе нявыгадна?

— Што тычыцца асноўнай дамбы даўжынёй 400 мэтраў, паміж машыннай заляй ГЭС і правым берагам, то яе падрыў сродкамі, якія ёсьць ва Ўзброеных сілаў Украіны, проста немагчымы. Для гэтага трэба ядзерная зброя, мусіць. Альбо замінаваць яе магутнымі падрыўнымі зарадамі — што Расея зрабіла, мяркуючы па ўсім, яшчэ ў красавіку.

— УСУ білі па Антонаўскім мосьце на працягу некалькіх месяцаў. І мост да гэтага часу стаіць. Плаціна Кахоўскай ГЭС — больш трывалае збудаваньне?

— Зразумела. Удалося заваліць мост над 20-мэтровым шлюзавым каналам дамбы Кахоўскай ГЭС. І вось якраз расейцы на месцы гэтага заваленага ўчастка моста пабудавалі насып з друзу і езьдзяць па ім. Ён ніжэй за ўзровень вадасховішча на чатыры мэтры, таму яго цалкам можна будзе размыць з дапамогай удару па мэталічнай шлюзавай браме, што не прывядзе да катастрафічных наступстваў ні для экалёгіі, ні для грамадзян.

Для вытоку вады праз шлюзавы канал з падзеньнем узроўню вадасховішча на мэтар неабходна прыкладна 10 дзён. Гэта значыць, вышыня ўзроўню вады да вусьця Дняпра вырасьце прыкладна на мэтар. І гэта ніякім чынам не прывядзе да паводкі, але прывядзе да падтапленьня расейскіх перапраў, ну і лецішчаў мясцовых жыхароў на беразе ракі. Але я думаю, што праблема лецішчаў — не такая істотная, большасьць зь іх цяпер занятыя якраз расейскімі акупантамі.

— Вы кажаце аб падрыве шлюза. Цяпер давайце абмяркуем, плаціну Кахоўскай ГЭС могуць падарваць?

— Участак з цэнтрам у вёсцы Радэнск — гэта пясчаныя барханы, якія былі намытыя Дняпром восем тысяч гадоў таму, калі растаў вялікі эўрапейскі ледавік. Там ёсьць невялікія азёры, вакол рэліктавыя лясы. Уся гэтая тэрыторыя будзе ператвораная ў пясчанае балота. Таксама і далей: уніз ад Голай Прыстані да самага сяла Гладкоўка.

Усё гэта сьведчыць пра тое, што зараз акупантам абсалютна нявыгадна падрываць дамбу. Асноўныя іх пазыцыі разьмешчаныя якраз у месцах, якія затапляюцца. Уся іх тэхніка, якая цяпер абстрэльвае Мікалаеў і нават Ачакаў з Кінбурнскай касы, будзе або затопленая, або засмактаная забалочанымі пяскамі.

— Гэта значыць, калі падарваць гэтую дамбу, больш за ўсё затопіць левы бераг, куды эвакуююць людзей з правабярэжжа?

— Так, на правым беразе пацярпяць літаральна паўтара раёна ў Херсоне: Карабел і прыватны сэктар на Карантыннай высьпе, некаторыя месцы ў Балках і пасёлку Кіндыйка. У астатнім Херсону нічога не пагражае. Нават калі Расея замінавала грэблю настолькі капітальна, што яна зьнікне.

— Абмеркавалі, што ўкраінскім вайскоўцам падарваць дамбу складана. Расейскім вайскоўцам, калі яны замінуюць, таксама?

— У 1941 годзе савецкія войскі зьнішчылі частку Днепрагэсу, які ў два разы вышэйшы быў, і арганізавалі такую ўдарную хвалю. У выніку большая частка загінулых былі менавіта чырвонаармейцы і эвакуаваныя на левы бераг жыхары. І гэта прывяло да таго, што немцам было потым прасьцей прарвацца.

Што да магчымага падрыву, то тут маса праблем для Расеі. Абмяленьне Кахоўскага вадасховішча прывядзе да страты вады для Крыму. Дастаткова, каб узровень вады ў Кахоўскім вадасховішчы ўпаў на чатыры мэтры, каб у Паўночна-Крымскі канал цалкам перастала паступаць вада.

Акрамя таго, расейцы пасьпелі захапіць атамную і цеплавую станцыі ў Энэргадары. У выпадку абмяленьня вадасховішча ваду перастане атрымліваць басэйн-ахаладжальнік атамнай станцыі. Далейшы запуск АЭС стане немагчымым. Гэта нявыгадны для Расеі варыянт, бо яна ніяк не прадугледжвае вяртаньня Ўкраіне кантролю над Запароскай АЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG